Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вёсцы Баркалабава, што на Быхаўшчыне, зьбіраюцца закласьці казацкую станіцу. Афіцыйныя крыніцы паведамілі, што казакі ў вёсцы будуць ахоўваць і забясьпечваць жыцьцядзейнасьць тамтэйшага жаночага манастыра. Як і ад каго зьбіраюцца казакі бараніць праваслаўную сьвятыню афіцыйныя крыніцы не паведамляюць.

Атаман магілёўскай казацкай акругі Ігар Хадасевіч цьвердзіць, што бараніць манастыр трэба ад людзей зь неадэкватнымі паводзінамі. Неабходнасьць ахоўнай дзейнасьці ён апраўдвае жнівеньскім здарэньнем у магілёўскім саборы Трох Сьвяціцеляў. Тады псыхічнахворы чалавек параніў нажом япіскапа Сафронія:

“Я ж не гаварыў такога, што мы зачынім уваход у Баркалабаўскі манастыр. Пад аховай маецца на ўвазе ня чыста сілавое ўзьдзеяньне на чалавека, а перадусім дапамога пры правядзеньні сьвятаў ды іншых мерапрыемстваў. Дапамога праваслаўю.
Я ведаю, што такое чатыры-пяць тысяч вернікаў, якім не сказалі ў патрэбны момант арганізавацца.
Я ведаю, што такое чатыры-пяць тысяч вернікаў, якім не сказалі ў патрэбны момант арганізавацца”, — тлумачыць Ігар Хадасевіч.

Намер закласьці ў Баркалабаве казацкую станіцу зьявіўся ў кулюарах нядаўна адбытага “Залахвенскага фэсту”. На ім абмяркоўвалі пэрспэктывы разьвіцьця на Магілёўшчыне агратурызму. За ідэю закладаньня казацкага паселішча агітаваў праваслаўны сьвятар з Бабруйска.

Жыхары самога Баркалабава ня дужа разумеюць неабходнасьць прысутнасьці казакаў іх вёсцы:

“Я па гісторыі ня чуў нешта, каб у Беларусі былі свае беларускія казакі. Так калі Налівайка ў Баркалабава наяжджаў і дзевак, выбачайце за выраз, “порціў” і многія з нашых тады туды паехалі на Дон — дык гэта ясна. А каб у нас так, як менавіта было на Доне — такога ў нас не было. Думаю, што гэта ўся надуманая кампанія з казакамі з гэтымі”, — сумняваецца баркалабавец Іван.

Станіца, якую казакі зьбіраюцца закласьці ў Баркалабава ня першая ў Магілёўскай вобласьці. Падобны казацкі фарпост ужо не адзін год абжываецца на Бабруйшчыне, у вёсцы Беразовічы. Баркалабаўскую ж станіцу, як паведамляецца, пачнуць узводзіць увесну. У плянах будаўніцтва штабу, стайняў, міні-гатэлю, а таксама гаспадарчых пабудоў для разьвядзеньня свойскай жывёлы.

Магілёўская казацкая акруга — гэта аддзяленьне грамадзкага аб’яднаньня “Беларускае казацтва”. Ці маюць права грамадзкія аб’яднаньні ў Беларусі займацца ахоўнай дзейнасьцю і публічна заяўляць пра яе. Юрыст Уладзімер Лапковіч катэгарычна заяўляе, што не:

“Функцыі аховы правапарадку, аховы правоў і інтарэсаў грамадзянаў — гэта функцыя дзяржавы, якая вынікае і з Канстытуцыі і зь іншых заканадаўчых актаў. Толькі дзяржаўныя органы нясуць адказнасьць за невыкананьне альбо нездавальняючае выкананьне гэтых функцыяў. У нас у Беларусі казакі, якія патрулююць манастыры — гэта ня толькі камічна, але й, зыходзячы зь гісторыі, таксама недарэчна”.

За падобнага роду заявы няўрадавым арганізацыям кантрольныя органы тут жа выносяць сама меней папярэджаньне.



Грамадзкае аб’яднаньне “Беларускае казацтва” лічаць маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча заснавальнікам казацтва на Беларусі. Паводле яго ўказу ў 1654-56 гадах былі заснаваныя казацкія палкі Канстанціна Паклонскага ды Івана Нячая. У той час усходнія землі сёньняшняй Беларусі былі акупаваныя маскоўцамі. Тады ў выніку несупыннай трынаццацігадовай вайны Беларусь страціла каля трох мільёнаў чалавек.

XS
SM
MD
LG