Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аляксандар Рыгоравіч для Беларусі — гэта Сталін сёньня!”


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” — водгукі пра ход перапісной кампаніі; абмеркаваньне бягучых палітычных падзеяў; дыскусія паміж слухачамі; развагі пра жыцьцё пэнсіянэраў.

Пачнём агляд сёньняшняй аўдыёпошты са званкоў на палітычныя тэмы

Спадарыня: “Янукевіч зь Мілінкевічам ператвараюць Беларускі Народны Фронт у тыповы маскарад. У ход пайшлі цяпер гумарыстычныя шоў, так бы мовіць, гэта адцягвальны момант для грамадзян Беларусі ад сур’ёзных праблемаў”.

Спадар: “Меркаваньне наконт умоваў Эўразьвязу. Калі ізаляваць разумнага чалавека, ён адзічэе. Што ж казаць пра таго, які вучыўся 10 год у школе, 11 год у вышэйшых установах і яшчэ некалькі год на партыйных бальшавіцкіх курсах — і ня здольны, менавіта няздольны працаваць па атрыманай спэцыяльнасьці. Таму трэба разумным і дэмакратычным людзям сустракацца з гэтымі таленавітымі ўнікумамі”.

Ну а падсумоўвае, так бы мовіць, разьдзел палітыкі вось гэты званок-лёзунг:

Спадар: “Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка для Беларусі — гэта Сталін сёньня!”

Ад палітыкі пераходзім да сацыяльнай тэматыкі. А менавіта — развагі пра беларускія пэнсіі

Спадар: “Пэнсія 260 тысяч. Яшчэ меншыя ёсьць, і вельмі шмат такіх. Каб паставіць зубы, трэба чатыры пэнсіі. Намесьніца міністра працы спадарыня Каралёва кажа: пэнсіі працоўныя будуць павышацца з улікам таго, як на 15 адсоткаў павысяць заробкі. Гэта значыць, калі рак на гары сьвісьне, тады і пэнсію на 2-3 адсоткі павысяць. І харчавацца ўжо хутка ня трэба будзе, бо чалавеку зубы няма за што паставіць”.

Спадарыня: “У Расеі перапісу няма, не хапае сродкаў. А ў нас — хапае грошай на перапіс. А дадаць пэнсіі людзям няма як, няма за што. А дзе яны бяруць грошы на гэты перапіс? На 270 тысяч ці ж можна пражыць? А якія падступныя пытаньні! Людзі абураюцца, абурэньню няма канца”.

Пасьля такога званка — яшчэ адзін на тэму перапісу насельніцтва, аднак з зусім іншай танальнасьцю

Спадарыня: “Да мяне ў кватэру прыходзілі па перапісе насельніцтва. Я спытала пра беларускамоўны перапісны блянк. Жанчына выбачылася і тут жа памяняла блянк. Проста ёй лягчэй, патлумачыла — доўга жыла ў Расеі, — пісаць па-расейску. Мы зь ёй гаварылі і па-расейску, больш па-беларуску. Вельмі прыемнае, далікатнае стаўленьне да перапісу. Глыбокі дзякуй!”

Апошнія дні нагадалі пра блізкую зіму…

Спадарыня: “Толькі выпаў першы сьнег — процьма аварый. Аднак тое не зіма вінаватая — не хапае майстэрства кіроўцам…”

Камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня — выдавец газэты “Аўтадайджэст” Анатоль Шаўчэнка:

Анатоль Шаўчэнка
“Сёньня ў Беларусі няма ніводнага аўтадрому, дзе людзі маглі б, як кажуць, “адшліфаваць” складаныя ўмовы надвор’я. Зьяўленьне таго самага сьнегу, лёду, праходжаньне ў такіх умовах паваротаў — то бок сытуацыі, якія можна мадуляваць на трасе штучна. І быць да іх потым гатовымі. Гэта рэальная падрыхтоўка кіроўцы да магчымага сутыкненьня ў складаных умовах, яны б маглі навучыцца правільна пралічыць дыстанцыю, тармазны шлях. То бок контраварыйная падрыхтоўка мусіла б разьвіваць у іх гэтыя вельмі неабходныя навыкі. Альтэрнатыва тут — хіба аўтаспорт. Аднак у яго ж усіх ня ўцягнеш, гэта сьмешна… Таму варта думаць менавіта над першым варыянтам. Будзем памятаць: сёньня на дарогах Беларусі гіне вялізная колькасьць людзей, таму гэта пытаньне нацыянальнай бясьпекі”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG