Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перапісчыца: “Пасьведчаньне пераглядаюць па пяць разоў”


Студэнтка Кацярына з 72 кватэраў, замацаваных за ёй у мікрараёне “Гомсельмаш”, перапісала жыхароў 47-і:

“Некаторыя ахвотна пускаюць, запрашаюць нават за стол. Іншыя патрабуюць пасьведчаньне, пяць разоў пераглядаюць яго, круцяць чамаданчык у руках. Кажуць, што вельмі шмат махляроў. Некаторыя наогул праганяюць і пасылаюць вельмі далёка”.

Спадарыня Кацярына кажа, што на пытаньне пра родную мову “хто як адказвае — хто беларуская, а хто расейская. Але большасьць — беларуская мова”.

Самі гамельчукі, нават расейскамоўныя, гэтаксама адказваюць і журналістам. Як, напрыклад, спадарыня Ірына:

“Родная — беларуская мова, але размаўляем па-расейску, бо бальшыня гаворыць па-расейску”.

Муж Ірыны спадар Аляксандар апавёў, што падчас перапісу яго вельмі зьдзівілі некаторыя пытаньні перапісчыкаў:

“Чамусьці задаюць пытаньні, ці ёсьць кампутар, ці ёсьць машына? Дзіўныя пытаньні! Ня кожны будзе на іх адказваць. Час такі неспакойны. Пасьведчаньні — усё ў нас падрабляецца. Таму невядома, хто прыходзіць. І раскрываць сваё матэрыяльнае становішча ня кожны хоча”.

У Цэнтральным раёне гараджане сьцьвярджаюць, што перапісчыкі звычайна не заходзяць у кватэру, а запаўняюць апытальныя лісты на лесьвічных пляцоўках:

“Перапісчыкі ня хочуць заходзіць у кватэру. Кажуць, што ім гэта рабіць забараняюць. І распытваюць пра прыватнае, нават інтымнае, жыцьцё проста на лесьвічнай пляцоўцы. Я адмовілася на лесьвічнай пляцоўцы адказваць на іхнія пытаньні, бо пытаюць, напрыклад, пра мёртванароджаных дзяцей. Гэта пытаньні для гінэкалягічнага кабінэту. І што гэта за канфідэнцыйнасьць перапісу ў такіх умовах?!”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG