Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нас столькі шлюх, што прастытуцыю варта легалізаваць”


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы адгукаюцца на адказы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, якой мовай ён карыстаецца; разглядаецца таксама праблема падвышэньня мыта на аўтамабілі; сярод іншых рэплік — прапанова легалізаваць прастытуцыю.

Учора пачаўся перапіс насельніцтва. Гэтая тэма й без таго хвалявала нашых слухачоў, ну а пасьля знаёмства з адказамі на пытаньні перапіснога лісту кіраўніка краіны аўдыёпошта літаральна перапоўнена водгукамі. Іх так шмат, што ў рамках перадачы немагчыма даць хоць траціну. Слухаем найбольш характэрныя рэплікі

Міхась Чарнышоў, Арэхаўск: “Я пачуў, як перапісваўся наш Аляксандар Рыгоравіч. Ён адказаў: родная мова — беларуская і руская, дома ён размаўляе на беларускай, рускай і трасянцы. Гэта яго адказ. Пытаньне: а як нам адказваць?”

Валер Курневіч, Барысаў: “Лукашэнка гаворыць аж на трох мовах: па-руску, па-беларуску і на трасянцы. Хай едзе ў саўгас, няхай там прымае ўказ пра дзьвухмоўе. Няхай там на лаўцы заўсёды кажа на мове, на трасянцы”.

Спадарыня: “Шаноўныя беларусы! Мова наша беларуская і род наш беларускі. А мы, мы — ня вырадкі! Вось наш адказ падчас перапісу”.

Спадар: “Гэтаму перапісу я абвяшчаю байкот, бо Лукашэнка абвяшчае байкот нам, нашым лістам, скаргам, зваротам. Ён нашы пытаньні не разглядае, і ніхто не разглядае. Перапіс — гэта толькі, каб адмыць грошы. Вылучана 21 мільярд рублёў, дык трэба падзяліць шляхам прэмій, падарункаў”.

На гэтым тыдні Свабода шмат увагі надала праблеме падвышэньня мыта на імпартныя аўтамабілі. Тэма разьвіваецца і ў вашых тэлефанаваньнях

Спадар: “Як вядома, у Расеі мыта на іншамаркі большае, чым у нас. Таму ў межах мытнага саюзу Расея патрабуе прывесьці гэтае мыта ў адпаведнасьць зь іхным. Як гэта аўкнецца на нашых грамадзянах — здагадацца няцяжка. Машыны непазьбежна падаражэюць. Чаму мы павінны фінансаваць іх нежыцьцяздольны “Аўтаваз”?

Над званком слухача разважае грамадзкі рэдактар тыдня — выдавец папулярнай газэты “Аўтадайджэст” Анатоль Шаўчэнка:

Анатоль Шаўчэнка
“Гэта бізнэс, за якім стаяць немалыя грошы. Чыноўнікі ведаюць, колькі яны атрымліваюць на аўтамыце. Таму, безумоўна, прагназуюць, што атрымаецца, як лепш для папаўненьня бюджэту: або патроху браць зь нямногіх — бо як падняць плянку, то колькасьць прывезеных аўто ўпадзе; або, як і раней, — са многіх патроху… У першым выпадку, прыток аўто, безумоўна, прыпыніцца”.

І напрыканцы — тэлефанаваньне ад спадарыні Ціны:

“Прастытуцыя на трасах пад Менскам — не даюць ні прайсьці, ні праехаць. Калі стаіш на прыпынку, то адразу пад’яжджаюць усякія прайдзісьветы і пытаюць: “Ты працуеш?” Тады даводзіцца адказваць: “Сам ты шлюха!” Настолькі прыстойных жанчын не адрозьніваюць ад шлюх, што нідзе ні прайсьці, ні праехаць. Хай улады робяць легальныя бардэлі. У такім горадзе як Менск гэта стане вялікім артыкулам прыбытку. Хай іх лечаць, хай яны плацяць падаткі”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


XS
SM
MD
LG