Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падставы рацыянальнага аптымізму


Севярын Квяткоўскі (<a href="http://abrykos.livejournal.com" target="_blank">abrykos</a>)
Севярын Квяткоўскі (<a href="http://abrykos.livejournal.com" target="_blank">abrykos</a>)
Беларускае грамадзтва будзе структурызавацца. Яно і цяпер паціху зьмяняецца, ствараючы новыя нішы, але зьмяняецца павольна і нябачна няўзброеным вокам. Формулы посьпеху ў грамадзтве, прафэсійныя, культурныя прыярытэты, нацыянальная самаідэнтыфікацыя… У БССР усё было вельмі проста — школа, камсамол, партыя, добрая праца пад крылом дзяржавы (іншых крылаў не было). Большасьць сучасных беларусаў мысьляць па старым шаблёне: школа, ВНУ, добрая пасада ў дзяржструктуры. Альбо бізнэсе, які “крышуе” дзяржава. Як і ў БССР для людзей у асабістай кар’еры найкаштоўнейшымі зьяўляюцца асабістыя сувязі, а ня ўласныя прафэсійныя якасьці.

Тым ня менш, нябачнае праз ТВ і газэты, у краіне існуе іншае грамадзтва, якое не залежыць ад напрацаваных за часы БССР схемаў. З дапамогай інтэрнэту актыўныя ў розных галінах людзі самастойна знаходзяць самарэалізацыю, заробак. Тэндэнцыя будзе працягвацца. Пад дзяржавай будуць заставацца адно вядомыя, але не вядоўцы.

Раней ці пазьней у Беларусі адбудзецца падзел на беларускіх беларусаў і небеларускіх беларусаў. Самыя розныя сацыялягічныя дасьледаваньні сьведчаць, што непрыязна да беларускай мовы і ідэі беларушчыны настроеныя 30-40% насельніцтва. “Нашых” болей, але і “іхных” шмат. Я мяркую, што не ў малую чаргу непрыяцелі беларушчыны — ахвяры афіцыйнай прапаганды ад часоў позьняй БССР, калі ішла татальная русіфікацыя. Спадкаемцы падобнай ідэалёгіі кіруюць ў краіне дагэтуль на розных пасадах. Маю надзею, што сярод “нашых” больш актыўных грамадзянаў, а сярод “іхных” — пасіўных у соцыюме грамадзянаў. А таму крышталізацыя беларушчыны адбудзецца адносна бяз болі.

Што да самай бліжэйшай будучыні, у эканоміцы “адліга” мусіць перайсьці ў “перабудову”, то бок дробны прыватнік ізноў атрымае магчымасьць спакойна “круціцца”. Што да беларушчыны, якімі б не былі вынікі перапісу, ягоныя лічбы дадуць падставы патрабаваць ад Канстутыцыйнага суду ўводу квотаў што да мовы навучаньня і працы СМІ. Напрыклад, калі ў Ленінскім раёне Меснку, дзе я жыву, усяго 10% назавуць беларускую мову роднай, будзьце ласкавыя, прапарцыйна стварайце колькасьць садкоў і школ з адпаведнай мовай навучаньня. Па закону. Але, калі меркаваць, што ў нас у выбарчай акрузе за БНФ заўжды галасавала каля паловы выбарцаў, вынікі мусяць быць большымі :)

А наагул, Беларусь рана ці позна пяройдзе на эўрапейскія стандарты ва ўсіх сфэрах жыцьцядзейнасьці. Нават у аўтакратычнай краіне паволі эўрапейскія стандарты заваёўваюць папулярнасьць: ці то ў будове працы ў гіпэрмаркеце, ці то на прыватным падворку. І чым раней на падобныя стандарты пяройдзе канкрэтны чалавек, тым больш у яго шанцаў ня стаць аўтсайдэрам, але стаць фаварытам жыцьця ў Беларусі.

Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі, abrykos.livejournal.com/profile
Нарадзіўся 30 сакавіка 1973 году. Творчую дзейнасьць як літаратар пачаў у газэце “Наша Ніва” ў 1992 годзе. Як журналіст дэбютаваў на “Radio 101,2 FM” у 1995, потым працаваў у газэце “Имя”, у беларускай рэдакцыі “Польскага радыё”, “Радыё Рацыя”, “Радыё Свабода”, ад 2008 — кіраўнік грамадзкага блогу budzma.org

1. Навошта я пішу блог


Для мяне блог — мой асабісты міні-СМІ. У мяне ёсьць публіцыстыка, навіны, камэнтары, рэпартажы, абвесткі, дайджэст цікавых мне інфармацый. Гэта мая прыватная інфармацыйная тэрыторыя. Мой блог/дзёньнік амаль ня мае падзамочных (бачных вузкаму колу людзей) запісаў — я пішу для чытачоў.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

Аўтарская грамадзкая журналістыка, дзе факт падаецца з аўтарскай пазыцыі таго, хто публікуе. Люблю апэратыўнасьць рэфлексіі блогераў, люблю назіраць як грамада выбірае самае важнае на сёньня.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Фрэнд-стужка — гэта вінігрэт, дзе пра якую-кольвек гармонію, ладную канцэпцыю, фармат ня можа быць гаворкі. Фрэнд-стужка на 100% непрадказальная. Ты можаш з добрым настроем пачаць чытаць і не заўважыць, як ужо гадзіну ваюеш з кімсьці, адстойваючы сваю пазыцыю. Зрэшты, з часам вучысься правілам навігацыі ў блогасфэры :)

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

a-tatarintsev.livejournal.com — бізнэсмэн Аляксандар Татарынцаў, сядзіць у турме (былы галава Джэм-банку). Ня ведаю, як ён посьціць свае допісы — праз інтэрнэт з камэры ці перадае праз адваката. Татарынцаў разважае на дзьве тэмы: беларуская эканоміка і чалавек за кратамі — захапляльна і павучальна.

poczobut.livejournal.com — гарадзенскі журналіст і гісторык Андрэй Пачобут змагаецца з савецкімі дэманамі часоў Сталіна і сёньняшнімі. Прынцыпова, бескампрамісна выкрывае НКВД, КГБ і КДБ ды спадарожныя ім ўтварэньні, агулам і па пэрсаналіях.

bacharevic.livejournal.com — Празаік Альгерд Бахарэвіч публікуе ў сваім дзёньніку не мастацкую літаратуру, а цудоўную эсэістыку і публіцыстыку. Для ўсіх, каго цікавіць сучасная літаратура.

kilgor-trautt.livejournal.com — блог Мікалая Халезіна, стваральніка і кіраўніка менскага "Свабоднага тэатру". Апроч навінаў (посьпехаў) тэатру, Мікалай дзеліцца ўражаньнямі ад падарожжаў і ад падзеяў у Беларусі. Шчыра, кропкавымі ўдарамі раскрывае той ці іншы востры сабж.

vadim-i-z.livejournal.com — выкладчык адной з дакладных навук у менскім ВНУ. Вялікі аматар Меснку: гісторыі сучаснасьці гораду. Вялікі энтузіяст папулярызацыі ведаў пра Меснк. Калі чытаеш ягоны блог, складаецца ўражаньне, што Вадзім ведае горад ледзь не да кожнай цаглінкі, але кожны раз адкрываеш штосьці новае ў ягоным блогу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG