Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магістра з апазыцыі пакінулі бяз працы


Ігар Барысаў
Ігар Барысаў

У Магілёве бяз працы застаўся сябра прэзыдыюма Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Ігар Барысаў.

Кіраўніцтва таварыства з абмежаванай адказнасьцю “Служба камплектацыі трубаправодаў” звольніла актывіста за тое, што ён, нібыта, не спраўляецца са службовымі абавязкамі. Сам Барысаў заяўляе, што падставай для звальненьня сталася яго грамадзкая дзейнасьць.

Актывіст адпрацаваў у Службе камплектацыі трубаправодаў адзін месяц, хаця дамову зь ім заключалі на тры. Заўваг з боку кіраўніцтва, цьвердзіць ён, не было. На працу яго бралі эканамістам у аддзел збыту прадукцыі:

“У кампаніі велізарны асартымэнт прадукцыі. Вялікая намэнклятура. Некалькі тысяч пазыцыяў, якія трэба прадаваць. Месяц, два, тры — гэта менавіта той час, за які можна ўвайсьці ў курс усіх справаў. Калі мяне звольнілі, то гэта стала шокам для ўсяго калектыву. Такога на іх веку яшчэ не было, каб так раптоўна звальнялі чалавека”

Тое, як адбывалася звальненьне, Ігара Барысава шакавала:

“Прыходжу на працу, да мяне падсаджваецца мой непасрэдны начальнік і кажа, што мы вырашылі з табой разьвітацца. Ты нібыта не спраўляесься са сваімі абавязкамі. І ў якасьці аргумэнта яны ўжо вядуць новага чалавека, якога садзяць на маё месца. Улічваючы, што гэта ня першае маё звальненьне, ёсьць падазрэньне пра тое, што маюць месца палітычныя падтэксты. Тым больш, што гэта было рашэньне аднаго чалавека — самога дырэктара”.

У 2006 годзе актывіста звольнілі з заводу “Магілёўліфтмаш”. На той момант прадпрыемствам кіраваў цяперашні кіраўнік абласной вэртыкалі Пётар Руднік. Нагодай для звальненьня стаўся ўдзел у мітынгу пратэсту.

На апошнім месцы працы Барысава камэнтаваць звальненьне адмовіліся:

“Я лічу, што гэтыя справы нашы асабістыя, унутраныя, таму камэнтароў ніякіх ня будзе. Гэта адназначна. Усяго добрага”, — зазначыў супрацоўнік таварыства “Служба камплектацыі трубаправодаў”.

Судзіцца Ігар Барысаў не зьбіраецца, аднак не выключае, што прэзыдыюм партыі паінфармуе замежных партнэраў прадпрыемства пра палітычна матываванае звальненьне актывіста.

Ігар Барысаў, лідэр магілёўскіх сацыял-дэмакратаў. На дадзены момант дакумэнты на рэгістрацыю партыйнай абласной арганізацыі разглядае ўправа юстыцыі аблвыканкаму. Улетку актывіст адзін зь першых публічна выказаўся супраць усталяваньня ў Магілёве бюста расейскага самадзержца Мікалая II. Актывіст стаў ініцыятарам звароту да кіраўніцтва раёну Сакаліная гара Ўсходняй адміністрацыйнай акругі Масквы, якое зьбіраліся падарыць гэты бюст. У ім тлумачылася, чаму Магілёву не патрэбны расейскі падарунак.

Ігар Барысаў скончыў ЭГУ. Ён магістар палітычных навук.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG