Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадановіч: наша сучасная літаратура – бяззубая


Андрэй Хадановіч.

Андрэй Хадановіч.

Сёньня ў аўстрыйскім Лінцы пачынаецца 75-ты кангрэс Міжнароднага ПЭН-клюбу. У ім возьме ўдзел і старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Беларускі ПЭН-цэнтар – грамадзкая арганізацыя, створаная дзеля абароны творчых правоў пісьменьнікаў і журналістаў. Яна аб’ядноўвае больш за сто сяброў. Гэта значна меней, чым саюзы пісьменьнікаў у Беларусі. Апошнім часам сябрамі ПЭН-цэнтру сталі таксама незалежныя кнігавыдаўцы Зьміцер Колас і Ігар Логвінаў. Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч спадзяецца на абнаўленьне кантактаў з Міжнародным ПЭН-клюбам.

“Я займаюся разам з калегамі тым, каб сучасная беларуская літаратура мацней інтэгравалася ў эўрапейскі, усясьветны кантэкст. Мы завязваем кантакты з перакладчыкамі, якія перакладалі зь беларускай мовы і друкавалі беларускую літаратуру ў сваіх краінах. Зь іншага боку, мы завязваем кантакты з аўтарамі, якіх перакладаем на беларускую. Адна з мэтаў ПЭН-цэнтру -- удзел у арганізацыі фэстываляў. Напрыклад, не далей як праз тыдзень, адзін такі фэстываль адбудзецца – “Вялікае княства паэзіі”. Прыедуць аўтары з чатырох краінаў, спадчыніц Вялікага княства і Рэчы Паспалітай – Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі”.

Разважаючы аб праблеме свабоды творчасьці ў Беларусі, Андрэй Хадановіч адзначае, што ў 90% калегаў рознага ўзросту ён бачыць унутранага цэнзара.

“Наперад вядомыя імёны, якія яны абмінаюць. Тэмы, якія яны асьцярожна не закранаюць. У выніку наша сучасная літаратура выглядае на дзіва бяззубай. Мусоляць і мусіруюць так абмежаваную колькасьць тэмаў, размаўляюць пра бяскрыўдныя сінія нябёсы. Мне здаецца, што сёньня літаратар мог бы наважвацца на большае. Галоўная бяда, калі літаратар пагаджаецца на зьмены, на кастрацыю свайго тэксту дзеля таго, каб быць надрукаваным”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG