Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ільля Копыл. 75 гадоў, маёр у адстаўцы. Даслаў на адрас Свабоды больш за сотню лістоў, выдаў кнігу пра сваё ваеннае дзяцінства.


Што для вас свабода?

Свабода для мяне, гэта калі ніхто і нішто не абмяжоўвае мае правы, вызначаныя мне Канстытуцыяй і законамі, якія у сваю чаргу адпавядаюць "Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека", прынятай Генэральнай Асамблеяй ААН 10 сьнежня 1948 г.

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Недахоп сродкаў, каб у поўнай меры карыстацца свабодай.

Што для вас шчасьце?

Гэта калі ўсё добра ў сем’ях тваіх дзяцей, сваякоў, у людзей, якія цябе акружаюць.А так можа быць, калі усё добра ў тваёй краіне.

Чаго вы найбольш баіцеся?

Апынуцца на шпітальным ложку. Гэта страта свабоды.

Які талент вы хацелі б мець?

Адзін мой знаёмы мне сказаў: табе трэба было быць журналістам ці літаратарам. Але я стаў тым, кім стаў. Так распарадзіўся лёс. Трэба адзначыць, што больш за 50 разоў я друкаваўся у СМІ, больш за 100 лістоў адаслаў на Радыё Свабода, выдаў адну кніжку. Так што хоць і на аматарскім узроўні – але ўсё збылося.

Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Ёсьць шмат сучасьнікаў, якімі варта захапляцца. Гэта ў першую чаргу Васіль Быкаў, якога ўжо няма сярод нас, але ён мой сучасьнік. Шмат ёсьць пісьменьнікаў, гісторыкаў, навукоўцаў, палітыкаў, зь якімі я сустракаўся і не сустракаўся – проста ведаю пра іх. Але хачу назваць адно прозьвішча – гэта Фэлікс Шкірманкоў.

Што вы найбольш любіце рабіць?

Люблю чытаць, асабліва гістарычныя творы, дасьледаваньні пра нашу краіну, пра Другую ўсясьветную вайну. Не прапускаю мерапрыемствы на гэтую тэму. Калі дазваляюць сродкі, набываю адпаведныя кнігі.

Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Амаль нічога. Усё пражытае і перажытае вельмі дорага. Што б я зьмяніў? Больш увагі удзяліў бы жонцы і дзецям.

Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Не задавай лішніх і бязглуздых пытаньняў, не кажы нічога лішняга. Так мне раіў к-р в\ч, у якой я служыў, палкоўнік Лукін. Але не заўсёды гэта ўдавалася.

Які ваш улюбёны дэвіз?

У мяне два дэвізы. Першы: сьпяшайся павольна. Другі: ня вер, ня бойся, не прасі. Такі ж дэвіз у Франака Вячоркі.Жадаю яму хутчэй вярнуцца дадому.

У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У дэмакратычнай сыстэме, якая ўсталявана ў цывілізаваным сьвеце.

У якой краіне вы хацелі б жыць?

У Беларусі, але хацеў бы памяняць назву краіны, напрыклад, на ВКЛ, на Літвандзію ці Літванд. Пакуль мы будзем трымацца за назву Беларусь, датуль у нашай усходняй суседкі Расеі будзе існаваць імпэрскае жаданьне нас праглынуць. Існуюць два Конга, дзьве Гвінеі, дзьве Карэі. Ёсьць сучасныя прыклады зьмены назвы: Бірма на М’янма.Чаму не змаглі б існаваць Літвандзія і Летува?

У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У тую, якая мне дасталася, у якую нарадзілі мяне мае бацькі, у якой я рос, вучыўся, працаваў і састарыўся.

Калі б вы сталі кіраўнікoм Беларусі, што б зрабілі найперш?

У “Народнай Волі” за 9-11 чэрвеня 2009г. зьмешчаны мой артыкул:"Гатовы быць чысьцільшчыкам." Гэта якраз з рубрыкі: "Калі б я быў Прэзыдэнтам..." Там галоўныя моманты маёй праграмы. Што б я зрабіў найперш? Хоць гэта і не папулярна, але выдаў бы Ўказ аб адмене вынікaў травеньскага рэфэрэндуму 1995 году. Аддаў бы загад вывесіць над маёй Рэзыдэнцыяй Бела-Чырвона-Белы Сьцяг. Сымболіку майго папярэднікa зьняў бы прылюдна і з ганаровай вартай адправіў бы ў музэй. 15 гадоу – гэта значны адрэзак гісторыі, трэба ўлічваць.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Узаемавыгадныя эканамічныя, гандлёвыя, добрасуседзкія з паступовым уваходам у Эўразьвяз.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Узаемавыгадныя эканамічныя, гандлёвыя, добрасуседзкія. Трэба раз і назаўсёды спыніць размову пра Саюзную дзяржаву.

Некаторыя думаюць:"Хай дыктатура, абы свая". А вы?

Гэта памылковая і небясьпечная думка. Дыктатура – гэта калі да ўлады прыходзяць ня вельмі адукаваныя палітычна, юрыдычна, эканамічна людзі, якія проста прагнуць улады. Самы лепшы мэтад кіраваньня – дэмакратыя. Па-мойму, так сказаў Чэрчыль.

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Цяжкае пытаньне. Такое ж становішча амаль ва ўсіх краінах СНД. Кіраўнік дзяржавы ўжо адказваў на гэтае пытаньне. Хацелася б, каб ён памыліўся. Хацелася б, каб улада зьмянілася дэмакратычным шляхам, каб не паўтараліcя 1996 і 2004 гады.

Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Хто не цураецца роднай мовы, той размаўляў, размаўляе і будзе размаўляць на роднай мове.

Што, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Будзе тэрыторыя, на якой пражывае тутэйшае насельніцтва, якое размаўляе на трох мовах: расейскай, беларускай, трасянцы. Па праўдзе, усе тры такія мовы – трасянка. Нягледзячы на гэта, будзе існаваць і дзяржава, і краіна БЕЛАРУСЬ. Можна дапусьціць, што расейская мова – гэта дыялект беларускай, з прымесьсю фінскай і цюрскай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG