Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Верніку ваенкамат не прапанаваў альтэрнатыўную службу


Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля працягвалася слуханьне крымінальнай справы ў дачыненьні да верніка пратэстанцкай царквы “Сьведкі Еговы” Дзьмітра Смыка. З падачы гарадзкога ваенкамату пракуратура абвінавачвае спадара Смыка ва ўхіленьні ад прызыву на вайсковую службу.

З ініцыятывы судзьдзі Рыгора Дзьмітрэнкі, які разглядае справу супраць верніка, у суд сёньня выклікалі ня толькі прадстаўніка ваенкамату Бурсевіча, але й гарадзкога ваенкама палкоўніка Вячаслава Цацарына.

І судзьдзя, і дзяржаўны абвінаваўца пракурор Ігар Купчын высьвятлялі ў вайскоўцаў, ці прапаноўвалася Дзьмітру Смыку альтэрнатыўная служба. Высьветлілася, што не. Як паведаміў ваенкам Цацарын, ва ўказе прэзыдэнта пра летні прызыў ва Ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь гаварылася толькі пра тэрміновую службу й службу ў рэзэрве. Пра альтэрнатыўную — нават ня згадвалася.

“Указ мае сілу закону. Ні мы, ні прызыўная камісія ня можам парушыць закон”, — заявіў палкоўнік Цацарын.

Абвінавачаны Дзьмітрый Смык запытаўся ў ваенкама: а як жа права на альтэрнатыўную службу, гарантаванае артыкулам 57 Канстытуцыі?

І пачуў адказ ваенкама: “Абарона Рэспублікі Беларусь — гэта сьвяшчэнны абавязак грамадзяніна”.

Ваенкам цытаваў першую частку артыкула Канстытуцыі, а прызыўнік пытаўся пра другую:

“Я не капрызны хлопчык, які прыйшоў і патрабуе ці дамагаецца нейкіх сваіх законаў.
Прызыўная камісія ня можа парушыць указ прэзыдэнта. Парушыць маё канстытуцыйнае права — гэта як бы калі ласка.
Мы жывём у Рэспубліцы Беларусь, і кожны павінен выканаць свой абавязак перад дзяржавай. Я разумею, што выкананьне абавязку перад дзяржавай не супярэчыць Бібліі. І я згодны гэта зрабіць! Пытаньне ў тым, якім чынам. Мне дзяржава прапануе два выбары — альтэрнатыўную службу з улікам рэлігійных перакананьняў альбо тэрміновую службу. Я заявіў, што выбіраю альтэрнатыўную. Прызыўная камісія пагаджалася, што ў заканадаўстве такая норма існуе, але яны ня могуць парушыць указ прэзыдэнта. Парушыць маё канстытуцыйнае права — гэта як бы калі ласка”.

Ваенкам Цацарын таксама патлумачыў суду, што ў Беларусі наагул няма альтэрнатыўнай службы. У свой час, калі ён быў камандзірам вайсковай часткі ў Слуцку, там была адкрыта праваслаўная каплічка, за што Цацарын атрымаў, як ён сам выказаўся, “падзяку ад патрыярха Філарэта”.

Дзьмітра ж, паводле слоў ваенкама, меліся накіраваць у транспартныя войскі ў Жлобін. Маўляў, там служыў адзін прызыўнік, які адмовіўся прыняць прысягу. Як апавёў Цацарын, прызыўнік гэты нават аўтамата ў рукі ня браў і ў нарады хадзіў без штык-нажа, а цяпер дэмабілізаваўся й вучыцца за мяжой.

Ваенны камісар меў на ўвазе двойчы адлічанага з унівэрсытэту студэнта-выдатніка Зьмітра Жалезьнічэнку. Той, дарэчы, і аўтамат насіў, і штык-нож. А прысягу адмовіўся прымаць зусім не з рэлігійных перакананьняў, а на знак пратэсту супраць несправядлівага адлічэньня з унівэрсытэту й гвалтоўнага прызыву ў войска.

Выкладчык рэлігіязнаўства Гомельскага ўнівэрсытэту імя Скарыны, сябра БХК Віктар Адзіночанка, які назіраў за працэсам, апавёў, што першыя ў незалежнай Беларусі суды над сьведкамі Еговы прайшлі ў яшчэ 2000 годзе:



“Трэба сказаць шчыра, што сьведкі Еговы — яны ня служаць у войску. Яны не служылі ў войску й пры Савецкім Саюзе, калі за гэта былі вельмі жорсткія пакараньні. Яны адмаўляюцца служыць у войску й зараз. Першыя такія выпадкі былі ў 2000 годзе, якраз у Гомельскай вобласьці. Судзілі жыхара Рэчыцы Валянціна Гулая. Беларускі Хэльсынскі камітэт браў у гэтых справах свой удзел. Мы атрымалі рашэньне Канстытуцыйнага суду, што ў сытуацыі, калі няма закону аб альтэрнатыўнай воінскай службе, а ёсьць артыкул Канстытуцыі, дзе гаворыцца пра магчымасьць такой службы, то ў гэтым выпадку наўпрост дзейнічае Канстытуцыя”.

Прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту ў рэгіёне Алесь Яўсеенка зьвяртае ўвагу на тое, што прызыўным камісіям і ваенкаматам, відаць, лягчэй чалавека аддаць пад суд, чымсьці нешта зрабіць, каб існавала альтэрнатыўная служба:

“Прагучала думка з вуснаў гомельскага ваенкама Цацарына пра тое, што зараз яны ня лічаць мэтазгодным разглядаць пытаньне пра альтэрнатыўную службу — яно нібыта не актуальнае — і ставіць яго перад вышэйшымі інстанцыямі. А ў законе пра вайсковую службу — самі супрацоўнікі ваенкамату гэта падкрэсьлівалі — напісана, што прызыўная камісія мае права разглядаць пытаньне пра такую службу. У нас такая складаецца сытуацыя: што не дазволена, тое забаронена, а не наадварот, як ва ўсім сьвеце: што не забаронена, тое дазволена”.

Суд вырашыў зрабіць запыт у Міністэрства абароны пра наяўнасьць альтэрнатыўнай службы і атрымаць тлумачэньні ад кіраўніцтва рэспубліканскай арганізацыі “Сьведкі Еговы” пра стаўленьне да вайсковай службы.

29 кастрычніка суд над вернікам Дзьмітром Смыком будзе працягнуты.
XS
SM
MD
LG