Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нашыя дзяды


Зьміцер Панкавец (<a target="_blank" href="http://andorac.livejournal.com" target="_blank">andorac</a>)<br />&nbsp;

Зьміцер Панкавец (<a target="_blank" href="http://andorac.livejournal.com" target="_blank">andorac</a>)<br />&nbsp;


Прысьвячаецца дзеду Міцю


Звычайна яны зьяўляюцца на лаўках бліжэй да вечара, калі яшчэ не пачынае сутонець, але ўся праца па гаспадарцы зробленая (нават палітыя з доўгага шлянгу грады з гуркамі). Застаецца толькі чакаць кароваў, якіх прыганяюць з пасты а дзевятай вечара. Бабы садзяцца на адной лаўцы, дзяды — на іншай (як правіла, праз дарогу). У баб, вядома ж, свае бабскія размовы. Гаспадарка, дзеці, унукі, балячкі, хваробы, скаціна, сена. Бабы ня могуць маўчаць. Затое маўчаць мужыкі.

Гэта апошняе пакаленьне беларускіх мужчын, якія змаглі дажыць да старасьці. Сёньняшнія, праз п’янства і слабае здароўе, паміраюць маладымі. Іх хаваюць у 40, 50 гадоў. І шчасьце бацькоў, калі яны ня бачаць сьмерцяў сваіх дзяцей, — паміраюць раней.

Яны сядзяць моўчкі. Нават на цёплае надвор’е апранутыя ў гумовыя боты, цяжкія нагавіцы, баечныя кашулі (абавязкова зашпіленыя на апошні гузік!), выцертыя ў лакцях пінжакі і кепках. Рэдка хто выходзіць на двор з голай галавой. Яны проста ўзіраюцца ў дарогу, у прабягаючыя адна за адной іншамаркі. Са спадзевам на тое, што нехта зь дзяцей, якія жывуць у Мінску, Барысаве, Жодзіне, Віцебску, Пінску, прыедзе не як звычайна ў суботу, а на дзень раней, вырвецца з працы. Яны думаюць пра гэта, але ня кажуць услых.

Толькі час ад часу іхнюю цішыню парушае нечыя рэпліка пра надвор’е. «Заўтра будзе сьпёка», ці «Ноччу пойдзе дождж». Астатняя кампанія гэтаксама моўчкі зь ім пагаджаецца. І так працягваецца зь дня ў дзень. Бо ўсе размовы даўно перагаворная, нічога новага адзін аднаму яны ня скажуць, а паўтарацца яны ня звыклі. Мітусьня — гэта для маладых, для тых, хто яшчэ ня бачыў жыцьцё і каму яно ўсё яшчэ цікавае. З маладымі можна пагаварыць, але па справе. Без усялякай лірыкі і гісторыі.

Вось таму ім толькі і застаецца, што даставаць сваімі брудна-жоўтымі (яны ўжо не вымываюцца ад штодзённай працы і тытуню) пальцамі махорку з унутранай кішэні пінжака і закручваць яе ў газэткі. Мой дзед не любіў куплёныя цыгарэты, бо свая табака здавалася яму куды больш мілай і блізкай. Уласная табака — гонар кожнага паважаючага сябе мужчыны. І яны гэтаксама марудна і нясьпешна падносяць да сваіх шчарбатых ратоў самакруткі. Потым яшчэ і яшчэ…

У адрозьненьне ад баб, мужыкі не рыхтуюць сябе да сьмерці. Не трымаюць у шафах жалобнае, у якім абавязкова просяць сябе пахаваць. Не забіваюць месца на могілках, абносячы яго агароджай і адбіваючыся ад канкурэнтаў. Адзінае, што яны сабе дазваляюць, — гэта захоўваць недзе далёка на гарышчы, побач з тым самым славутым тытунём, дошкі для будучай труны. Хаця падсьвядома яны разумець, што ніхто зь дзяцей пераймаць сябе вырабам труны ня будзе, бо нашмат лягчэй замовіць магазінную, а гэтыя дошкі лепш пусьціць на тое, каб падладзіць падлогу ў хляве сьвіньням ці карове. Тым ня менш, яны вельмі строга забараняюць маладым да іхняй сьмерці чапаць гэтыя рытуальныя дошкі. А яшчэ яны просяць пакласьці ў труну… Так-так, цыгарэты. Бо жыцьцё на тым сьвеце без курава у любым выпадку ператворыцца ў пекла. А так будзе хоць нейкая палёгка і спадзеў.

Іхняя маладосьць прыпала на цяжкія часы (зрэшты, калі яны былі лёгкія). На свае дзіцячыя вочы яны бачылі рэпрэсіі і вайну, адчулі голад і страх. Потым іх забіралі на тры гады ў савецкае войска. І яны ехалі, хто куды. Хто ў Кыргызстан, а хто, як мой дзед, на Далёкі Ўсход. І пасьля арміі яны не вярталіся адразу дадому. Аддавалі перавагу рамантыцы. Ехалі ў Казахстан падымаць цаліну, ці будаваць БАМ. Але не вытрымлівалі доўга. Кідалі ўсё і вярталіся ў родныя вёскі да сваіх бацькоў. Толькі бліжэй да трыццаці яны нарэшце жаніліся зь мясцовымі дзеўкамі, зь якімі нараджалі ад трох да пяці дзяцей.

Ішлі працаваць электрыкамі, дарожнікамі, лесьнікамі, шафёрамі. Працавалі ад відна да цямна. Нельга казаць, што іхнія жыцьці з жонкамі праходзілі бясхмарна і бесклапотна. Не, было рознага. Але чамусьці сярод гэтага пакаленьня справы да разводаў даходзілі крайне рэдка. А на старасьці гадоў забываецца ўсё, у тым ліку і тое, што некалі падавалася важным. Праз паўстагодзьдзя гэта ўсё выглядае проста сьмешным.

Яны з дапамогай сваіх бацькоў і дзядоў будавалі новыя хаты па вёсках. І сёньня абсалютная большасьць вясковых хатаў зробленая іхнімі рукамі. Дзеці ж так і не навучыліся ўласнаручна будаваць свае дамы. За іх гэта рабілі прыежджыя работнікі, шабашнікі. Па новай модзе дамы рабілі цаглянымі, а не драўлянымі.

Нельга сказаць, што яны ня п’юць. П’юць. У нас п’юць усе. Але яны не робяць гэта пры людзях. Не качаюцца, як маладзейшыя, п’янымі ў брудзе. Ня робяць свой алькагалізм нагодай для ўсеагульнага пляткараньня і размоваў. Яны наліваюць сабе стакан, калі садзяцца вячэраць. А яшчэ прывозяць сабе з гораду пляшку чарніла. Гэта нейкі таямнічы рытуал, які я зусім не магу растлумачыць. Дарэчы, вячэраюць таксама бяз словаў. Выпіваюць. Потым яны глядзяць па тэлевізары «Тэлебарометр» і кладуцца спаць, на розных, але недалёкіх ложках. Каб ноччу чуць дыханьне адно аднаго…

Увесь год яны чакаюць лета. Бо недзе глыбока ў душы спадзяюцца, што ўнукаў не аддадуць у летнік, а прывязуць да бабы зь дзедам. Такім чынам, і старэйшыя самі будуць заяжджаць часьцей. Каб абабраць яблыню, ці забраць гуркі, якія сёлета ўрадзілі як ніколі. Яны песьцяць сваіх унукаў. Прымушаючы малых толькі да самай неабходнай працы. Напрыклад, хлапцоў яны вучаць вадзіць каня, калі абганяеш бульбу. Вучыць хадзіць за плугам ужо няма сэнсу. Трэба, каб гэтаму вучылі бацькі. А яны гэтага рабіць ужо ня будуць, бо ім тое даўно ўжо не патрэбнае. Дзяўчат вучаць варочаць сена. Гэта таксама хітрая навука. І ўсіх унукаў яны будзяць а чацьвёртай раніцы, калі прыходзіць чарга на радоўку. Яны толькі для прыліку сварацца на дзяцей, каб не саджалі экран тэлевізара сваімі прыстаўкамі. Але насамрэч гэта адзіная іхняя ўцеха. Тое, што трымае на гэтым сьвеце.

Нашы дзяды ніколі ня скардзяцца на сваё балячкі і здароўе. Колькі вось такіх на сваіх нагах перажывалі інфаркты, а часам нават інсульты. Гэта толькі маладыя звыкліся пры кожнай нагодзе бегчы да лекара. Дарэчы, у шпіталях у самых рэдкіх выпадках вы пабачыце вясковых дзядоў. Ці гэта будуць гарадзкія, ці чужыя, якія прыехалі з Расеі. Зрэшты, калі нават наш мужык і трапляе ў бальніцу, то ўсімі магчымымі спосабамі ён імкнецца адтуль як найхутчэй зьбегчы. Бо няма найстрашнейшай долі, чым паміраць ня ў родным ложку, а ў казённым доме.

Яны ня ходзяць ў цэрквы і касьцёлы. Памятаюць толькі тыя малітвы, якія на ноч шапталі іхныя набожныя маці. Яны не гавораць пра Бога, хаця кожны верыць у нешта сваё. Аднак усе трымаюць у хаце, у красным куце, абразы. На ўсякі выпадак, хоць бы для таго, каб маланка ў дом не ўдарыла.

Яны падпісваюцца на «Звязду», а большасьць зь іх чытала Быкава. На выбарах 1994 году ў першым туры яны галасавалі за Пазьняка і Шушкевіча. Але нікому не расказваюць пра тое, яны ўвогуле мала пра што кажуць. Ім застаецца толькі чуйна спаць па начах, каб пачуць, калі суседнія падшыванцы залезуць па яблыкі ў іхні сад.

Яны ня любяць футбол (за пустату) і міні-спадніцы (за распушчанасьць), але ня робяць ніякіх заўваг. Яны ўвогуле нікога не асуджаюць і ні з кім не спрачаюцца.

Хутка іх зусім не застанецца…

Зьміцер Панкавец
andorac.livejournal.com

Мяне завуць Зьміцер Панкавец, я працую ў газэце “Наша Ніва”, пішу пра палітыку. У жж я — andorac. То бок, жыхар Андоры. Часта пытаюцца, адкуль у мяне такі нік. У 2006 годзе вырашыў стварыцца жж, назву доўга ня мог прыдумаць. Першае, што прыйшло ў галаву — Андора. Справа ў тым, што за дзень да гэтага нашы хлопцы гулялі ў футбол з прадстаўнікамі гэтай карлікавай дзяржавы.

1. Некалі пачынаў яго весьці, каб камэнтаваць дзёньнік адной дзяўчыны. Таго дзёньніка даўно ўжо няма, а мой застаўся. Livejournal уцягнуў. Найперш, гэта выдатны спосаб, каб расслабіцца. Часта выкарыстоўваю яго, каб адкрыта справакаваць сваіх фрэндоў. Таксама праз жж я пазнаёміўся з мноствам выдатных людзей, якія сталі маімі сябрамі.

2. Люблю гарачыя спрэчкі, дыскусіі, дзе не трэба аглядвацца на паліткарэктнасьць. У жж усе роўныя, тут няма аўтарытэтаў. А яшчэ праз жж добра праглядаюцца хваробы нашага грамадзтва.

3. Не люблю, калі некалі беларускамоўныя фрэнды пераходзяць на расейскую.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць.

apostraff — чалавек, які марыць пра ўласную кнігарню ў цэнтры Мінска і заўзятар McLaren у Формуле-1. Тонкі лірык. Шкада, што закінуў гэты дзёньнік. Часам яго не хапае ў жж.

b0rmann — беларус, які жыве ў вёсцы ў Чэхіі. Гадуе двух сыноў і ловіць пацукоў. Мае вельмі эксцэнтрычную зьнешнасьць.

balachon — настаўнік і пісьменьнік з Гомелю. Здаецца, што ён марыць стаць беларускім Міхалам Вівэгам. Спадзяюся, у яго атрымаецца.

fat1901 — дзецям да 18 гадоў гэты дзёньнік чытаць забаронена. Раней ён быў аматарам швэдзкай парнаграфіі, а цяпер стаў яшчэ тым маралістам. Пасты і камэнтары гэтага карыстальніка шакуюць неабазнаных у жж людзей.

kabierac — малады гісторык і выдатны паэт.

lejf — як на мой густ, то найлепшы на сёньня беларускі празаік.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG