Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парадокс пэнсіянэраў: па адзіночцы – трыбуны, у натоўпе – нямыя


Ільля Копыл

Ільля Копыл

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – Ільля Копыл зь Менску. Яму 75 гадоў, прафэсійны вайсковец, служыў у Ракетных войсках стратэгічнага назначэньня. Напісаў больш за паўсотню лістоў на Радыё Свабода. Выдаў кніжку пра жыцьцё сваёй вёскі пад гітлераўскай акупацыяй.


Копыл: Я нарадзіўся на Ільлін дзень – другога жніўня, то бок сам сабе выбраў імя, цяпер ідзе 76-ы год...

Карэспандэнт:
А выпадкова не ў мястэчку Ільля пад Менскам?

Копыл:
Не, мая вёска паміж Докшыцамі і Бягомлем. Прафэсійны ваенны па адукацыі.

Карэспандэнт:
Паспрабую ўгадаць: вы – палкоўнік запасу?

Копыл:
Не – усяго толькі маёр!

Карэспандэнт:
А што перашкодзіла? Не зь ідэалёгіяй гэта выпадкова зьвязана?

Копыл:
У тым ліку... Напрыклад, усю вайну прабыў пад акупацыяй... А служыў ня дзе-небудзь, а ў сьвятая сьвятых – ракетных войсках стратэгічнага назначэньня.

Карэспандэнт:
Тут, у шахтах, у нашых лясах?

Копыл:
Не – вельмі далёка ад Беларусі – у Кіраўскай вобласьці.

Карэспандэнт:
А як у адстаўку, то сюды перабраліся?

Копыл:
Прыехаў на Радзіму ў сьнежні 1981 году.

Карэспандэнт: Сям’я вялікая ў вас?

Копыл: Два сыны – яны асобна ад мяне, а жонка памерла...

Карэспандэнт: Як цяпер жывецца адзінокаму беларускаму пэнсіянэру? Дарэчы, у вас пэнсія вайскоўца?

Копыл: Так, таму мне крыху лягчэй.

Карэспандэнт:
І колькі атрымліваеце, як не ваенная тайна?

Копыл: 850 тысяч.

Карэспандэнт: Многія кажуць: ну – гэта ледзьве не мільянэр!

Я фактычна як у турме быў – жыцьцё за калючым дротам пад электранапругай, у глухім лесе...
Копыл:
У мяне знаёмы маёр-міліцыянт, дык у яго – адзін мільён 600 тысяч. Удвая больш! Чамусьці вось людзі заўважаюць ваенных, а ў іншых сілавікоў нібыта так і мусіць быць...

Карэспандэнт: Дыскусійнае пытаньне: а вось цяпер беларускія вайскоўцы, беларускія міліцыянты, беларускія чэкісты – ці вартая іхняя служба таго, каб ім плацілі такую падвышаную ў параўнаньні з асноўнай масай пэнсію?

Копыл:
Многа тут розных акалічнасьцяў... Усё ж армія ня цукар. Я фактычна як у турме быў – жыцьцё за калючым дротам пад электранапругай, у глухім лесе... Так што пытаньне вельмі складанае!

Карэспандэнт:
То бок у вас спрацоўвае ў пэўным сэнсе прафэсійная салідарнасьць?

Копыл:
Ну, магчыма і так...

Толькі заікнесься наконт правоў, чуюць: ня хочаш – можаш звальняцца.
Карэспандэнт:
А ўзяць людзей з найбольш пашыраным памерам пэнсій – ад 260 да 450 тысяч: як яны выжываюць, выплываюць, выкараскваюцца?

Копыл:
Шмат хто падпрацоўвае. У асноўным вартаўнікамі. Я б асабіста ня змог – вельмі цяжкая праца. Знаёмцы скардзяцца, што стаўленьне да іх з боку адміністрацыі далёка не заўсёды на належным узроўні. Патрабуецца, скажам, каб працавалі 3, а то і 4 зьмены вартаўнікоў, а фактычна дзяжураць удвох. Толькі заікнесься наконт правоў, чуюць: ня хочаш – можаш звальняцца. Чарга вунь...

Карэспандэнт: Вам даводзіцца час ад часу зьвяртацца па мэдычную дапамогу?

