Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабулька малілася дбайна. Панам я ня стаў, але бянтэжыць іншае. Чаму ўсе мае начальнікі, а іх было за 15 гадоў багата — сыстэмных і апазыцыйных, белмоўных і нямых, — усе яны да каліва клаліся ў тэорыю Вільфрэды нашага Парэты: “Львы” versus “Лісы”? “Ільвы” адразу білі ў голаў, а пасьля няўмела прапаноўвалі мірыцца. “Лісы” хвалілі немаведама, за што і кралі грошы.

І знайшоўся мне адзін начальнік апрычоны. Ані Леў, Ані Ліс. Сардэчны без падступнасьці, літасьцівы без фанабэрыі. І нават троху вернік. І нават троху апазыцыянэр. І ўсіх шкадуе са словамі, як той завочнік на іспыце: “Ну Вы ж панімаеце…” іканамічны, ды й годзе.

Іканомія (з грэцк.: “уладкаваньне дому, справаў”) — спосаб стаўленьня да ўчынкаў хрысьціяніна, калі сэнс пастырскага дзеяньня пераносіцца на магчымыя наступствы, і дзеля іх “выпраўленьня” адмяняецца эпітымія за цяперашнюю правіну. Гэта дае пастыру магчымасьць прымаць рашэньне з парушэньнем літары канона, але без супярэчнасьці зь ягоным духам.

Іканомія — гэта калі прызнаецца шлюб нявенчаным, бо іначай яшчэ горай — цэлая краіна канкубэнтаў. Альбо — дазваляецца абедаць зь нявернымі, каб верныя з голаду не памерлі. Альбо — 33 разы даруецца нядбайнаму работніку, бо іншага ў вёсцы няма …

Трыццаць тры разы начальнік даруе, а на трыццаць чацьверты начальніка… Не, не звальняюць. Адпраўляюць на падвышэньне, па ідэалягічнай лініі, уключаць і выключаць. А ён жа практычна сябар… Проста нейкі актуальны Навічонак атрымліваецца!

Ці віншаваць? Ці выказваць спачуваньні? Ці ў жалобе сьцішыцца ў куточку? Ці станавіцца на катурны са словамі: “Кепска будзе!”? Мне адно ясна — сталася нядобрае, трэба стасаваць “іканомію”.

Прыватным выкарыстаньнем прынцыпу “іканоміі” сёньня, бадай, нікога асабліва не шакуеш. Па-за межамі царквы, у сьвеце ён добра вядомы як “Тэорыя-Меншага-Зла”, і актыўна ўжываўся нашымі татамі і мамамі за саветамі, а бабулямі і дзядулямі — за немцамі.

Каб удакладніць, гісторыя майго начальніка не мае нічога агульнага з падлеткавай маральнай антысанітарыяй — “Усе пайшлі, і я пайшоў”. Мала нагадвае яна і папулярную вэрсію “іканоміі”: “Уступай у партыю — будзеш развальваць яе знутры”. Хутчэй — гэта як пры немцах: “Ідзі, Іванавіч, у старасты, можа нам усім палёгка будзе”. Паршывы беларускі фаталізм…

Невядома, хто і калі першым скруціў галаву высокаму маральнаму прынцыпу дзеля прыватнага дабра. Ня вельмі ясна, калі ў царкве зьявілася тая “іканомія”. Магчыма, калі апосталы і прарокі першы раз сутыкнуліся не зь юдэямі, не з элінамі і не зь дзікімі скіфамі, а са сваімі ж братамі, якім ужо 100 разоў было прапаведавана, а яны ўсё як дзеці малыя… Лёгка стасаваць каноны, калі чалавечы матэрыял — цеста… А калі ён — як жэле з парэчак і разьбягаецца ў розныя прыватныя бакі?

Мараль і палітыка ў беларускім карпаратыўным асяродку — тэма, на маю думку, яшчэ не раскрытая. Хіба Бахарэвіч да яе трохі падступіўся, у апошнім рамане. Я ж на свае вочы пабачыў скуткі падобнай калізіі 10 гадоў таму, і ня тут, а ў Польшчы.

У Варшаву прыехала з публічнай лекцыяй зорка сусьветнае лінгвістыкі — Ана Вяжбіцкая. Прыехала, бадай, у першы раз пасьля ганебнага выгнаньня з унівэрсітэту ў 1968, пад час антысэміцкае кампаніі. Поўная заля слухачоў і ўрачысты прэзыдыюм… Бабулька Вежбіцкая шыбуе да катэдры, пазнае былых калегаў, акідвае іх сухім вокам — і нават дурню робіцца зразумела, дзе Прафэсар, а дзе “Марцовы Дацэнт”…

Вы прасілі пра будучыню напісаць, дарагая рэдакцыя… От я і пытаюся ў сябе: якая ў гэтым сьвятле мая маральная будучыня? Ці не ляжа гэтая гісторыя незмывальнаю плямаю на маёй рэпутацыі? Бо я ўжо і так Віцю Мухіна гадаваў, які ў саўбелцы працуе, і з адной прарэктаркай чай піў, а яна выдатніка з 4-га курса за палітыку выгнала.

Голас Лібэрала: А дзе тут, уласна, праблема? Аўтар, сацыяльна нясьпелая асоба і сумніўны спэцыяліст, ня ў стане выбрацца з блытаніны паміж асабістым і грамадзкім, эксплуатуе маралісцкую фразэалёгію там, дзе ў ХХІ ст павінна весьціся адно пра кантракт, норму працы ды грамадзянскую адказнасьць.

Голас Традыцыяналіста: Наша — гэта наша. Нашыя сябры перастаюць быць сябрамі, калі здраджваюць Нам. А ці мела месца здрада, вырашаем, зноў-такі, Мы — з апорай на Спрадвечныя Вытокі.

Голас Царкоўнага Дальтоніка: А прычым тут пернік да праснака? Каноны не парушаныя, царква ня ўмешваецца, пабожныя хрысьціяне ў палітыку ня лезуць… Думайце лепш пра душу.

Голас-з-за-Бугра: Усё запомнім, нічога не даруем… Калі прыйдзем да ўлады, ўсе за ўсё адкажуць…

Тлумна ў маёй галаве. Але гэта ня Я, гэта ўсё галасы. Я шукаю іканомію.

Аляксей Крукоўскі

38 гадоў. Філёзаф паводле адукацыі, але калегаў па цэху не люблю. Ня маю выразных талентаў, але ўпарта граю на акардэоне ў кавярні “Жар-Птушка”, па чацьвяргах. Самотны, але рэгулярна важу пляменьніцу на багажніку ровара. Разумны, але за так раблю працу лепей, чым за грошы. Праваслаўны, але бываюць зацьменьні. Здаровае славалюбства выразалі разам з адэноідамі, але вяду блог. Беларус, але баюся. Ужо не працую ў Беларускім ліцэі. Ага, я яшчэ рэдактар загадкавага сайту susvet.info.

Навошта я пішу блог. Пачыналася ўсё сур’ёзна — фактам сваёй прысутнасьці ўтаймоўваць празьмерную інтэрнэт-актыўнасьць ліцэістаў. Працягваецца як гульня маіх 80-х: патэлефанаваць на першы-лепшы нумар, сказаць басам “Ку-Ку” і пакласьці слухаўку.

Што я больш за ўсё люблю ў блогах. Найлепшая магчымасьць пачувацца цікавейшым, чым ты ёсьць, ды яшчэ набрацца ўпэўненасьці, што “нас тут многа”.

Што я больш за ўсё не люблю ў блогах. Тое, што не відаць узросту аўтара. Тое, што называецца “справаздачай”. Тое, што іронія муціруе ў сарказм. Тое, што зьдзекуюцца зь дзяцей. Тое, што няма на вас юзэра rydel23.

Пяць блогаў, якія я раю наведаць

1.k_atamanchyk, адназначна. Гэта будучыня маёй краіны. Што не чытае k_atamanchyk, тое не чытае ніхто.

2.burbalka — фантастычная фрэнд-стужка: цемрашалы ўсіх краёў, у тым ліку беларускамоўныя, габрэі, геі і жанчыны.

3.skepsys — рэдкі выпадак: музыка зь інтэлектам ды пачуцьцём гумару.

4.ksanfik — мой выкшталцоны адзінаверац, якога яшчэ ня позна зьбеларусізаваць.

5.krywal — абсалютнае дабро белнэту. Вы яму слова — ён Вам дзесяць. Кажуць, што гэта мае гены.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG