Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка не паехаў у Казахстан на вайсковыя вучэньні?


Дзьмітрый Мядзьведзеў і Нурсултан Назарбаеў на вайсковых вучэньнях.

Дзьмітрый Мядзьведзеў і Нурсултан Назарбаеў на вайсковых вучэньнях.

Аляксандар Лукашэнка не выконвае сваё абяцаньне далучыцца да пагадненьня аб стварэньні Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня АДКБ. У чым прычыны такіх хістаньняў? Якія ўмовы выстаўляе Беларусь? Чаму не ўдалося ўступіць у Сусьветную гандлёвую арганізацыю разам краінам-удзельніцам Мытнага зьвязу?

Удзельнікі: галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Мы” Кірыла Пазьняк зь Менску і намесьнік дэкана факультэту сусьветнай эканомікі і міжнародных адносін Дзяржаўнага унівэрсытэту — Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў з Масквы.

Андрэй Суздальцаў
Кірыл Пазьняк
Валер Карбалевіч


Чаму Лукашэнка не падпісаў дамову аб КСАР?


Валер Карбалевіч: “Падчас прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў 2 кастрычніка Лукашэнка абяцаў хутка падпісаць пагадненьне аб далучэньні Беларусі да пагадненьня аб стварэньні Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня (КСАР) АДКБ. Сказаў, што ўсе працэдуры для гэтага выкананыя. Нават зьявілася інфармацыя, што прэзыдэнт выдаў адпаведны ўказ.

Аднак ніякіх адпаведных дакумэнтаў у штаб-кватэры АДКБ не зьявілася. І вось высьветлілася, што на заключны этап вучэньняў КСАР, якія праходзяць на казахстанскім палігоне Матыбулак Лукашэнка не паехаў, хоць туды зьявіліся пяць прэзыдэнтаў краінаў-удзельніц АДКБ і была магчымасьць менавіта там падпісаць гэтае пагадненьне. Беларусь там будзе прадстаўляць міністар абароны Мальцаў. Чаму?”

Кірыла Пазьняк: “На гэтыя вучэньне не паехалі прэзыдэнты тых краінаў (Беларусь, Узбэкістан), якія не падпісалі дамову аб КСАР. А абяцаньні Лукашэнкі расейскім журналістам трэба трактаваць як намер і піяр. Хачу нагадаць, што Лукашэнка не паехаў на чэрвеньскі саміт АДКБ, дзе падпісвалася пагадненьне аб КСАР у знак пратэсту супраць “малочнай вайны”, разьвязанай Расеяй.

З таго часу сытуацыя для Беларусі пагоршылася. Расея дэманстратыўна адмовілася даваць Беларусі крэдыт. Масква заняла жорсткую пазыцыю адносна цэнаў на газ наступным годам. Таму у адказ і Менск шантажуе Маскву гэтым пытаньнем пра КСАР”.

Андрэй Суздальцаў: “Зраблю маленькае прызнаньне ў эфіры. Я маю доступ да часткі дакумэнтаў, якія гуляюць ў адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. І магу сказаць, што ніякіх сьлядоў указа ці іншага падпісанага дакумэнту аб далучэньні
Лукашэнка знаходзіцца там, дзе ёсьць грошы.
Беларусі да пагадненьня аб стварэньні Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня (КСАР) АДКБ няма. Таму заява Лукашэнкі 2 кастрычніка падчас прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх СМІ аб заканчэньні працэдуры далучэньня Беларусі да КСАР, хутчэй за ўсё, была падманам.

Сп. Пазьняк патлумачыў расейскі чыньнік пытаньня па КСАР. Але ёсьць і заходні чыньнік. Зьвярніце ўвагу, што зь вясны, з моманту ўступленьня Беларусі ва “Ўсходняе партнэрства” адносіны Беларусі з Расеяй рэгулююцца графікам атрыманьня Менскам заходніх крэдытаў. Першая транша МВФ была прывязаная да далучэньня Беларусі да “Ўсходняга партнэрства” і непрызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Пасьля байкоту Лукашэнкі саміту АДКБ у чэрвені ў Маскве, дзе падпісвалася пагадненьне аб КСАР, Беларусь атрымала праз тры тыдні другую траншу грошай МВФ. А празь некалькі дзён чакаецца выдзяленьне Менску новай траншы памерам 800 млн. даляраў. Гэтым і тлумачыцца адсутнасьць Лукашэнкі ў Казахстане. Лукашэнка знаходзіцца там, дзе ёсьць грошы”.

Вайсковыя дачыненьні Беларусі з Расеяй


Карбалевіч: “Сп. Суздальцаў, вы кажаце, што паколькі Захад дае грошы, Лукашэнка адмаўляецца ад вайсковага супрацоўніцтва з Расеяй. Але толькі што прайшлі самыя буйныя ў гісторыі беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні, пасьля якіх Лукашэнка запэўніваў, што толькі ідыёт можа казаць, нібыта Беларусь павярнула на Захад. Як гэтыя вучэньні ўпісваюцца ў графік траншаў МВФ? Здаецца, гэтыя вучэньні выпадаюць з вашай лёгікі.

Іншы момант. Лукашэнка ўдзельнічаў у саміце СНД у Кішынёве, хоць чатыры прэзыдэнты краін-удзельніц не прыехалі на яго. А вось на вучэньні КСАР не паехаў. Як патлумачыць такую лёгіку паводзінаў беларускага кіраўніка?”

Суздальцаў: “Нічога не выпадае з маёй лёгікі. Сапраўды існуе дамоўленасьць паміж МВФ і Расеяй, што яны абодва будуць даваць крэдыты Беларусі. Вучэньні ў верасьні былі спробай вырваць у Расеі крэдыт у 500 млн. даляраў. Адмова Масквы выдаць крэдыт супярэчыць інтарэсам ня толькі Беларусі, але і Захаду.

Але цяпер, калі Расея заявіла, што крэдыт даваць ня будзе, у Лукашэнкі няма ніякага сэнсу боўтацца на гэтых вучэньнях у Казахстане. Тым больш напярэдадні новага крэдыту МВФ.

А ў Кішынёве Лукашэнка разам з прэзыдэнтам Украіны Юшчанкам выступілі адзіным фронтам супраць Расеі, патрабавалі, каб Масква прадавала ім энэрганосьбіты па ўнутраных расейскіх цэнам”.

Пазьняк: “Падаецца, Лукашэнка падзяляе стасункі з Расеяй і тэму постсавецкай інтэграцыі. Лукашэнка моцна расьпіярыў вайсковыя вучэньні ў Беларусі,
Тыя інтэграцыйныя працэсы, якія ініцыюе і дзе дамінуе Расея, Лукашэнка тармозіць
бо быў гаспадаром гэтых вучэньняў і падкрэсьліваў, што зьяўляецца ініцыятарам працэсаў постсавецкай інтэграцыі. А вось тыя інтэграцыйныя працэсы, якія ініцыюе і дзе дамінуе Расея, Лукашэнка тармозіць.

Напрыклад, з дапамогай АДКБ Расея імкнецца паказаць сваю моц. Лукашэнка лічыць, што чыньнік Беларусі ў дзейнасьці АДКБ вялікі, і выкарыстоўвае гэта дзеля ціску на Расею. Гэта апроч фінансавых праблем, пра якія мы ўжо казалі. А на саміт СНД ён паехаў, таму што СНД не такая важная для Расеі арганізацыя, як АДКБ”,

Сусьветная гандлёвая арганізацыя і Мытны зьвяз


Карбалевіч: “Вось зьявілася цікавая інфармацыя, што краіны-ўдзельнікі Мытнага зьвязу (Беларусь-Расея-Казахстан) будуць уступаць у Сусьветную гандлёвую арганізацыю паасобку, індывідуальна. Шматмесячная кампанія, размовы пра уступленьне ў гэтую арганізацыю разам, Мытным зьвязам, скончылася. Узьнікае пытаньне: што гэта было? Дыпляматычная гульня Расеі для вырашэньня сваіх праблем з Сусьветнай гандлёвай арганізацыяй (СГА)? Ці што іншае? У любым выпадку Казахстан і Беларусь у выніку гэтай гульні страцілі час для перамоваў аб уступленьні у гэтую арганізацыю. Як вы усё гэта патлумачыце?”

Суздальцаў: “Я па гэтым пытаньні некалькі разоў гутарыў з маім калегам, суседам (нашы катэдры побач), загадчыкам катэдры гандлёвай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі прафэсарам Мядведкавым, які зьяўляецца галоўным перамоўшчыкам Расеі з СГА.

Дык вось пазыцыя Расеі па пытаньні ўступленьня ў СГА складаная, ёсьць прыхільнікі і непрыхільнікі гэтага ўступленьня. Мы на факультэце праводзілі адмысловае дасьледаваньне гэтага пытаньня. І прыйшлі да высновы, што эканоміка Расеі самадастатковая. Пры уступленьні ў СГА яна не атрымае ні моцных пераваг, ні моцнага нэгатыву.

Пазыцыя Захаду таксама супярэчлівая. З аднаго боку, ён зацікаўлены ва ўступленьні Расеі ў СГА. А зь іншага боку, ён выкарыстоўвае гэты чыньнік як сродак ціску на Маскву. Таму Расея і Захад гуляюць у гэтую гульню даўно. І Расея выкарыстоўвае Мытны зьвяз як элемэнт складанай гульні з Захадам.

Дарэчы, я не зьяўляюся вялікім аптымістам Мытнага зьвязу, які ствараюць Беларусь, Расея, Казахстан. Калі дзьве краіны (Беларусь і Расея) не змаглі ўдваіх скласьці Мытны зьвяз, то з трыма ўдзельнікамі ўсе праблемы патрояцца”.

Карбалевіч: “Атрымліваецца, што Беларусь і Казахстан былі пешкамі ў гэтай гульні Расеі”.

Пазьняк: “Выглядае, што так. Расея вырашала свае праблемы і адначасова здолела запаволіць працэс уступленьня ў СГА партнэраў. А Беларусь стала закладніцай гэтай гульні. Беларусі нявыгадна ўступаць у СГА ў рамках Мытнага зьвязу. Гэты зьвяз зьяўляецца перашкодай супрацоўніцтва Беларусі з Эўропай. Здаецца, што якраз Беларусь будзе вылучаць найбольш агаворак пры падпісаньні дамовы аб гэтым Мытным зьвязе”.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG