Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, вуліца Багдана Хмяльніцкага, 9



Шыльда свабоды

Менск, вуліца Багдана Хмяльніцкага, 9. Вучэбны корпус № 11а Беларускага Нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту

Тут месьціўся офіс Беларускага Фонду Сораса, які з 1992 да 1997 году закладваў у Беларусі падмуркі грамадзянскай супольнасьці і адкрытага грамадзтва.

Амэрыканскі дабрачынны фонд, створаны Джоржам Сорасам, мільярдэрам вугорскага паходжаньня, падтрымліваў свабоду слова і свабоду творчага выбару ў былых камуністычных краінах, у тым ліку і ў Беларусі.


Тысячы мастакоў, навукоўцаў, пісьменьнікаў, журналістаў, выдаўцоў, лекараў, пэдагогаў атрымалі тут фінансавую і маральную падтрымку сваіх неардынарных ідэяў. За чатыры гады дзейнасьці ў Беларусі на гэта было выдаткавана 13 мільёнаў даляраў.

З грантаў Фонду Сораса пачалася дзейнасьць прыватных навучальных установаў, а таксама шырокая кампутарызацыя і далучэньне да інтэрнэту ўстановаў адукацыі, культуры. Падтрымліваліся недзяржаўныя газэты, часопісы, выдавецтвы. Дзякуючы Фонду, адчыніліся першыя недзяржаўныя радыёстанцыі. Фонд фінансаваў пастаноўку спэктакляў у тэатрах-студыях, выставы альтэрнатыўных мастакоў, дзіцячую творчасьць, міжнародныя навуковыя і мастацкія кантакты, вучобу і стажыроўкі за мяжой. Перакладаліся на беларускую мову і выдаваліся кнігі замежных філёзафаў, палітолягаў, лінгвістаў.

Беларуская мова была прыярытэтам. У самім офісе гаварылі па-беларуску.

Кур’ёзны выпадак у гэтым зьвязку узгадвае Алесь Анціпенка, які пасьля выгнаньня зь Беларусі амэрыканца Пітэра Бэрна, замяніў яго на пасадзе выканаўчага дырэктара:

“Да мяне заходзіць вядомы чалавек, прафэсар. Садзіцца і пачынае распавядаць пра сваю ідэю, потым задае пытаньні. І я пачынаю адказваць яму на беларускай мове. Зьдзіўленьне яго было такое вялікае, што ён нават у мяне запытаўся: а вы не амэрыканец? На той час беларушчына ў Фондзе Сораса ўспрымалася адназначна як знак амэрыканскага грамадзянства”.

З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі пачынаецца ціск на Фонд. Таталітарныя рэжымы заўсёды зьнішчаюць любыя інстытуты, якія імі не кантралююцца. Гучаць абвінавачваньні, што Фонд працуе дзеля зьмены ўлады ў Беларусі.

Сябра назіральнай рады Раман Якаўлеўскі ўзгадвае рабочы сьняданак у Будапэшце з Джорджам Сорасам, на якім абмяркоўвалі, як уратаваць Фонд:

“Сорас прапанаваў: а можа, з Лукашэнкам згуляць у шахматы, у сэнсе — паспрабаваць дамовіцца? Давялося патлумачыць, што з Лукашэнкам немагчыма гуляць у шахматы, бо ён ня ведае правілаў. Калі Сорас запытаў: а што ён ведае, я адказаў: дошкай па галаве. Быў выдатны перакладчык, і Сорас зразумеў. Менавіта так і атрымалася. Даволі хутка Сорас зышоў зь Беларусі”.

Зышоў, бо працягваць дзейнасьць было немагчыма. Новы ўрад скасаваў пастанову аб вызваленьні грантаў ад падаткаў, а затым пачалася канфіскацыя маёмасьці ў залік падаткаў. У 1997 годзе Беларускі фонд Сораса спыніў сваю дзейнасьць.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG