Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будучыня недзе побач


Натальля Васілевіч

Натальля Васілевіч

Жыцьцё рэлігійнага аналітыка ў шматканфэсійнай краіне на дзіва аднастайнае — усіх цікавіць толькі адно пытаньне “ў смысьле персьпектыў” — ці прыедзе Папа. Усё, што б ні адбывалася ў дзяржаўна-канфэсійных і міжканфесійных адносінах, ці набліжае, ці аддаляе гэты прыезд.

У Ватыкане Прэзыдэнт!
—Дык мо’ прыедзе Папа?
Да нас зь візытам Патрыярх?
— Дык Папа, мо’, бліжэй?
Аблога “Новага жыцьця”?
— А ці прыедзе Папа?
Хрыстос Уваскрэс?
— І сапраўды, мо ўсё ж прыедзе Папа?
У БХД чарговы зьезд...
— Дык ці прыедзе Папа?
Ну і апошняе пытаньне —
Прыедзе Папа альбо не?

Не адзін год можа карміцца рэлігійнаму аналітыку ў шматканфэсійнай краіне за кошт гэтага самага Папы — вылічваць імавернасьці, раскручваць таемныя спружыны, рабіць прагнозы. Час ідзе, а імавернасьць застаецца такой самай: 50 на 50 — ці прыедзе, ці не прыедзе. “Папа сьпіць, прасіў не непакоіць”, як прыедзе, не хвалюйцеся, не прапусьціце. Варажбітак і экстрасэнсаў стараньнямі БХД прыціснулі, дык цяпер і рэлігійным аналітыкам у шматканфэсійнай краіне лягчэй задыхалася. Затое Кашпіроўскага па тэлевізары зноў паказваюць. Ён мне “дораг, как памяць”.

А сёньня я не аналітык, сёньня я — багаслоўствуючая праваслаўная і праваслаўнствуючы багаслоў, таму без грэчаскага слова ў тэксьце не абыдуся. Ня грэх было б напісаць яго і ў транскрыпцыі, але ці не адмыслова для такіх вось выпадкаў я завяла ў сябе на кампутары αβγ-раскладку? Слова, безь якога не абысьціся, гаворачы пра будучыню — гэта εσχατον — канец. Эсхатонам у праваслаўным багаслоўі займаецца адмысловая дысцыпліна — эсхаталёгія. З гэтай самай эсхаталёгіяй выйшла ў мяне цікавая гісторыя.

У 2005 г. у Маскве адбывалася канфэрэнцыя Рускай Праваслаўнай Царквы, прысьвечаная эсхаталёгіі. З банальнай прычыны — зрабіць прышчэпку ад жоўтай ліхаманкі перад камандзіроўкай у Бразылію — апынулася ў Маскве і я. Наўпрост у паліклініцы я прызначыла дэвіртуалізацыйную сустрэчу kleymionov, на якую Максім прыйшоў з добрай весткай — Хрыстос у Маскве, прыехаў на канфэрэнцыю па эсхаталёгіі, будзе прэзэнтаваць сваю новую кніжку. Гучала досыць прывабна, нават пры тым, што Хрыстосам быў грэчаскі багаслоў Хрыстас Янарас, які працуе ў парадыгме хрысьціянскага пэрсаналізму. Давялося зазначыць, што ўсё ж у Трэцім Рыме царкоўнае жыцьцё бурліць, заставалася толькі ў яго акунуцца, а гэта значыць паспрабаваць прабрацца на канфэрэнцыю.

Памянёная канфэрэнцыя адбывалася ў гасьцініцы Сьвята-Данілавага манастыра, тэрыторыя якога ахоўваецца казакамі. Казакаў мы прайшлі без пытаньняў, але на падыходах да гасьцініцы дзейнічала прапускная сыстэма — для адсеву простых вернікаў ад багасловаў, і казлоў ад авечак. Мы нязьменна траплялі ў катэгорыю казлоў і чулі “Адыдзіце адсюль, ня ведаю вас, пакажыце акрэдытацыю”. Мая абаяльная ўсьмешка ў якасьці акрэдытацыі не «праканала» — ахоўнік, творачы Ісусаву малітву, адганяў ад сябе ўсякія спакусы і ў брамы “раю” нас не ўпускаў.

Што рабіць? Давялося шукаць альтэрнатыўных шляхоў — чаго толькі ня зробіш дзеля багаслоўскай навукі. Абыход тэрыторыі манастыра па пэрымэтры паказаў, што агароджа надзейная, і праціснуцца нідзе не ўдавалася, нават пры маіх сьціплых габарытах 4-гадовае даўніны. Але надзея яшчэ не была страчаная — ключ, якім можна адчыніць дзьверы любой савецкай інстытуцыі, быў дастаны з загашніку.

Мы ішлі праз “чорны” ўваход упэўненым крокам, на пытаньні вахцёра: “А ну, стой, куды пайшлі!” тлумачылі на ангельскай мове са славянскім акцэнтам і тварамі іншаземнай нацыянальнасьці, маўляў, заблукалі ў манастыры, хочам патрапіць у сваю hotel, ці не could you please правадзілі б нас, thank you very much. Слоўнікавага запасу хапіла роўна да дзьвярэй канфэрэнц-залі, нам нават сумачкі канфэрэнцыі спрабавалі выдаць і настойліва запрашалі павячэраць, але мы не злоўжывалі сваім становішчам замежнікаў і абмежаваліся толькі кава-паўзай, ну і адпаведна выступам грэцкага багаслова, дзеля якога і давялося выкарыстаць забароненую зброю: каго-каго, а замежнікаў у нас пакуль баяцца і паважаюць, нават больш, чым Кашпіроўскага.

Замежнікі — гэта асобная тэма, якую дыякан Уладзімер Русак прапаноўваў акрэсьліць як “абеды і свабода сумленьня” ў сваёй кнізе “Сьведчаньне абвінавачаньня”. Схема такая — прыяжджае замежная дэлегацыя ў СССР, каб на свае вочы глянуць, ці ёсьць ганеньні на хрысьціян, а іх — на балет, на абед, ды чырвонай ікрой, ды на экскурсію ў Маўзалей, вяртаецца замежная дэлегацыя да сябе ў загніваючы капіталізм, і справаздачы піша: “у Савецкам Саюзе созданы ўсе ўсловія, спасіба таварышу Сталіну”. Калі аднойчы ў Менск завітала чарговая дэлегацыя Сусьветнай Рады Цэркваў, дыякан У. Русак, здаецца, ужо сядзеў за сваю кніжку. Занадта на замежнікаў паспадзяваўся — паслаў ліст Асамблеі Сусьветнай Рады Цэркваў пра ганеньні на царкву ў Савецкім Саюзе, а яны — перадалі ліст той куды трэба, у рукі самой дэлегацыі РПЦ. Дык вось, пакуль Русак сядзеў, у Менску дэлегацыя СРЦ выразіла жаданьне сустрэцца зь мясцовай праваслаўнай моладзьдзю, з жывымі, так сказаць, сьведкамі. Жывыя сьведкі сыгралі паводле сцэнару, расказалі, як “у Савецкам Саюзе созданы ўсе ўсловія”, а потым радасна дзяліліся са сваімі сябрамі: “ну і надурылі мы гэтых замежнікаў”.

А вы кажаце — Папа! Вунь ягоны прадвесьнік кардынал Бэртонэ прыяжджаў: “прэкрасны закон, гасударства забоціцца, созданы ўсе ўсловія”.

Пасьля сьмерці Махатмы Гандзі і пагаварыць няма з кім.

Натальля Васілевіч
burbalka.livejournal.com

Натальля Васілевіч, палітоляг і дзевачка-з-кадзілам. Спачатку выражала ідэю — надпісамі на сьценах, сярод якіх “Жыве Беларусь!”, “Зубр”, “N.R.M.”, ад якіх адмывала потым сьцены лягеру “Зубраня”. Калі мне выразалі апэндыцыт, то скардзіліся маёй маме: “На Вашу дзевачку наркоз дрэнна паўплываў — нешта яна па-беларуску размаўляе”. Разам з апэндыксам страціла здольнасьці да дакладных навукаў, прыйшлося йсьці ў гуманітарыі. Палітычная дэзарыентацыя прывяла да таго, што ўступіла адразу ў некалькі партыяў рознай скіраванасьці, з тых часоў лічу сябе палітолягам, пра што маецца адпаведны дакумэнт. Галасавала адзін раз у жыцьці — за Віталя Рымашэўскага на мясцовых выбарах 2003 г. Пасьля гэтага спрабую сысьці з палітыкі, але яна даганяе. У перапісе ўчора ў графе “нацыянальнасьць” напісала “праваслаўная”. Расказала б пра гэта больш падрабязна, але ў падзамочным запісе з тэгам “рэлігійныя сантымэнты”.

Навошта пішу ў блог

Першапачаткова блог заводзіўся з тэрапэўтычнымі мэтамі. Пазьней ён пераўтварыўся ў кнігу скаргаў і прапановаў. Спарадычна блог чытае нават Мітрапаліт Філарэт, праўда, не ў інтэрнэце, а ў раздрукоўках.

Што мне падабаецца ў блогах
У блогах мне падабаецца фрагмэнтарнасьць, казёл Фрэнк і магчымасьць дасылаць выдаленыя камэнты.

Што не люблю ў блогах

Не пасьпяваю чытаць фрэндстужку. Не люблю калі “паляць” падзамкі, а таксама калі людзі без фантазіі спрабуюць ладзіць у маім жж халівар. Са спамам магу мірыцца, калі ён без карцінак.

Пяць блогаў, якія я раю наведаць

ksanfik.livejournal.com — рэдкая зьява нашага часу — праваслаўны інтэлектуал. Блог Алега Брэскага.
kauboj.livejournal.com — блог Ю.Чавусава, раю ўсё, апроч футбола.
rycyna.livejournal.com — мужычок з гармошкай.
rev-agafangelos.livejournal.com — ігумен Агафангел (Бялых), сьвятар і місіянэр, піша з паўночнага гораду Ціксі.
kalakazo.livejournal.com — найноўшая гісторыя праваслаўнай царквы, напісаная белым вершам адным невядомым піцерскім сьвятаром


XS
SM
MD
LG