Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Каты Ёзафа Ратцынгера” -- кніга гарадзенскіх тэкстаў


“Каты Ёзафа Ратцынгера” – так называецца чарговая кніга нашага калегі, карэспандэнта Радыё Свабода Сяргея Астраўцова, якую ён прадставіў сёньня гарадзенскім чытачам.

Прэзэнтацыя адбылася ў памяшканьні Таварыства беларускай школы. Ад пачатку цікаўнасьць выклікала сама назва, некаторыя чытачы спрабавалі жартаваць і пыталіся ў пісьменьніка, на якім складзе ў першым слове трэба ставіць націск.

Сяргей Астраўцоў без іроніі патлумачыў, што наагул надае вельмі вялікае значэньне назвам кніг і заўсёды мае некалькі варыянтаў назвы. А вось што датычыць гэтае найнавейшае:

“Каты Ёзафа Ратцынгера – так называецца адно апавяданьне пра выбары новага папы рымскага вачыма гарадзенца. А новым папам, як вядома, стаў кардынал Ёзаф Ратцынгер, які аказваецца, як і я, дарэчы, вельмі любіць катоў, бо гэта вельмі файныя жывёліны”.

Я для сябе вызначыў гэта як гарадзенскія нашаніўскія тэксты.
Прадстаўляючы кнігу, аўтар вярнуў чытачоў у Горадню 25-гадовае даўніны, калі ён прыехаў сюды пасьля журфаку БДУ на працу. Цытаваў радкі пра горад, падзеі, свае ўражаньні і жыцьцё таго часу.

Амаль усе тэксты, што ўвайшлі ў новую кнігу, друкаваліся ў пэрыяд з 1991-га да 2007-га году ў газэце “Наша ніва”, зь якой аўтар стала супрацоўнічаў.

“Я падумаў, што такі варыянт таксама магчымы: узяў тыя тэксты і, каб трошкі разнастаіць, разьбіў іх па жанрах. Так у падзагалоўку і напісана: апавяданьні, эсэ, зацемкі, рэпартажы з Горадні. Я для сябе вызначыў гэта як гарадзенскія нашаніўскія тэксты”.

Гэта ўжо пятая кніга Сяргея, і, як сам ён заўважае, упершыню выдадзеная ў прафэсійным выдавецтве з цудоўным афармленьнем мастака Сяргея Ждановіча. Праўда, паводле слоў пісьменьніка, першая ягоная кніга, хоць і выглядала больш сьціпла, але хваляваньняў выклікала значна болей.

Гэта вельмі добрае пасланьне для той моладзі, якая сядзіць сёньня ў гэтай залі і слухае
У залі сярод іншых цікаўных да літаратуры прысутнічаў Мікола Маркевіч, зь якім Сяргей Астраўцоў 25 гадоў таму пачынаў працу ў абласной газэце. Былы палітвязень, рэдактар зачыненай уладамі газэты “Пагоня” заўважыў, што яму вельмі падабаецца атмасфэра ў залі і наагул творчасьць калегі:

“Я адчуваю і гонар, і ўзьнёсласьць, і разуменьне таго, што зроблена нашым пакаленьнем шмат, прычым грунтоўна, на вякі, і гэта вельмі добрае пасланьне для той моладзі, якая сядзіць сёньня ў гэтай залі і слухае”.







XS
SM
MD
LG