Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў абласным гаспадарчым судзе жыльлёва-камунальная ўправа Ленінскага раёну Магілёва й абласная арганізацыя Руху “БНФ “Адраджэньне” падпісалі міравое пагадненьне.

Камунальнікі адмовіліся ад сваіх патрабаваньняў выселіць фронтаўцаў з арандаванага памяшканьня, пры ўмове аплаты запазычанасьці й паловы судовых выдаткаў.

Паводле старшыні фронтаўскай арганізацыі Рыгора Кастусёва, гэтыя выдаткі складаюць крыху больш за сямсот тысячаў рублёў. Акрамя таго, камунальнікі замянілі пункт у пагадненьні, які вымагаў ад актывістаў дадатковага звароту на працяг арэнды ў гарвыканкам. Супраць яго выступалі фронтаўцы.

Рыгор Кастусёў
“Калі б гарвыканкам адмовіў нам, то цягам пяці дзён мы павінны былі зьехаць з памяшканьня. А другога мы б проста не знайшлі. Цяпер жа, паводле пагадненьня, мы мусім на наступным тыдні зьвярнуцца да камунальнікаў, каб заключыць менавіта зь імі дамову на арэнду. Калі яны адмовяцца, то парушаць сёньняшняе міравое пагадненьне, і мы тады будзем зьвяртацца ў суд”, — кажа Рыгор Кастусёў.

Паводле яго спрэчкай з камунальнікамі зацікавілася ўправа маёмасьці аблвыканкаму. Туды чыноўнікі з аблвыканкаму пераслалі зварот Кастусёва з падрабязнасьцямі судовага працэсу.

“Мне патэлефанавалі й папрасілі прынесьці копію падпісанага пагадненьня, а таксама іншай дакумэнтацыі да асноўнай дамовы на арэнду з камунальнікамі. Нейкі інтарэс у іх ёсьць да нашай спрэчкі”, — зазначае Рыгор Кастусёў.

Нягледзячы на дасягнуты мір з камунальнікамі, Рыгор Кастусёў настойвае, што іх пазоў палітычна матываваны. Рукамі жыльлёва-камунальнай управы, цьвердзіць ён, улада спачатку імкнулася пазбавіць арганізацыю памяшканьня, а потым наагул яе ліквідаваць.

Камунальнікі адмаўляць сваю палітычную ангажаванасьць. Прадстаўнік жыльлёва-эксплюатацыйнай управы Вадзім Антонаў 24 верасьня, у першы дзень судовага працэсу, зазначыў, што для яго арганізацыі важна спагнаць запазычанасьць у амаль чатыры мільёны рублёў і выселіць з памяшканьня недысцыплінаванага арандатара.

Узгадненьне бухгалтарскай дакумэнтацыі выявіла, што запазычанасьць грамадзкіх актывістаў перад камунальнікамі складае 36 тысяч рублёў. На заключэньні міравога пагадненьня настойваў абласны гаспадарчы суд.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG