Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзяржаўнае тэлебачаньне паказала, як адбывалася запаўненьне перапісных анкет у Драздах, у рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.

Лінгвісты перадусім зьвярнулі ўвагу на адказы кіраўніка краіны адносна роднай мовы і карыстаньня ёю па-за працай.

Апытвала бацьку і сына Лукашэнкаў перапісчыца Цэнтральнага раёну Менску Ірэна Саўко. Дзяржаўныя мэдыі найперш акцэнтавалі ўвагу на пунктах, якія тычыліся мовы:

— Вашае грамадзянства?

— Беларус.

— Да якой нацыянальнасьці Вы сябе адносіце?

— Ну канечне ж — беларус, калі вы мяне абралі прэзыдэнтам.

— Ваша родная мова?

— Беларуская. (Пасьля паўзы). Беларуская, руская мова. Для мяне аднолькавыя дзьве мовы.

— На якой мове Вы звычайна размаўляеце дома?

— А па-рознаму — ад беларускай да расейскай. І на трасянцы таксама.

— Тады я ўкажу і тую, і тую...

— А да якой нацыянальнасьці сябе адносіць Мікалай?

— (Лукашэнка сыну) Ты — беларус? Беларус. Малайчынка!..

Наколькі паказальныя адказы Аляксандра Лукашэнкі? Сваё меркаваньне выказвае мовазнаўца Зьміцер Саўка:

Зьміцер Саўка
“Несумненна, паказальныя. Але гэта крок Лукашэнкі не лінгвіста, а крок палітыка-папуліста. Звычайны папсовы ход: лідэр нацыі выступае і прапаноўвае свайму народу — рабі як я! І гэта значна лепш, чым калі б ён зусім ня выступіў. Я думаю, што колькасьць людзей, якія будуць падаваць беларускую мову як родную, як мову, на якой яны размаўляюць у сям’і, дзякуючы гэтаму падвысіцца. Гэта аб’ектыўна для беларушчыны. Таму, натуральна, крок станоўчы. Наколькі ён прадыктаваны з боку Лукашэнкі інтарэсамі Беларусі, а не ўласнымі інтарэсамі? Ну, гэта ўжо, відаць, палітыкам і паліттэхнолягам разьбірацца ў гэтым пытаньні. Але ў дадзеным кантэксьце Лукашэнка фактычна скруціў дулю Маскве”.

Намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім гэтаксама схільная лічыць, што ўлада нарэшце перастала лічыць беларускамоўны асяродак варожым паводле вызначэньня. Хоць пакуль што гэта дэкляравана толькі на словах:

Алена Анісім
“Можа, для пэўнай часткі насельніцтва гэта і было нечакана. Але, напрыклад, узгадайце, як некалькі гадоў таму распачалася спрэчка: што мы будзем рабіць, калі за незалежнасьць першым будзе выступаць кіраўнік краіны? То бок, у прынцыпе гэтая сытуацыя ўжо прагназавалася. Таму новае тут штосьці толькі для тых, хто ўвогуле слаба цікавіцца палітычнымі нюансамі жыцьця нашай дзяржавы. А для мяне нечаканага нічога ў гэтым няма. Гэта лягічны крок у ланцужку ўсіх тых крокаў, якія былі зробленыя дагэтуль. Але для кожнага беларуса гэта прыемна, я б сказала — усьцешна, таму што нарэшце нейкі рэальны крок павароту да гісторыі, да народа, да сваёй краіны. Ён доўгачаканы”.

Палітык і мовазнаўца Пётра Садоўскі дагэтуль у няведаньні — на колькі спантаннымі былі адказы кіраўніка краіны? Але ў любым выпадку, на думку спадара Садоўскага, гэта пасыл грамадзтву — трэба быць беларусамі:

Пятро Садоўскі
“Я ўважліва слухаў, як Лукашэнка адказваў на пытаньні. Калі гэта было экспромтам і несьвядома, то ўсё роўна ў падсьвядомасьці прэзыдэнта прысутнічала нешта беларускае. Відавочна, што ён ня бачыць сябе па-за Беларусьсю і па-за гэтымі абставінамі, ня можа нікуды шырэй прасунуцца. Думкі пра нейкую шапку Манамаха, прынамсі, адпалі. Ва ўсялякім разе здалося: калі гэта нейкі падсьвядомы пасыл грамадзтву (а мо і сьвядомы), то з мэтай, каб усё ж беларусы сказалі, што яны насамрэч беларусы і што родная мова — беларуская. І ад таго, што дома Лукашэнкі карыстаюцца побач з рускай і беларускай мовай, у мяне станоўчае ўражаньне. Але кажу з усьмешкай, бо ў грамадзтве мы не павінны гадаць, што думае наша начальства. Начальства павінна зразумела гаварыць: куды яно едзе, што яно будзе рабіць, якія прымаць рашэньні. А ў нас усё адно як канцэрт цягнецца”.

Разам з тым, спадар Садоўскі нагадвае: асабіста Лукашэнка першы ў дзяржаве парушыў моўны закон, ініцыяваўшы ўвесну 1995 году рэфэрэндум на карэляцыю статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. Тады як у законе аб рэфэрэндумах наўпрост запісана: сярод іншых пытаньняў, якія нельга выносіць на плебісцыт, забараняецца і рэвізія беларускай мовы. Лукашэнка ж закон праігнараваў і фактычна апусьціў статус роднай мовы, увёўшы ў абарачэньне ў якасьці другой дзяржаўнай расейскую мову.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG