Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора адбыўся футбольны матч Англія—Беларусь. І ўчора я прабег вачамі тэкст, які па электроннай пошце прыйшоў на адрас Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Нейкая Таня з замежжа, відаць, піша нейкую працу. І хоча яна ўдакладніць, які канкрэтны зьмест укладваюць беларускія сацыял-дэмакраты ў панятак “сацыяльная справядлівасьць”. Але Таня ня проста пытаецца — яна разважае і нешта сьцьвярджае. У прыватнасьці, яна ўпэўнена, што ў сучаснай Беларусі пануе сацыялізм.

Прачытаўшы гэтае сьцьверджаньне, я на хвіліну анямеў. А потым прыгадаў, што ў той час, як я чытаю электронны ліст, за Ля-Маншам ідзе футбольны матч.

У сувязі з гэтым матчам мне прыгадалася нядаўняя размова. У аднаго майго былога вучня ёсьць сястра, а сястра працуе ў саліднай установе. І гэтай дзяўчыне давялося афармляць дакумэнты на візы для заўзятараў, якія хацелі трапіць за Ля-Манш, каб і нашых футбалістаў падтрымаць, і на Эўропу паглядзець, і сябе паказаць.

Ёсьць у Беларусі людзі, якія могуць дазволіць сабе такую раскошу. Дык вось, вучнева сястра апавядала свайму брату, што нямала заявак на падарожжа ў Англію прыйшло з кіраўніцтва справаў самі ведаеце каго. Ад патэнцыйных атрымальнікаў візаў брытанская амбасада патрабавала паказаць у анкетах іх сярэднямесячны заробак. І сястра майго вучня са зьдзіўленьнем чытала ў тых анкетах астранамічныя лічбы: 16 мільёнаў, 17 мільёнаў з палавінай...

Нават калі супаставіць гэтыя 17 мільёнаў з палавінай і сярэднестатыстычны даход 1 мільён 43 тысячы рублёў, выходзіць, што чыноўнік атрымлівае ў 17 разоў больш за сярэднестатыстычнага беларуса. А калі ўзяць разрыў паміж самым высокімі даходамі і самымі нізкімі?

Вось называю я гэтыя лічбы і адчуваю, што нехта з тутэйшых песьняроў лібэралізму грозна пытаецца: “А ці не хочаш ты адабраць і падзяліць?”

Па справядлівасьці, у чыноўнікаў Кіраўніцтва справаў частку іх даходаў трэба было б адабраць, бо тыя прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы, якімі яны кіруюць, — не іх прыватны бізнэс, бо яны не ўклалі ў іх ніводнага рубля. Але можна паставіць пытаньне і так: а ці нельга да ўзроўню лукашэнкаўскіх чыноўнікаў падцягнуць астатні люд? Нічога не адбіраючы і ня дзелячы. І кажу сабе: нельга. Бо самі чыноўнікі гэтага ня будуць рабіць. Фінансава-эканамічны крызіс паказаў гэта з усёй відавочнасьцю. Велізарныя крэдыты (кожны дзень 14 мільёнаў даляраў) у значнай меры ідуць на ўтрыманьне тых самых чыноўнікаў і ўсякіх карных органаў: судоў, пракуратуры, амапу, спэцназу і гэтак далей. Яшчэ адна частка накіроўваецца на падтрымку штаноў ва ўсіх астатніх. І, бадай, нічога ня ўкладваецца ў будучыню — у структурныя рэформы. Адначасна скарачаюцца ўкладаньні ў адукацыю, культуру і ахову народнага здароўя, якія таксама павінны працаваць на будучыню.

У Беларусі змрочная пэрспэктыва. Вядома, усьлед за Эўропай і Расеяй яна выйдзе зь фінансава-эканамічнага крызісу. Але ў параўнаньні зь дзяржавамі “старое Эўропы”, гэта будзе бяднейшая, чым раней, краіна. Уся ў даўгах, са слабай эканомікай, з сацыяльнай несправядлівасьцю і дыктатурай. Краіна, якой раней ці пазьней давядзецца распрадаваць даўно ўпалыя ў цане заводы і фабрыкі і, ня выключана, уступіць у фазу дэіндустрыялізацыі. Зрэшты, яна, гэтая фаза, ужо пачалася. У гэтым Беларусі добра “дапамаглі” тыя самыя чыноўнікі, што лётаюць за мяжу на футбольныя матчы, і іхні самы галоўны.

Вось такі сацыялізм у Беларусі.
Анатоль Сідарэвіч, anatolsidarevic
Нарадзіўся 1 сакавіка 1948 г. у вёсцы Задуб'е Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Закончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Філёзаф, выкладчык філязофіі і грамадазнаўства. Публіцыст і літаратурны крытык. Дасьледуе гісторыю беларускага нацыянальна-вызвольнага руху і Беларускай Сацыялістычнай Грамады, жыцьцёвы творчы шлях Старшыні Рады Народных Міністраў і міністра замежных спраў БНР Антона Луцкевіча. Разам з Міхасём Чарняўскім і Міхасём Ткачовым быў ініцыятарам адраджэньня ў Беларусі сацыял-дэмакратычнага руху. Сябар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, потым Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) з дня заснаваньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG