Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэтыцыю на імя генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча з патрабаваньнем скасаваць артыкул 193 Крымінальнага кодэксу перадалі актывісты праваабарончых і моладзевых арганізацыяў.


Некаторыя ўдзельнікі акцыі былі апранутыя ў строі Дзедаў марозаў.

Сярод тых, хто перадаваў пэтыцыю былі: кіраўнік БХК Алег Гулак, юрыст Валяньцін Стэфановіч, былы дэпутат Вярхоўнага савету 13-га скліканьня Валеры Шчукін, намесьніца старшыні Моладзі БНФ Аляксандра Клімовіч.

Яны патлумачылі, што абралі такі фармат акцыі, каб паказаць абсурднасьць гэтага артыкулу.

“Артыкул улады выкарыстоўваюць для таго, каб ціснуць на прадстаўнікоў дэмакратычнага руху. Паводле гэтага артыкулу можна прыцягваць да адказнасьці амаль кожнага другога грамадзяніна краіны. Гэта могуць быць аматары пчалярства, гурток макрамэ і нават “дзяды марозы” — іх таксама пры жаданьні можна прыцягнуць да адказнасьці за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі Дзядоў марозаў”, — заявіў адзін з удзельнікаў акцыі.

Прадстаўнікі пракуратуры прынялі заяву. Яны таксам паабяцалі, што бліжэйшымі днямі дашлюць пісьмовы адказ.

Людзі ў форме Службы бясьпекі пракуратуры патрабавалі ад фотакарэспандэнтаў паказаць, што тыя зьнялі, а таксама патрабавалі выдаліць здымкі будынка пракуратуры, што месьціцца на вуліцы Інтэрнацыянальнай.





Правяраюць дакуманты ва ўдзельнікаў акцыі

Cупрацоўнікі аховы даглядаюць апэратэра БелаПАН Васіля Сямашку


Артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь
"... арганізацыя дзейнасьці або ўдзел у дзейнасьці палітычнай партыі, іншага грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонду, якія не прайшлі ў вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю, —

караюцца штрафам, ці арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці пазбаўленьнем волі на тэрмін да двух гадоў".


Як ўжываюць артыкул 193-1, камэнтар экпэрта:


Валянцін Стэфановіч
“Сёлета было заведзена дзьве справы. Таксама было вынесенае папярэджаньне пракуратурай па дзейнасьці “Маладога фронту” ў Берасьці”, — гаворыць юрыст Валяньцін Стэфановіч.

У адказ на пытаньне, чаму апошні часам удзел у незарэгістраваных арганізацыях караецца штрафам, а не зьняволеньнем, Стэфановіч заявіў: “Гэта зьвязанае з пазыцыяй міжнародных арганізацыяў”.


У сваёй рэзалюцыі ў студзені 2009 году Эўрапарлямэнт заклікаў афіцыйны Менск паважаць правы чалавека, у прыватнасьці “ўнесьці неабходныя зьмены ў Крымінальны Кодэкс, скасаваўшы артыкулы 367, 368 і 369-1, а таксама артыкул 193, якія часта выкарыстоўваліся ў якасьці сродку ціску”.

У верасьні 2009 году міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне “Грамадзянская Беларусь” атрымала зь Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь адказ на сваю прапанову аб скасаваньні сумнавядомага артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

У лісьце, які падпісаў намесьнік міністра юстыцыі Ігар Тушынскі, гаворыцца: на дадзеным этапе мяркуецца замяніць крымінальную адказнасьць за гэткія дзеяньні на адміністратыўную адказнасьць.



Працэдура скасаваньня артыкулу 193-1,

камэнтар экпэрта:


Сяргей Альфер
“Ёсьць суб’екты заканадаўчай ініцыятывы, якія могуць выйсьці на парлямэнт з прапановай зьмяніць артыкул закону. Суб’ектамі заканадаўчай ініцыятывы зьяўляюцца альбо прэзыдэнт, альбо ўрад”, — кажа юрыст Сяргей Альфер.

“Прапанова павінна прайсьці тыя самыя працэдуры, як і новы закон: першае чытаньне, другое чытаньне, рашэньне. Рашэньне Палаты прадстаўнікоў прымаецца большасьцю галасоў. Пасьля дакумэнт перадаецца ў Савет Рэспублікі. Калі Савет Рэспублікі яго ўхваляе, падпісвае прэзыдэнт. Сама па сабе гэтая працэдура можа быць доўгай, а можа быць і кароткай. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў могуць замест двух чытаньняў прыняць законапраект і ў адным чытаньні і хутка правесьці законапраект”.

“Ёсьць яшчэ адна працэдура: прэзыдэнт можа ўнесьці тэрміновую прапанову. Тады парлямэнт павінен цягам 10 дзён разгледзіць прапанову. Гэты час усё можна зьмяніць. Усё можна мяняць і правіць, але для гэта патрэбная палітычная воля кіраўніцтва нашай дзяржавы”.

Каго каралі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі


Эніра Браніцкая

4 жніўня 2006 году былі абвешчаныя прысуды сябрам незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”. Эніра Браніцкая асуджаная на 6 месяцаў пазбаўленьня волі.
Аляксандар Шалайка

Аляксандар Шалайка быў асуджаныя на 6 месяцаў пазбаўленьня волі


Цімафей Дранчук

Цімафей Дранчук – на год калёніі агульнага рэжыму


Мікола Астрэйка

Мікола Астрэйка – на два гады калёніі агульнага рэжыму


Зьміцер Дашкевіч
5 верасьня 2006 году лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт” Дзьмітры Дашкевіч быў асуджаны паводле артыкулу 193-1 да 1 года і 6 месяцаў зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.
Наста Палажанка
29 траўня суд Савецкага раёну Менску пакараў актывістаў “Маладога фронту”. Насьце Палажанцы было вынесена папярэджаньне
Зьміцер Хведарук

Зьмітру Хведаруку - штраф 1 мільён 240 тысячаў беларускіх рублёў (578 даляраў ЗША)

Аляксей Янушэўскі

Аляксею Янушэўскаму - штраф па 930 тысячаў рублёў (433 даляры)


Барыс Гарэцкі


Барысу Гарэцкаму - штраф па 930 тысячаў рублёў (433 даляры)


Алег Корбан


Алегу Корбану - штраф па 930 тысячаў рублёў (433 даляры)


Іван Шыла


4 верасьня 2007 году Івану Шыле ў Салігорску далі папярэджаньне


Наста Азарка
4 верасьня 2007 году Насту Азарку ў Нясьвіжы пакаралі штрафам у 1 мільён 240 тысяч рублёў (40 базавых велічыняў)
Яраслаў Грышчэня

Яраслава Грышчэню 11 верасьня 2007 аштрафавалі на 930 тысяч рублёў у Баранавічах.

Кацярына Салаўёва
8 красавіка 2008 года Кацярыну Салаўёву пакаралі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” аштрафавалі на 1 мільён 750 тысяч рублёў.
XS
SM
MD
LG