Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Ніякай магчымасьці правесьці праймэрыз няма”


Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

Апазыцыйныя беларускія палітыкі ў Вільні абмеркавалі 15 кастрычніка сытуацыю напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, Паводле аднаго з удзельнікаў сустрэчы лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, на сустрэчы абмяркоўвалася пытаньне аб вылучэньні адзінага кандыдата ад апазыцыі. Было вырашана, што праймэрыз — галасаваньне па выбары адзінага кандыдата — пройдзе з 5 красавіка па 5 траўня наступнага году. Наколькі мэтазгодна менавіта праз працэдуру праймэрыз вызначаць патэнцыйнага кандыдата ад дэмакратычных сілаў? Якія іншыя шляхі вылучэньня магчымыя? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

Цыганкоў: Паводле Анатоля Лябедзькі, на гэтай сустрэчы была абмеркаваная магчымасьць правядзеньня праймэрыз у тэставым рэжыме. “Гэта дапаможа даведацца, наколькі праймэрыз цікавыя насельніцтву, як на іх будуць рэагаваць улады”, — заявіў Лябедзька. Наколькі ўвогуле, на вашу думку, плённая і мэтазгодная ідэя праводзіць праймэрыз у мэтах вызначэньня адзінага кандыдата?

Мацкевіч: Думаю, ніякага плёну ў гэтым няма, і магчымасьці правесьці гэта няма. І наколькі я мяркую, гэта разумеюць нават самі арганізатары працэдуры праймэрыз.

Палітычная сыстэма наша не адпавядае такой працэдуры. Яна ўвогуле, магчыма, нідзе ня можа праводзіцца, акрамя ЗША, дзе яна натуральна ўпісваецца ў палітычную сыстэму гэтай краіны. А па-другое, ні інтэлектуальнага, ні арганізацыйнага, ні грашовага рэсурсу ў аб’яднаных дэмакратычных сілаў на сёньня няма.

Цыганкоў: Але што б вы прапанавалі ўзамен, які варыянт вылучэньня адзінага кандыдата (ці кандыдатаў) ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах?

Мацкевіч:
Няма нават сэнсу ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, калі ня будзе адзінага кандыдата.
Адзіны кандыдат павінен быць. Ніякага іншага варыянту, няма нават сэнсу ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, калі ня будзе адзінага кандыдата. Таму вылучэньне такога кандыдата павінна праходзіць празь перамовы і спаборніцтва паміж прэтэндэнтамі. Працэдуру гэтую я калісьці прапісаў у сваім блогу ў ЖЖ.

Я думаю, што па-ранейшаму ў прынцыпе магчымая. Але ведаючы пэрсанальны склад сёньняшніх беларускіх апазыцыйных лідэраў, я вельмі скептычна стаўлюся да таго, каб быў адзіны кандыдат, каб увогуле дэмакратычныя сілы ішлі на гэтыя выбары падрыхтаванымі. Сёньня, хутчэй, ніхто зь лідэраў не зацікаўлены ў тым, каб дэмакратычныя сілы былі прадстаўлены на гэтых выбарах і імкнуліся да сапраўднай перамогі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG