Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога начальніка бабруйскай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, дэпутата Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, першага сакратара Магілёўскага абкама КПБ Уладзімера Алейніка пакаралі на дзевяць гадоў пазбаўленьня волі.

Яго затрымалі сёлета 10 сакавіка за атрыманьне хабару ў памеры 30 тысяч даляраў. У ходзе сьледзтва супраць яго былі заведзеныя чатыры крымінальныя справы. Пра тое, што Алейнік — дэпутат, афіцыйныя крыніцы ня згадваюць.

Наагул жа, паводле афіцыйнай інфармацыі, за дзевяць сёлетніх месяцаў у Бабруйску заведзеныя 94 крымінальныя справы карупцыйнай скіраванасьці. Летась іх было толькі 26. У структуры карупцыйных злачынстваў найбольш — 27 спраў, за спробу даць хабар, а таксама за крадзяжы праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі — 23 крымінальныя справы. Па 14 — за службовае махлярства й атрыманьне хабару. Шэсьць спраў завялі за злоўжываньне ўладай. Афіцыйныя крыніцы называць адзіным горадам ў Беларусі, дзе завялі справу па факце легалізацыі каштоўнасьцяў здабытых злачынным шляхам.

Прычыны росту карупцыйных злачынстваў у Бабруйску афіцыйныя крыніцы не называюць.

Былы дэпутат гарсавету Аляксандар Чыгір адзначае, што у афіцыйных паведамленьнях колькасьць леташніх карупцыйных злачынстваў зьменшаная:

“На пачатку гэтага году былы начальнік управы ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкаму казаў, што ў мінулым 2008 годзе было заведзена 35 карупцыйных спраў. Цяпер жа называюцца — 26. Куды падзеліся адзінаццаць спраў застаецца загадкай. Відавочна, што адбываецца фальшаваньне статыстыкі. Які сапраўдны ўзровень карупцыі ў Бабруйску — ніхто ня ведае. Карупцыянэраў у нас не выкрываюць, а прызначаюць. Тым самым улада паказвае барацьбу з карупцыяй, якой насамрэч няма”.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG