Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слова “крушня” вельмі любяць нашыя літаратары, асабліва паэты. Крушня — сымбаль беларускіх палеткаў, зь якіх колькі не зьбірай каменьне, наступнай вясной зь зямлі абавязкова пакажацца новае. Карацей, гэта —сымбаль неўрадлівасьці і марнасьці амаль сызыфавай працы селяніна. І вось навіна — на адным гарадзенскім заводзе сканструявалі вельмі беларускую машыну, каб зьбірала каменьне з палеткаў. Няўжо адвечнай сызыфавай працы — канец?


Раней мы нейкім чынам стваралі сабе вядомасьць лідзкімі бульбазборачнымі камбайнамі, хаця нават беларускія гаспадаркі імкнуліся лепей набыць ГДР-скія. Цяпер можам нагадаць пра сябе зборшчыкамі каменьня. Што праўда, машына пакуль у адзіным экзэмпляры і замова на яе таксама толькі адна — з прыгараднага гарадзенскага калгасу. Чаму ж тады яе зрабілі? Ні для каго не сакрэт, што ў машынабудаўніцтве вялікія праблемы і няпоўны працоўны тыдзень. У Горадні некалькі такіх заводаў. Вядома, трэба шукаць незанятыя нішы, прыдумваць новыя мэханізмы і, скажам, ствараць нават попыт. На заводзе “Белкард”, відавочна, гэтым якраз займаюцца, бо ня проста ж яны хочуць выпускаць новую машыну толькі таму, што большасьць дэталяў могуць зрабіць сваімі рукамі. У прыватным будаўніцтве расьце сёньня попыт на каменьне, залунала ў паветры нават ідэя зьбіраць і прадаваць яго за мяжу. Гэта будзе бадай менш стратна для беларускай прыроды, чымсьці летняя ліхаманка са зборам сьлімакоў і грыбоў-лісічак.

Аднак: ці не пазбавіць новая машына заробка нашых беспрацоўных? Усім вядома: зьбіраць камяні — самы распаўсюджаны занятак для тых, хто стаіць на ўліку ў службе занятасьці. Нават калі іх вывозяць за горад проста на сельскагаспадарчыя работы, па звычцы нярэдка гавораць — камяні зьбіраць. Сёлета ўпершыню гэта стала часовым заробкам і для працаўнікоў гарадзенскіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў, дзе няпоўны працоўны тыдзень. Той, хто жадаў — і працоўныя, і інжынэры рабіліся зборшчыкамі каменьня. Калі новую машыну паставяць на “Белкардзе” на канвэер, пазбавяць тым самым некаторых гараджан гэтага заробка, але дадуць працу сваім рабочым. Што лепш? Міжволі ўзгадаеш, як савецкія газэты крытыкавалі некалі капіталістаў, якім увесь час карцела набыць новы варштат ці машыну, каб замяніць некалькіх працоўных, якія ў выніку апыналіся на вуліцы. Дайшла гэтая “мода” і да нас.

Ня трэба быць абавязкова паэтам, дастаткова быць проста беларусам, каб мець у душы нейкія пачуцьці да крушняў, да родных гоняў, нібы засеяных камянямі, пакрытых рудаватымі іх галовамі, як грыбамі. Шкада, вельмі шкада, што будавалі ў нас болей з дрэва, як з каменьня, адна з прычынаў, чаму мы бедныя на помнікі архітэктуры. Праўда, мой знаёмы гісторык гэты наш недахоп вырашыў афарбаваць станоўча, ён гаворыць звычайна: з дрэва будаваць было дорага ў Эўропе, гэта маглі дазволіць сабе толькі ў нас. Тым ня менш, калі згарэў гарадзенскі замак і Вялікі князь Вітаўт з жонкай выпадкова толькі ўратаваліся (іх разбудзіла ручная малпа), адбудаваць сваю рэзыдэнцыю ён вырашыў з каменю. Камень усё ж быў для продкаў беларусаў больш дарагі. Машыны, прыдуманай на “Белкардзе”, яшчэ блізка не існавала, і прафэсар Міхась Ткачоў калісьці любіў нагадаць: у Карпатах на стагодзьдзі замацавалася прыказка “каб табе вазіць камяні на Лідзкі замак”, бо — далёка і дарог не было толкам у чатырнаццатым стагодзьдзі.

Адзін з самых буйных беларускіх празаікаў Кузьма Чорны ў сваім рамане “Бацькаўшчына” некалі добра адлюстраваў мазольную працу селяніна Леапольда Гушкі на засьмечанай каменьнем зямлі, адкуль ён дзень пры дні вазіў яго на будаўніцтва шашы, але камянёў не рабілася менш, ён толькі даваў рады зьбіраць іх з паверхні. “Каменьня на полі ўжо не было зьверху, пісаў Чорны, адно траплялася яно ў зямлі, аб яго скрыгітаў плуг. Каменьня на Гушкавым узьлеску ляжалі цэлыя сьцірты, але шаша скончылася і больш не было куды вазіць яго…”

Сьвежая задума экспартаваць “прыроднае сьмецьце” палеткаў знайшла гарачы водгук на некаторых сайтах: хто падтрымлівае, а хто высьмейвае. Адно меркаваньне, як мне здалося, рашуча адрозьнівалася ад іншых: “для ўладаў гэта павінна стаць нацпраграмай — калі вывезуць усе камяні з краіны, тым самым пазбавяць пралетарыят зброі і змогуць спаць спакойна”.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG