Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Шыльда свабоды

Менск, вуліца Кірава, 21

У гэтым будынку з 1992 да 2003 году працаваў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, у якім была рэалізаваная новая канцэпцыя нацыянальнай адукацыі. Пасьля забароны ўладамі дзейнічае падпольна.

Беларускі гуманітарны ліцэй — першая сярэдняя навучальная ўстанова, якая паламала стандарты савецкай адукацыйнай сыстэмы. Тут самыя яркія пэдагогі на беларускай мове ня толькі даюць трывалыя веды будучай нацыянальнай эліце, але і вучаць свабодзе.

Нараджаўся ліцэй зь ініцыятывы Таварыства беларускай мовы на энтузіязьме кінарэжысэра, будучага дырэктара ўстановы Ўладзімера Коласа.

Калі ў 1991 годзе пасьля няўдалага путчу пачаўся падзел маёмасьці кампартыі, гарадзкія ўлады прапанавалі ліцэю будынак былой Вышэйшай камсамольскай школы на вуліцы Кірава. Уладзімер Колас напісаў у Савет міністраў просьбу, і нібыта распараджэньне аб перадачы будынка было падпісанае:

“Але раптам усё памянялася. Напэўна, да спадара Кебіча нехта падплыў з уплывовых асобаў, якія “прыхватызоўвалі” тады гэтую маёмасьць. І ён усё памяняў. І тады мы вырашылі захапіць гэты будынак. Там куча сядзела розных каапэратываў. Мы ўвайшлі туды — і настаўнікі, і бацькі, і дзеці туды праніклі — і зачынілі дзьверы на швабру. Звонку таксама засталіся нашыя людзі. Гэта было да таго, як пачаўся працоўны дзень. Калі прыйшлі каапэратыўшчыкі, яны выклікалі АМОН. Мы з камандзірам палка паехалі ў Савет міністраў. А там ужо знаходзіліся нашы дэпутаты Лявон Баршчэўскі, Валянцін Голубеў, Алег Трусаў, Ніл Гілевіч, якія правялі перамовы з Кебічам. Той зноў памяняў сваё рашэньне і падпісаў распараджэньне аб выдзяленьні нам будынка”.

У гэтым будынку ліцэй правёў дзесяць гадоў свайго жыцьця. Амаль усе выпускнікі без праблемаў паступалі на самыя прэстыжныя спэцыяльнасьці беларускіх і замежных унівэрсытэтаў. Яны ж станавіліся актывістамі апазыцыі.

І з 1996 году ўлады пачынаюць душыць ліцэй: адбіралі будынак, прапаноўвалі зьліцца зь іншымі навучальнымі ўстановамі, здымалі Ўладзімера Коласа з пасады дырэктара. У 2003 было прынятае канчатковае рашэньне аб ліквідацыі ліцэя. Адзін з апошніх дзён у будынку на вуліцы Кірава, 21 успамінае былы ліцэіст, журналіст Глеб Лабадзенка:

“Калі паўстала гаворка пра закрыцьцё ліцэя і нам прыслалі зь Міністэрства адукацыі новую дырэктарку, якую звалі Тамара Шчарбацэвіч, у яе выкладчыкі пачалі пытацца, якую яна замежную мову ведае. Высьветлілася, што ніякай. Высьветлілася, што і беларускай мовы яна таксама ня ведае. Калі ж яна сказала, што нічога страшнага, — вывучу, дык Васіль Сёмуха сказаў ёй, што ў нас трошкі іншыя мэты, каб вучыць вас. Калі прыехаў міністар Брыгадзін са сваімі намесьнікамі, каб улагодзіць нас да гэтай дырэктаркі, мы сядзелі на ліцэйскай лесьвіцы і сьпявалі “Gaudeamus igitur” — сусьветны студэнцкі гімн. І намесьнік ціхенька пытаецца ў Пятра Брыгадзіна: “На каком языке они поют?”

Цяпер вучэбны працэс працягваецца ў падпольлі: на прыватных кватэрах, у загарадных дамах, за мяжой — у Польшчы, Літве. У цэнтры Эўропы на пачатку ХХІ стагодзьдзя працуе партызанская школа. Так вобразна сталі называць ліцэй.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG