Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За час эканамічнага крызісу зь Беларускага аўтамабільнага завода ў Жодзіна з розных прычынаў звольніліся больш як 600 шараговых працаўнікоў.

Найчасьцей прычынай сыходу людзей зь БелАЗу становіцца зьніжэньне заробкаў. Некаторыя рабочыя сыходзяць самі, іншым не працягваюць кантракты.

Нават паводле афіцыйнай статыстыкі, завод сёлета зьнізіў аб’ёмы вытворчасьці амаль на 40 працэнтаў. Ад гіганцкіх самазвалаў адмовіліся многія горныя руднікі Расеі і Ўкраіны. Прадпрыемства змушана было перайсьці на няпоўны працоўны тыдзень.

Пра беспрацоўе і звальненьні гаворыць токар заводу Юры:

“Ужо шмат маіх знаёмых патрапілі пад гэту хвалю. А ў іх — дзеці, жонкі. Гэтыя людзі шмат гадоў працавалі на прадпрыемстве. Куды і што цяпер ім рабіць? Як зь імі магло паступіць так кіраўніцтва? Раней мы лічылі сабе такім магутным прадпрыемствам, ну, а цяпер — ня ведаем, што будзе заўтра. БелАЗ ужо страціў сваю магутнасьць”.

Раней мы лічылі сабе такім магутным прадпрыемствам, ну, а цяпер — ня ведаем, што будзе заўтра.
Крызіс на БелАЗе закрануў больш як 9 тысяч чалавек. Значна пагоршылася матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне вытворчасьці. Працоўныя не атрымліваюць якасных прыладаў працы. Пра гэта кажа працаўнік мантажнага цэху:

“Трэба, каб ахоўныя маскі пастаўляліся, а іх не набываюць з прычыны адсутнасьці фінансаў. Таксама на БелАЗе абвастрылася праблема зь якасьцю дэталяў . Хочацца зрабіць больш, каб больш зарабіць, але гэта цяпер не атрымліваецца. Прыходзіш атрымаць прыстасаваньне нейкае — яго няма. Не хапае элемэнтарных дапаможных прыладаў. Пласкагубцаў, напрыклад.

Адпраўляюць людзей зь БеЛАЗу на розныя другасныя працы — у калгас. Нават калі ў чалавека зусім іншая праца ёсьць — яго, аднак, адпраўляюць у калгас”.

У першыя халады ў кастрычніку вытворчыя цэхі на БелАЗе не ацяпляюцца. Да холаду дадаецца забруджанасьць. Працоўныя не атрымліваюць новага спэцадзеньня. Сытуацыю тлумачыць тэхноляг прадпрыемства, спадарыня Ларыса:

“У нашых цэхах забруджанасьць і вельмі старое абсталяваньне. Пакутуюць працоўныя з-за таго, што вельмі холадна ў цэхах. Зьнялі грашовую даплату за шкоднасьць. Гэтая даплата зьнята практычна з усіх участкаў і цэхаў, акрамя тэрмічных. У тэрмічных цэхах людзі хварэюць з-за дрэнных умоваў. Сыходзяць працоўныя інвалідамі”.

Пракамэнтаваць цяперашнюю сытуацыю на БеЛАЗе пагадзіўся намесьнік генэральнага дырэктара Станіслаў Якубовіч. У большасьці ён прызнае прычыны, паводле якіх звальняюцца працаўнікі:

“Вядома, што цяпер цяжка выправіць зараз усе гэтыя праблемы. Хочацца абнавіць вытворчасьць. Вельмі шмат займаемся закупам абсталяваньня. Хочам цалкам абнавіць матэрыяльную базу. Набываем сучаснае абсталяваньне. Аднак, сапраўды, складана ўсё й цяжка”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG