Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“З золатам у Лісунах, як з уладай: блішчыць, а прыгледзецца — пшык!”


У адну зь нядаўніх нядзеляў прыехаў на Аршаншчыну, у вёску Лісуны. Дасьледаваць, як у мінулым стагодзьдзі казалі, “адну зь велічэзных беларускіх сэнсацыяў”. А як сёньня сьцьвярджаюць — “афэру стагодзьдзя”. У гісторыі, аднак, не пастаўлена апошняя кропка, і сёлета яна займела нечаканы працяг — фармальна ўвайшла ў шэраг дзяржаўных таямніцаў. Пра гэта мне расказаў палітык, сябра праваабарончай арганізацыі “Наш дом” Мікалай Петрушэнка. Апошняя, дарэчы, узяла сытуацыю пад свой грамадзянскі кантроль.


Петрушэнка: “Год 10 таму дазнаюся — тут напалеонаўскія пляны па здабычы золата. Усе ведаюць, якое тут золата. Але ж Лукашэнка 3 месяцы таму выдаў загад, якім забараніў рассакрэчваць зьвесткі аб здабычы і наяўнасьці карысных выкапняў…”

Фармальна пад гэта падпадае і кар’ер ля Лісуноў. Спадары Петрушэнка і адзін зь лідэраў аршанскай апазыцыі Хведар Муханаў абяцалі ў вёсцы зьявіцца апоўдні. Я ж з самага раньня на перакладных дабраўся да места, што ў 40 км ад Воршы, і дзе пражывае 700 насельнікаў. Мяне сустрэў статак кароў, што проста па шашы шыбавалі на палеткі. Некалькі сотняў мэтраў крочу з пастухом — спадарыняй Алай Пятровай.


Пятрова: “70 кароў, а было 180 гадоў 10 таму. Сама беспрацоўная — заробкі ў паляводаў 200 тысяч. Свае 2 каровы. Лепей уласную гаспадарку трымаць — горад жа далёка…”

Паводле афіцыйнага друку, вёска ў наступным годзе мусіць атрымаць статус аграгарадка і, нібы, поўнай хадой рыхтуецца да падзеі. Таму накіраваўся напачатку да абсаджанай кветнікамі, двухпавярховай, з чырвонай цэглы, сядзібы. У ёй пражываюць былы дырэктар тутэйшага саўгаса “Ўдарнік”, цяпер пэнсіянэр, Уладзімір Мішульскі з жонкай, што цяпер выконвае абавязкі старшыні СВК. Мяне сустрэў гаспадар — усьмешлівы ад ранішняга сонейка ды працы на ўласным гародзе.

Мішульскі: “У фэрмэры не пайшоў — трэба афармляць больш за 3 га зямлі. На продаж ідзе дрэнна, раён сельскагаспадарчы — усе вырошчваюць цыбулю, бульбу, моркву. Дзьве каровы — малака ў гэтым годзе здалі 10 тон. Калі я быў дырэктарам, было 219 у гаспадарцы ў людзей, і я трымаў 3 каровы. Калі жывёла захворвае, трэба лекаваць і тыдзень малако ад яе не здаваць — масьціт бывае, сухоты, бурцылёз. А яны здадуць, і ўсё ідзе. Аграгарадок будуецца — прэзыдэнт грошай выдзеліў шмат…”

Карэспандэнт: “Шмат — гэта калі першым 70 гаспадаркам-аграгарадкам першы транш у 5 мільярдаў выдзелілі…”

Мішулькі: “Мэхдвор будуюць, кафэ, крамы рэканструююць, асфальт кладуць. У нас дарога зьвязвае Оршу з магістральлю Менск-Масква і на 40 км скарачае гэты шлях. Грузапаток вялікі. ў ідзе мая жонка!”

Раіса Рыгораўна забегла перакусіць — ад узыходу сонца ўжо на нагах. Між іншым, яе фота вісіць на Дошцы гонару як “лепшага эканаміста раёну”. Сходу ўключылася ў размову.

Мішульская: “На аграгарадок выдзелілі 300 мільёнаў на рэканструкцыю фэрмаў на 400 галоў. Заасфальтавалі ўсе сянажныя ямы. Народ працуе на малочна-таварнай фэрме і вытворчасьці зерня. Бульбы сеялі 280 гектараў — ішла на Мурманск, Маскву. А цяпер зерне здаць праблема — год такія дажджы ў нас ішлі! Сушыльная гаспадарка вельмі дрэнная — 23 гады як пабудавалі і ўсё. На зернекамбінаце на год яшчэ працы — ледзь-ледзь узялі наш дзяржзаказ…”

Карэспандэнт: “Куды ж дзяваць зерне?”

Мішульская: “Ляжыць у буртах, пералапачваем. За даўгі будзем аддаваць узімку аграсэрвісу і жылфонду. Домікі вельмі дарагія, набралі крэдытаў і толькі адсоткаў 5 мільёнаў банку плацім — сярэдні домік 170 мільёнаў…”

Мішульскі: “За такія грошы можна ў горадзе купіць кватэру! А паглядзіце — цана на тэхніку расьце, а на малако за тлустасьць паменшылася…”

Мішульская: “А на зерне цэны засталіся тыя ж, але ж у мінулым годзе агракомплексам было дадзена права падвышаць цану на 50 %, цяпер — не. А чалавек павінен жа за ўборку атрымаць мільён-два…”

Мішульскі: “У нас было 9 вёсак у саўгасе. Я ўсюды праклаў асфальт, пабудаваў крамы. Усе гэтыя вёскі паміраюць, па 3-4 двары і застануцца, толькі Лісуны. Моладзь туды жыць ня пойдзе. Я ж казаў — вось вам 4-5 коней, я плачу за ўтрыманьне, абы апрацоўвалі свой гарод. У Вярхоўі пры мне 49 кароў было — ніводнай. У Тумілічах 54 — 3 каровы засталося. Ужо ня хочуць трымаць. Што за 660 рублёў можна купіць — батон паўтары тысячы, літар саляркі 2 тысячы. А затраты куды дзенеш?!”

Тры гады таму на ўезьдзе ў вёску збудавалі чортаў тузін так званых прэзыдэнцкіх домікаў. Жыхары называюць іх “чортавымі” ў літаральным сэнсе, кажа цялятніца Ірына Шаўня. Я застаў яе ў двары з прыехаўшым зь Віцебску зяцем, будаўніком Аляксандрам Селязьнёвым. Той прыехаў не адпачываць — працаваць. Абодва тлумачаць:


Шаўня: “Мы клеілі, фарбавалі самі, столі рабілі. Хлеўчык маленькі — сьвіньня не павернецца! (сьмяецца ) Плот, прыбіральню, ванну, домік самі зрабілі — за што 170 мільёнаў, ня ведаю. У нас сьцены абабітыя ня гіпсакартонам, а картонкай. Са сьвечкай сядзелі — не падключана нічога не было…”

Аляксандар: “Ніякага рамонту тут не было зроблена. Тут павінен быць профіль, а яны на дрэва цьвічкамі прыбіваюць. Печка дыміць!”

Яшчэ адна жыхарка “прэзыдэнцкай” вуліцы, пэнсіянэрка і былая настаўніца, спадарыня Тацьцяна Французо разам з мужам здабылі свой дамок цярністымі шляхамі.


Французо: “Гэты дом у 2005 выдзелілі маладому хлопцу-аграному. Ён і жыў, і ня жыў. Ванна, ракавіна не былі замацаваныя. Мы сваю прыватызаваную двухпакаёвую кватэру падаравалі калгасу, і нам тады далі гэтае службовае жыльлё. Печку перарабілі, бо была разбураная. Кажу, балазе, што перафарбавалі і паклеілі — заплаціце хоць мільён за печку! Саўгас — заплацілі толькі 500 тысяч. А дом гарэў — будаўнікі замыканьне зрабілі. А як сабакі, куры будуць бегаць — плот не паставілі…”

Але найбольш трагічная сытуацыя тут у 35-гадовага трактарыста, спадара Скіндзерава. Уладзімір мае 6 дзяцей, жонку ў дэкрэце і ня бачыць магчымасьці зьвесьці канцы з канцамі.

Скіндзераў: “Дзіцячыя дапамогі, каб не збрахаць, атрымаў 2 месяцы таму — ня плацяць. Заробак у мяне па мільёне, а ўзімку 80 тысяч. У доміку голыя сьцены былі — усё так і засталося, ходзім па голых дошках. Дзяцей да школы апрануць не ўдалося. Дапамога калі будзе — невядома. Сумленьня ў сельсавета ніякага — “мы домікі не будавалі, што хочаце, тое рабіце…”

***

У часе абеду прыехалі абяцаныя спадары Мікалай Петрушэнка ды кіраўнік Аршанскай раённай суполкі БСДП (Г ) Фёдар Муханаў. Апошні, дарэчы, жыве побач зь Лісунамі. Заходзім на элеватар, дзе знаходзім толькі загадчыцу аддзела кадраў СВК Ірыну Паўлоўскую. Петрушэнка задае ёй з учэпістасьцю праваабаронцы пытаньні пра сямейства Скіндзеравых.

Паўлоўская: “За ліпень аддадуць на наступным тыдні. А ад мяне што?”

Петрушэнка: “А хто можа адказаць, як не начальнік аддзела кадраў?! Вы прымалі чалавека на працу, падпісвалі кантракт, плаціце не са сваёй — зь дзяржаўнай кішэні, з фонду сацыяльнай абароны насельніцтва?!”

Паўлоўская: “Як яны грошы нам пералічваюць, так мы і выплачваем…”

Размову слухаў, падышоўшы, пастух Васіль Шаўняк.

Шаўняк: “Пашам, як мурыны, з 6 раніцы да 9 вечара ўтрох — 250 кароў. Тысяч 700 выходзіць. І ноччу пасьвім. Заробак, канешне, г…ы…”

У адной з бакавых вулак заўважаем дзіўнае відовішча — вакол бочкі з вадой, прывезенай на трактары, сабраліся гаспадыні зь вёдрамі, тачкамі, бітонамі. Гавораць, быццам хорам.



Спадарыні: “Сьпірт раздаюць! ( сьмех ) Паліць гуркі і хоць бы пасьціраць. Вадаправод ёсьць, але прарвала вежу… А гэта яшчэ добра — не падвязуць, дык на сажалку, на іншую ўскраіну вёскі ісьці трэба з флягамі, каляскамі…”

Марчанка: “Вады няма — у нас даволі частая зьява. ў ў пятніцу адключылі і на ўсе выхадныя. У клюб ходзім дзяжурыць у якасьці міліцыянтаў — ну і што? П’юць болей — сярод настаўнікаў пакуль няма…” (сьмяецца)

Гэта падышла настаўніца гісторыі Галіна Марчанка — таксама жыве побач. Падзялілася інфармацыяй пра назву вёскі.

Марчанка: “Лічыцца, што вадзілася тут шмат лісаў, таму і Лісуны. Другога патлумачыць ніхто ня змог. Вёска да грамадзянскай вайны была ў іншым месцы…”

Але вось і галоўная мэта вандроўкі, што ў 3 км ад Лісуноў — гіганцкі, у дзесяткі гектараў, як афіцыйна завецца, вопытна-экспэрымэнтальны кар’ер пад патранажам Міністэрстваў геалёгіі ды фінансаў. Вось цытата дзесяцігадовай даўніны ад намесьніка дырэктара НДІ прадпрыемства “БелГЕА” Дзеравянкіна: “Калі да 92 года вывучалі глыбокія пласты, дык цяпер даказана, што… ў верхніх слаях даволі шырока распаўсюджана золата”. У адпаведнасьці з рашэньнем Саўміну тут быў створаны тэхналягічны цэнтар, выдзеленыя мільённыя сродкі.

Распавядае 40-гадовы Валеры Казлоўскі, які ў тыя часы ўладкаваўся электрыкам, а цяпер пасярод развалаў адмыслова створанай вузкакалейкі, прамывачных лініяў, нібы, “залатога” пяску, сядзіць у старожцы вартаўніка.

Казлоўскі: “Раней паўсотні працавала. Бабы пясок гналі — куплялі на дарогі па ўсёй Беларусі, у Расею вазілі. Разабралі. Золата знайшлі, але невыгодна здабываць — яно, як пыл у пяску. Працуюць яшчэ 7 чалавек — начальнік участка, 4 вартаўнікі, трактарыст. Тут жа рэйкі былі да самага Зьвянячага. Ды разам яшчэ выцягваем шпалы — 450 выходзіць. Начальнік зь Менску казаў вышку прыбраць. Застаюцца гаражы і кантора — у арэнду ніхто не бярэ. Кантракт да Новага года ў нас. А так — ня ўсё тое золата, што блішчыць…” (сьмех )


Зьяжджаем уніз кар’еру, дзе забілі крыніцы і ўтварылася штучная саджалка. Сьмяемся, хто першы палезе намываць “залацішка”. Кажа Мікалай Петрушэнка.


Петрушэнка: “У Магадане, Канадзе закупілі абсталяваньне. Зараз гэта зона адпачынку — качкі плаваюць. А далей звалка Аршанскага раёну. Тут пры Саўдэпіі чыгунка, крама, электрычнасьць была. Нічога няма ўжо. Так і з нашай дзяржавай — блішчыць, а паглядзець — ня золата, а пшык!”

Тут жа спадар Муханаў, дарэчы, кандыдат сельскагаспадарчых навук, камэнтуе сытуацыю з маючым быць зробленым аграгарадком:


Муханаў: “Аграгарадкі, казалі, прынясуць перамены ў жыцьцё сялян. Я іх ня бачу. Не перадаюцца ва ўласнасьць, што ў Лісунах і ўбачылі. Гэта прывязны рамень для вясковых, бо як пераходзяць на іншую працу, вымушаны будуць здаць жытло. 170 мільёнаў ім каб на рукі — церам-церамок бы збудавалі, што і ўнукам, і праўнукам хапіла! Я ведаю, адкуль лічбы бяруцца — гэта ўсякія каэфіцыенты, зімовыя накруткі. А існых затратаў ад сумы — 30 %. І бачым — 4 гады людзі жывуць, ані гароду, ані платоў, ані жыўнасьці не трымаюць. Не, каб народу даць пабудаваць хлевушок — не давалі! Бо як чалавек пачне будаваць сваю сямейную эканоміку — стане больш незалежным. А такія людзі не патрэбныя — павінны быць прывязаныя да волі брыгадзіра, дырэктара, старшыні…”

Карэспандэнт: “Лукашэнка запэўнівае, што мае трывалую гаспадарчую палітыку, трывалы заробак усе маюць…”

Муханаў: “Заробак у мэханізатараў узімку 150 тысяч, у “палявых” такі ўвесь год. У жывёлаводаў лічыцца добрым 600 тысяч — што ж гэта за “дабро”?! Цэны ж галапіруюць! Аграгарадок у Лісунах акурат сьведчыць аб правальнай палітыцы, абвешчанай прэзыдэнтам у сельскай галіне…”
XS
SM
MD
LG