Копыл:
Бывае... Ды ў мяне ўсё збольшага ладна, бо прымацаваны да вайсковага шпіталю, а вось суседзі і сваякі, якія ў звычайных паліклініках, там ужо ўсё наадварот – мала парадку, не хапае талёнаў, вялізныя – не дастаяцца да спэцыялістаў – чэргі... А гэта ж усё людзі немаладыя, без здароўя... І мэдыкамэнты зь цяжкасьцю купіш, як грошай не хапае.

Калі размаўляеш з чалавекам сам-насам, чуеш ад яго адно, а натоўп – супрацьлеглае.
Карэспандэнт:
Тады патлумачце парадокс: вашаму пакаленьню жывецца даволі складана, і адначасова ўсе кажуць, што пэнсіянэры – асноўная электаральная база рэжыму... Чаму?

Копыл:
Гэты стэрэатып склаўся неяк штучна. Скажам, я – ваенны пэнсіянэр, а рэжым ніколі не падтрымліваў! Разумееце, калі размаўляеш з чалавекам сам-насам, чуеш ад яго адно, абураецца, а натоўп – супрацьлеглае, іншы малюнак. Псыхалёгія... Магчыма, савецкі адгалосак.

Карэспандэнт: На бліжэйшых выбарах людзі так ужо дружна за адзінага кандыдата галасаваць ня будуць? Ці ўсё застанецца па-ранейшаму?

Копыл:
Усё застанецца па-ранейшаму, як бы людзі ні прагаласавалі!

Карэспандэнт: А я маю на ўвазе не папяровыя – “падсумаваныя”, а – рэальныя вынікі?

Копыл:
Каб людзі прагаласавалі за нейкую другую кандыдатуру, яе трэба паказваць у СМІ год-паўтара, і найперш па тэлевізары. А ў нас ўсё аднаго дэманструюць – вось народ і ня ведае, за каго больш галасаваць... Так і пытаюць: а за каго? А хто – калі ня ён? Тое, што апазыцыя шукае адзінага кандыдата сярод кіраўнікоў партый, гэта памылка. Патрэбен праект з чалавекам з боку, які задавальняў бы ўсе партыі і народ. А так на дэмлідэрах вельмі шмат... адмецін.

Карэспандэнт: А хто вам імпануе з дэмакратычных беларускіх палітыкаў?

Любы новы гіпатэтычны прэзыдэнт стане ўвасабленьнем пераходнага пэрыяду.
Копыл:
Самы раскручаны – Мілінкевіч: мае напрацоўкі за мяжой, ён мабільны, кантактны, сустракаўся з многімі кіраўнікамі эўрапейскіх краінаў... Так мяркую – адукаваны. На другое месца я бы паставіў Шушкевіча. Цьвердзяць там пра ягоны ўзрост, аднак жа многія кажуць “стары” нават пра Мілінкевічаа! Але ж у 1994-м выбралі маладога – і што атрымалі? Таму ўзрост ў такой справе – не галоўнае. Лябедзька? Ён вельмі лоўкі на вострае трапнае слова, цікава чытаць у той самай “Народнай волі”... Але тут яшчэ справа вось у чым: любы новы гіпатэтычны прэзыдэнт – хоць там Ганчарык, хоць Казулін, хоць Мілінкевіч – любы, стане ўвасабленьнем пераходнага пэрыяду. Яму наканаваная роля простага чысьцільшчыка. Бо дужа вялікія завалы трэба расчысьціць...

Карэспандэнт: Многія слухачы Свабоды ў сваіх званках кажуць, што ня варта столькі ўвагі, колькі аддае гэтаму нашае радыё, надаваць праблеме беларускай мовы. Вы згодныя?

Копыл: Мова – гэта нацыянальнасьць, гэта народ. І калі яе няма, то маеш справу з насельніцтвам, якое пражывае на пэўнай тэрыторыі.

Карэспандэнт: І напрыканцы: як я зразумеў, вы пачалі асвойваць кампутар у свой 75-гадовы юбілей, так?

Копыл:
Век жыві – век вучыся. Сваякі зрабілі такі агульны падарунак: сын, нявестка, сват... Паказалі, як уключаецца, а з астатнім, маўляў, сам разьбярэсься – з ракетамі ж разьбіраўся... Вось і навучыўся тую самую Свабоду чытаць у інтэрнэце, знайшоў сайт “Аднаклясьнікі”, цяпер штодня размаўляю са сваімі саслужыўцамі. А жывуць яны нават у Ізраілі!

Карэспандэнт: Шыкоўна, бо лічыцца, што тое – прэрагатыва толькі маладых!

Копыл: Няпраўда...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG