Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачалося аднаўленьне гатычна-рэнэсанснай царквы Сьвятога Духа кляштару базыльянаў. Пры адкрыцьці падмуркаў рэстаўратары таварыства “Мінская спадчына” разбурылі цалкам захаваныя ў лёхах царквы пахавальныя крыпты. Спэцыялісты кажуць, што сярод парэшткаў людзей, на якія наткнуліся рэстаўратары, могуць быць і парэшткі Кацярыны Сапегі, дачкі легендарнага канцлера Вялікага Княства Літоўскага Лява Сапегі, якая была заснавальніцай і першай ігуменьняй кляштару базыльянак. Вернікі Грэка-каталіцкай царквы дамагаюцца, каб парэшткі былі вернутыя на ранейшае месца ў адноўленыя крыпты.

Актыўныя працы на аб’екце пачаліся сёлета ў верасьні. Экспэрты кажуць, што падчас чарговага “пералапачваньня” глебы коўш экскаватара прабіў невядомую крыпту. Яны сьцьвярджаюць, што пахавальны склеп ня быў пазначаны ні на адным з плянаў царквы. На месцы адкрыцьця пачалі раскопкі спэцыялісты Інстытуту археалёгіі Нацыянальнай Акадэміі навук, якія знайшлі і другую крыпту. Аднак супрацоўнікі прадпрыемства “Менская спадчына”, якое зьяўляецца забудоўшчыкам будучай канцэртнай залі дзіцячай філярмоніі, ня сталі чакаць вынікаў раскопаў і кудысьці вывезьлі парэшткі.



Асобныя гісторыкі лічаць, што сярод “непатрэбных костак” маглі аказацца і парэшткі легендарнай Кацярыны Сапегі — заснавальніцы кляштару базыльянак. Гаворыць гісторык Уладзімер Дзянісаў:

“Усё магчыма, канечне. У капліцы яна цалкам магла быць пахаваная, таму што яна і заснавала гэты манастыр базыльянак. Там была пабудаваная адмысловая капліца для манахінь і, паводле лёгікі, зусім ня выключана, што там жа была пахаваная і яна. Бо цалкам дакладна, што там былі пахаваныя розныя ўніяцкія біскупы, значыць, частка пахаваньняў павінна была застацца. Справа ў тым, што эксгумацыі там праводзілі яшчэ да ІІ Усясьветнай вайны, калі праваслаўны сабор, збудаваны на месцы царквы Сьвятога Духа, узарвалі. Якіясьці раскопы вяліся ў 1943-м — напачатку 1944 гадоў. Нават былі ўрачыстасьці з нагоды перазахаваньня парэшткаў. Магчыма, на іх зараз і наткнуліся”.

Прадстаўнікі грэка-каталіцкае царквы спадзяваліся, што продкі менчукоў, якія былі пахаваныя ў скляпеньнях, маюць права быць перазахаванымі ў адным з новых падмуркаў. Прафэсійны перанос крыпты абяцалі і прадстаўнікі “Менскай спадчыны”. Але будаўнікі разьбілі крыпту, і ўсе косьці адтуль кудысьці зьніклі. Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч такія паводзіны называе невытлумачальнымі. І таксама ня выключае, што сярод ахвяраў дасьледчыкаў магла быць Кацярына Сапега, дачка знакамітага канцлера ВКЛ Льва Сапегі:

Антон Астаповіч
“Гэта цалкам лягічна. Таму што у крыптах — а гэта вельмі ганаровае месца пахаваньня — у першую чаргу хавалі фундатараў. То бок, цалкам лягічна. Хоць, у прынцыпе, дакумэнтальна гэта не пацьверджана, але такая вэрсія ня толькі мае права на існаваньне, яна максымальна блізкая да ісьціны. Праўда, тое, што ў нас увогуле адбываецца ў Верхнім горадзе, гэта асобная размова. Бо я ўзгадваю самазвал з косткамі, які вывезьлі ў невядомым накірунку напачатку гэтага стагодзьдзя, калі аднаўлялі гандлёвыя шэрагі вакол мужчынскага кляштару бэрнардынцаў (за гандлёвымі шэрагамі будавалі для рэстараннага памяшканьня зборны мэталёвы корпус). Таксама праводзіліся земляныя працы і косткі бэрнардынскіх манахаў вывезьлі літаральна машынай. А там былі старыя бэрнардынскія могілкі”.

Менскія грэка-каталікі моляцца за супакой душаў людзей, чые парэшткі знойдзены ў падмурку былога ўніяцкага храма Сьвятога Духа, помніка першай палове XVII стагодзьдзя. Апроч таго, паводле прадстаўнікоў уніяцкай царквы, пачатае ліставаньне з гарадзкімі ўладамі, ад якіх вернікі просяць толькі аднаго — з разуменьнем паставіцца да сытуацыі, знайсьці зьніклыя парэшткі і перазахаваць іх у адноўленай крыпце. У інтэрвію Радыё Свабода кіраўніца аддзелу ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Менгарвыканкаму Ала Рабіцава запэўніла, што трывогі вернікаў перабольшаныя:

“Мы насамрэч былі там разам з айцом Сергіем Гаекам і сьвятаром Яўгенам. Усе косьці і чарапы сабраныя. Нам паказалі, дзе яны ляжаць, у якім пакоі. Там жа быў прадстаўнік Інстытуту археалёгіі Акадэміі навук, які ўсіх запэўніў: вось гэтым парэшткам, якія знойдзеныя ў крыпце, будзе нададзеная асаблівая ўвага для дасьледаваньня — што гэта за людзі, адкуль. Усё гэта яны бачылі. Канечне, гэта ж усё ня здарыцца за адзін дзень — толькі сёньня сабралі, а заўтра ўжо будзе вядома, хто гэта. Галоўны інжынэр, якія быў там на месцы, калі мы выяжджалі, запэўніў, што, калі будзе пакладзеная бэтонная падушка, на ёй будзе адноўленая гэтая крыпта, якая была, і ў ёй будуць пахаваныя вось гэтыя парэшткі. І крыпта будзе для агульнага агляду”.

Карэспандэнт: “Падчас сустрэчаў не паўставала імя Кацярыны Сапегі?”

“Не, ніводнага разу. Ніхто пра гэта не казаў”.


У час расейскага панаваньня ў Беларусі будынак уніяцкай царквы Сьвятога Духа быў аддадзены пад катэдральны праваслаўны Петрапаўлаўскі сабор. Пры гэтым яна двойчы ў ХІХ стагодзьдзі была перабудаваная на расейскі лад. За савецкім часам, у 1936 годзе, сабор быў разбураны выбухамі. Цяпер на захаваных падмурках царква Сьвятога Духа аднаўляецца ў першапачатковым, гатычна-рэнэсансным выглядзе. У ёй разьмесьціцца дзіцячая фільгармонія.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG