Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прафсаюзны актывіст зноў прайграў суд


Мікалай Расюк

Мікалай Расюк

Магілёўскі абласны суд сёньня не задаволіў касацыйную скаргу актывіста Свабоднага прафсаюзу Беларускага, працаўніка акцыянэрнага таварыства “Лаўсанбуд” Мікалая Расюка.

Актывіст намагаўся адмяніць пастанову Кастрычніцкага суду Магілёва.Нагодай для судовай спрэчкі стаўся працоўны кантракт Расюка з адміністрацыяй “Лаўсанбуду”.

“Мы спасылаліся на, тое, што кантракт з Расюком заключаны на крайне нявыгадных для яго ўмовах пад уплывам падману й пагроз. З чатырнаццаці электрыкаў толькі з трыма заключаныя гадавыя кантракты. Акрамя Расюка, яшчэ з двума пэнсіянэрамі. Хаця ў Расюка найвышэйшая кваліфікацыя — шосты разрад. Астатнія працаўнікі маюць трохгадовыя кантракты. Кантракт зь ім заключылі сёлета ў сакавіку, і з-за ягонай грамадзкай пазыцыі могуць не перазаключыць”, — зазначае прадстаўнік інтарэсаў Расюка на судзе Сяргей Фамін.

Адміністрацыя прадпрыемства адмаўляе ціск на працаўніка й заяўляе, што заключэньне гадавога кантракту выклікана спэцыфікай працы.



У траўні Кастрычніцкі суд Магілёва не задаволіў прэтэнзіі Мікалая Расюка адносна пераводу яго з аб’екту ў Магілёве ў вёску Дужаўку Чавускага раёну на будоўлю жывёлагадоўчай фэрмы. Касацыйныя скаргі на пастанову Кастрычніцкага суду не былі задаволеныя ў судах вышэйшай інстанцыі.

Перавод на працу ў сельскую мясцовасьць і заключэньне нявыгаднага для сябе кантракту Мікалай Расюк зьвязвае зь леташняй лістападаўскай акцыяй пратэсту працаўнікоў будаўнічай управы № 129 “Лаўсанбуду”. 28 лістапада ён стаў ініцыятарам гадзіннага страйку з прычыны затрымкі заробку. Праз два дні пасьля забастоўкі, першага сьнежня, Расюка азнаёмілі з загадам аб пераводзе на іншы аб’ект.

Мікалай Расюк балятаваўся ў мясцовыя саветы й Палату прадстаўнікоў. У сваіх праграмах ён крытыкаваў кіраўніцтва будаўнічых арганізацыяў за ўшчамленьне інтарэсаў найманых працаўнікоў.

Бараніць свае інтарэсы Расюк працягне ў іншых судах.
XS
SM
MD
LG