Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі даляр працягвае падаць у параўнаньні да эўра і іншых сусьветных валютаў — учора за 1 эўра на нью-ёркскай біржы давалі 1.4921 даляра.

Рэкорд падзеньня амэрыканскай валюты быў адзначаны ў красавіку 2008, калі за 1 эўра можна было атрымаць 1.5981 даляра.

Што азначае гэтае падзеньне даляра для эканомікі? Адказ залежыць ад таго, у якое месцы эканомікі глядзець.

Для звычайных спажыўцоў у Амэрыцы падзеньне даляра азначае перш за ўсё яго абясцэньваньне. Калі б цэны ў крамах не мяняліся, усё было б о'кэй. Праблема аднак у тым, што цэны шмат якіх тавараў на сусьветным рынку прывязаныя да даляра, а таму, па меры яго спаўзаньня, карабкаюцца ўгору. Разам зь імі ідуць угору оптавыя і розьнічныя цэны тавараў у складах і крамах. Спаўзаньне даляра спажывец балюча адчувае, плацячы з дня на дзень больш за пакупкі.

А калі пашукаць пазытыву, дык падзеньне даляра — наогул вітаная зьява для экспарту, які ацэньваецца ў гэтай валюце. Аслабленьне даляра спрыяе нарастаньню такога экспарту, бо ён робіцца таньнейшы. Гэта ў сваю чаргу спрыяе ажыўленьню тых вытворцаў, якія галоўным чынам працуюць на экспарт і разьлічваюцца ў далярах.

Парадаксальна, спаўзаньне даляра сярод сусьветнага фінансава-эканамічнага крызісу не палохае інвэстараў, якія, калі ўжо наважацца інвэставаць у гэты няпэўны час, якраз даляру аддаюць перавагу перад іншымі валютамі
Сказаўшы гэта, трэба лягічна адзначыць, што ўзмацненьне пазыцыі іншых валютаў у адносінах да амэрыканскага даляра якраз тармозіць экспарт у краінах, якія паслугоўваюцца такімі моцнымі валютамі. Такая сытуацыя якраз у Канадзе, дзе канадзкі даляр (які канадцы пяшчотна называюць loonie — "прыдурак", так бы мовіць) набліжаецца паволі да абменнага курсу 1 : 1 у адносінах да свайго паўднёвага суседа (таго “зь зялёнай сьпінкай”). Канадзкія эканамісты перасьцерагаюць, што далейшае ўзмацненьне іхняга "прыдурка" можа паставіць пад пытаньне эканамічны ўздым і выхад краіны з крызісу, які абрысаваўся апошнім часам.

Парадаксальна, спаўзаньне даляра сярод сусьветнага фінансава-эканамічнага крызісу не палохае інвэстараў, якія, калі ўжо наважацца інвэставаць у гэты няпэўны час, якраз даляру аддаюць перавагу перад іншымі валютамі. Рызыка, зьвязаная з гэтымі інвэстыцыямі, дадаткова цісьне на даляр, вымушаючы яго далейшае падзеньне. Атрымліваецца нешта накшталт зачараванага кола — чым больш інвэстыцый у далярах, тым слабейшая яго пазыцыя.

Экспэрты мяркуюць, што дзяржаўнае ўмяшаньне — то бок, скупка даляраў з фінансавага рынку цэнтральнымі банкамі — можа запыніць некарыснае для большасьці фінансавых гульцоў падзеньне даляра і ўзмацненьне іншых валютаў толькі ў выпадку выкарыстаньня вялікіх фінансавых рэсурсаў і добрай каардынацыі гэтай апэрацыі паміж зацікаўленымі банкамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG