Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Злучаныя Штаты пачынаюць чарговы раўнд перамоваў аб скарачэньні ядзернага арсэналу. Тэрмін дзеяньня актуальнага пагадненьня, падпісанага ў 1991 годзе і вядомага пад кароткай назвай СТАРТ (START – Strategic Arms Reduction Treaty), завяршаецца 5-га сьнежня.

Чакаецца, што новая дамова будзе адрозьнівацца ад цяперашняй больш радыкальным скарачэньнем ядзернага арсэналу. На сёньняшні дзень пасьля зьдзяйсьненьня скарачэньняў у рамках дамовы СТАРТ, бакі супольна маюць каля сямі тысяч баегаловак, разьмешчаных на ваенных аб'ектах. У рамках новага пагадненьня цягам сямі год гэтая лічба павінна скараціцца амаль ўтрая – да 2 500.

Супярэчнасьці выклікае ўзгадненьне тэхнічнага рэглямэнту раззбраеньня. Расея, якая мае больш баегаловак, выступае за тое, каб у першую чаргу скарачалася колькасьць ракет. Вашынгтон робіць акцэнт на дэмантаж менавіта баегаловак.

Узнавіць дамову з Расеяй аб скарачэньні колькасьці балістычных ракет да канца яе дзеяньня было перадвыбарным абяцаньнем прэзыдэнта ЗША Барака Абамы. Але Масква ўвязвала гэтыя перамовы са скасаваньнем плянаў пабудовы амэрыканскіх комплексаў супрацьракетнай абароны ў Польшчы ды Чэхіі. Сёлета ў сакавіку прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў, наадварот, абвясьціў аб плянах масавага пераўзбраеньня, уключна з ядзерным арсэналам.

Верагодна, што бакі ўсё ж укладуцца да 5-га сьнежня, калі заканчваецца тэрмін дзейнага пагадненьня. Перамоўны працэс значна актывізаваўся пасьля так званага “перазапуску” стасункаў паміж краінамі. 6-га ліпеня на расейска-амэрыканскай прэзыдэнцкай сустрэчы ў Маскве расейскі бок пагадзіўся на істотныя скарачэньні ядзернага арсэналу і дазволіў авіяцыі НАТО выкарыстоўваць расейскую паветраную прастору для перавозу вайсковых грузаў у Аўганістан. Прэзыдэнты тады падпісалі мэмарандум аб паразуменьні ў справе ўзнаўленьня дамовы.

Адносіны яшчэ больш пацяплелі пасьля рашэньня Белага дому скасаваць праект супрацьракетнай абароны НАТО ў цэнтральнай Эўропе. Расея нядаўна падтрымала пазыцыю Вашынгтона ў іранскім пытаньні.

Дзьмітры Мядзьведзеў, у сваю чаргу, паўтарыў дэклярацыю Барака Абамы аб намеры ў рэшце цалкам пазбавіць сьвет ад ядзернай зброі.

Ідэю аб двухбаковым пагадненьні ў справе абмежаваньня ядзернага арсэналу выказаў яшчэ ў 1982-м годзе прэзыдэнт ЗША Рональд Рэйган. Савецкі Саюз тады палічыў умовы Захаду непрымальнымі, і Вашынгтон з Масквой уцягнуліся ў гонку ўзбараеньняў. Гонка закончылася ў чэрвені 1991-га года фактычнай капітуляцыяй СССР, калі кіраўнік Саюза Міхаіл Гарбачоў падпісаў пагадненьне аб захаваньні ядзернага статусу-кво.

Праз пяць месяцаў Савецкі саюз перастаў існаваць але пост-савецкія ядзерныя рэспублікі (Расея, Беларусь, Украіна і Казахстан) узялі на сябе абавязацельствы датрымлівацца дамовы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG