Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 кастрычніка 2000 году ў Беларусі адбыліся выбары ў Палату прадстаўнікоў другога скліканьня. Назіральнікі АБСЭ прызналі, што яны не адпавядалі міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў.Таксама гэта былі апошнія выбары, калі асноўныя апазыцыйныя партыі заклікалі да байкоту.

У Палату прадстаўнікоў патрапілі тады, да прыкладу, беспартыйныя Вольга Абрамава і Ўладзімер Навасяд. А таксама Валеры Фралоў, Сяргей Скрабец і Ўладзімер Парфяновіч, якія потым аб’явілі галадоўку супраць падаўжэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі, за ўнясеньне зьменаў у выбарчае заканадаўства. Аднак асноўныя партыі, якія складалі Каардынацыйную нараду дэмакратычных сілаў байкатавалі выбары. Сябра сойму Партыі БНФ Віктар Івашкевіч адзначыў:

“Вынік байкоту парлямэнцкіх выбараў прыводзіў да таго, што міжнародныя, эўрапейскія структуры не прызнавалі гэты парлямэнт легітымным. У гэтым былі дасягненьне і вынік тактыкі байкоту. Бо калі б усе бралі ўдзел і ніякім чынам не акцэнтавалі ўвагу на недэмакратычнасьць выбараў, то цалкам верагодна, што гэтыя парлямэнты маглі б быць прызнаныя дэмакратычнымі. Байкот быў змаганьнем супраць фальшаваньняў “палатачных” выбараў. Што да прэзыдэнцкіх выбараў, то тут гульня па вялікім рахунку, і ў іх трэба браць удзел. Удзел у гэтых выбарах мае значэньне, як шанец павярнуць сытуацыю”.

Уладзімер Навасяд балятаваўся на выбарах і дзеля гэтага прыпыніў на той час сяброўства ў АГП, якая далучылася да байкоту.

“Я застаюся актыўным прыхільнікам удзелу ў выбарах. Бо гэта ёсьць магчымасьць легальна працаваць з насельніцтвам, даносіць свае думкі, праграмы. Тым больш, што ў наступным годзе ў нас будуць прэзыдэнцкія выбары. І відавочна, што эканамічны стан зараз у краіне спрыяе таму, каб мы больш настойліва выкарыстоўвалі легальныя спосабы працы”.

Паводле палітоляга Вячаслава Оргіша, байкот ня быў плённым, а прывёў да яшчэ большага разбурэньня ўнутранай структуры апазыцыі. Бо адны пайшлі на выбары, а другія байкатавалі.
Апазыцыі трэба шукаць сваё месца ў сыстэмным працэсе. У іншым выпадку яе чакае поўная маргіналізацыя.

“Адны заклікалі да байкоту, а другія казалі, што трэба выставіць пэўныя ўмовы і патрабаваць, каб гэтыя ўмовы былі выкананы. Пасьля выкананьня гэтых умоваў, ісьці на выбары. Ва ўсякім разе паставіць удзел у выбарах у залежнасьць ад паправак, якія трэба было ўнесьці ў выбарчае заканадаўства.Такой пазыцыі трымаўся і я”.

Як ставіцца спадар Оргіш да выкарыстаньня тактыкі байкоту ў будучых выбарах?

“Трэба ж паглядзець, якая ўдзельная вага апазыцыйных структур у палітычным жыцьці. На сёньня яна вельмі малая. І спроба такім чынам нешта перакуліць, перавярнуць наўрад ці прывядзе да станоўчага выніку. Трэба ўсё ж апазыцыі шукаць сваё месца ў сыстэмным працэсе. Гэта балюча, непрыемна, бо трэба наступаць на горла сваёй песьні. Але ў іншым выпадку апазыцыю чакае поўная маргіналізацыя. Калі яшчэ ў тым жа 2000 годзе апазыцыю ўсё ж падтрымлівалі зьнешнія гульцы, то сёньня падтрымка з боку таго ж Захаду фактычна нулявая. І трэба прыняць стратэгічнае рашэньне, прыняць стратэгічны выбар”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG