Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра Партыі БНФ 10-ты раз не ўзялі на працу


Леанід Аўтухоў

Леанід Аўтухоў

Старшыня Гарадоцкай суполкі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў чарговы раз паспрабаваў уладкавацца на працу па накіраваньні Цэнтру занятасьці. Сёньняшняя, 10-я па ліку спроба зноў аказалася безвыніковай.

Леанід Аўтухоў распавёў, што атрымаў накіраваньне ў Гарадоцкі лясгас, бо там былі вакансіі рознарабочых і раскрыжоўшчыкаў лесу. У аддзеле кадраў гэта спачатку пацьвердзілі, аднак запыталіся: “Ці ня той вы Аўтухоў, які “бээнэфавец”. Апазыцыянэр пацьвердзіў, што ён ня толькі “бээнэфавец”, але й старшыня мясцовай партыйнай суполкі.

Пасьля гэтай заявы актывіста выклікаў да сябе дырэктар лясгасу, паведаміў, што вакансій рознарабочых ужо няма, а для працы раскрыжоўшчыка неабходнае пасьведчаньне пра адпаведную кваліфікацыю, якога Леанід Аўтухоў ня мае.

Актывіст кажа, што 10 разоў цягам гэтага году спрабаваў уладкавацца на працу толькі афіцыйным шляхам — праз Цэнтар занятасьці. Прыкладна столькі ж разоў прыходзіў да працадаўцаў сам і па пратэкцыі знаёмых. Адмовы звычайна гучалі адразу пасьля таго, як у ім пазнавалі вядомага ў раёне апазыцыянэра.

Леанід Аўтухоў страціў працу ў сакавіку 2007 году. Ён працаваў апэратарам ачышчальных збудаваньняў у Гарадку, і зь ім не працягнулі кантракт пасьля таго, як ён пачаў адкрыта выказваць свае палітычныя погляды і браць удзел у апазыцыйных акцыях.
XS
SM
MD
LG