Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі “Беларускі рэлігійны друк на Захадзе”


Юры Гарбінскі з сваёй кнігай.<br />&nbsp;

Юры Гарбінскі з сваёй кнігай.<br />&nbsp;

У Менску ў Літаратурным музэі Янкі Купалы адбылася прэзэнтацыя дасьледаваньня гісторыка Юр’я Гарбінскага “Беларускі рэлігійны друк на Захадзе: пэрыёдыка, графічныя друкі (1945—2005)”. Гэта сумеснае выданьне Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, катэдры Беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту і Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук.


Гэта найбольш грунтоўнае аналітычнае дасьледаваньне, прысьвечанае наагул друкаваным выданьням беларускай эміграцыі. У асобным разьдзеле саліднага фаліянту, аб’ём якога каля 900 старонак, аўтар разглядае асаблівасьці разьвіцьця пэрыядычнага друку беларусаў на Захадзе, тэматыку і пэрыядычнасьць выданьняў, тэхнічныя асаблівасьці, наклады, кошты, спосабы распаўсюджваньня. Доктар філялягічных навук прафэсар Арсен Ліс кажа:

Прамаўляе Арсен Ліс.

“Усякая пэрыёдыка за мяжой вельмі важная ў тым аспэкце, што яна дазваляе захоўваць нацыянальную ідэнтычнасьць і прысутнасьць нашых людзей, нашай дыяспары ў сьвеце, і тым самым сьведчыць аб беларусах і Беларусі перад усім сьветам”.

Аўтар кнігі, гісторык Юры Гарбінскі правёў працу ў архівах і бібліятэках розных краінаў. На аснове параўнаньня зьвестак пра беларускі пэрыядычны друк на Захадзе цалкам і рэлігійны друк як асобную яго галіну адмысловы разьдзел сваёй кнігі аўтар склаў у выглядзе статыстычных табліц, дыяграм, схем. Значнай дапамогай у складаньні такой статыстыкі стала “Бібліяграфія беларускага друку на Захадзе” Зоры і Вітаўта Кіпеляў. Але аўтар працаваў ня толькі з архіўнымі матэрыяламі, падшыўкамі, выданьнямі, кажа прафэсар Арсен Ліс:

“Юры Гарбінскі выкарыстаў многа інфармацыі, як кажуць, зь першых рук, ад удзельнікаў гэтага друку. Гэта інфармацыя вельмі жывая і дае вельмі рэальную і канкрэтную карціну наагул выданьня, характар выданьня, мову, абставінаў, арганізацыю гэтых выданьняў”.

Сваё дасьледаваньне Юры Гарбінскі прысьвяціў памяці Зоры Кіпель і Алены Юрэвіч. Паслухаем самога аўтара:

Яны прыехалі і будуць кожны раз вяртацца сюды, да сябе, да сваіх каранёў кніжкамі
“Хачу вам прачытаць адну рэч, вельмі сакрамэнтальную і надзвычай далікатна-прыватную. Тыя, хто пакідаў Беларусь у 1944 годзе, верылі ў тое, што яны праз год-два вярнуцца сюды. У рукапіснай паштоўцы, якую падрыхтавалі Зора Савёнак, будучая Зора Кіпель, і яе сяброўка Вітаўту Кіпелю, тады 17-гадоваму юнаку, яны напісалі: “Дарагі Вітуся, віншуем з днём народзінаў. Жадаем здароўя, посьпехаў у навуцы і хуткага вяртаньня на каханую Бацькаўшчыну. Рэгенсбург, 3-га траўня 1946 году”. Але ішлі гады, і яны не маглі прыехаць у Беларусь. На шчасьце, яны прыехалі і будуць кожны раз вяртацца сюды, да сябе, да сваіх каранёў кніжкамі”.

Аўтар дорыць асобнік кнігі прафэсару Міхасю Мушынскаму.

Дасьледаваньне Юр’я Гарбінскага багата ілюстраванае і якасна выдадзенае: у ім каляровыя выявы графічных друкаў, вокладак і тытульных лістоў вялікай колькасьці выданьняў, маркі, паштоўкі, дыяграмы, табліцы. Прафэсар Арсен Ліс:

“Пра кнігу Гарбінскага можна гаварыць вельмі многа. Яна дае масу карыснай інфармацыі: літаратуразнаўчай, культуразнаўчай, гістарычнай. Асабліва важную ўяўляе крыніцу для тых, хто цікавіцца гісторыяй эміграцыі”.

Раней Юры Гарбінскі выдаў яшчэ два грунтоўныя дасьледаваньні: “Беларускія рэлігійныя дзеячы XX стагодзьдзя. Жыцьцяпісы, мартыралёгія, успаміны” і “Мікалай Лапіцкі ў служэньні Богу і Беларусі”.
XS
SM
MD
LG