Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго чакае адстаўка? Любога!


Мікалай Андрыянаў, былы дырэктар Беларускага мэталюргічнага заводу Андрэй Башура, былы дырэктар “Беларуськалію”.

Мікалай Андрыянаў, былы дырэктар Беларускага мэталюргічнага заводу Андрэй Башура, былы дырэктар “Беларуськалію”.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка зьмяніў дырэктароў двух найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў — “Беларускага мэталюргічнага заводу” і “Беларуськалія”, а таксама шэраг іншых кіраўнікоў і чыноўнікаў.

Хто з высокапастаўленых кіраўнікоў й чыноўнікаў можа страціць пасаду ў блізкай будучыні? Адказы на гэта пытаньне высьвятлялі рэгіянальныя карэспандэнты “Свабоды”.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


“Могуць зьмяніць найперш старшыню аблвыканкама…”


Кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Юры Істомін лічыць:

Юры Істомін
“Перадусім, могуць зьмяніць старшыню аблвыканкама, паколькі і сацыяльная, і эканамічная палітыка ў рэгіёне праваліліся. Могуць таксама зьмяніць ягоных намесьнікаў, якія адказваюць за справы ў галіне эканомікі і прадпрымальніцтва.

Што датычыць сілавых структураў, то могуць быць зьмены ў бліжэйшы час і ў гэтым блёку. Іх змушаюць больш жорстка працаваць з апазыцыяй, з тымі, хто нязгодны з палітыкай уладаў. Цяпер жорсткія эканамічныя ўмовы і трэба гэтую хвалю нэгатыву ў грамадзтве зьняць”.

Адзін з удзельнікаў рабочага і прафсаюзнага руху ў Горадні Анатоль Хацько мяркуе, што звальненьне кіраўнікоў “Беларуськалія” і мэталюргічнага заводу — гэта толькі “сьняданьне”, “на абед” абавязкова будуць, у прыватнасьці, дырэктары іншых рэгіянальных прадпрыемстваў. Іх могуць пазбавіць пасадаў яшчэ да Новага году, мяркуе спадар Хацько. На якіх гарадзенскіх заводах гэта можа здарыцца?

“Улічваючы тое, што сёньня такія буйныя прадпрыемствы машынабудаваньня, як “Белкард” або “Гандальмаш” працуюць толькі чатыры дні, то дырэктараў можа чакаць звальненьне. Бярэм тыя ж “карданныя валы”, дырэктар там пэнсійнага ўзросту. Яшчэ ёсьць завод такарных патронаў. Я маю на ўвазе, што на тых прадпрыемствах машынабудаваньня, якія нестабільна працуюць, — ня выключана, што будзе зьмена кіраўніцтва. Дзяржава прывяла да таго, што вымыты абаротныя сродкі прадпрыемстваў, зьнішчаны па сутнасьці асноўныя фонды, паколькі абсталяваньне на дзевяноста адсоткаў зношана. Калі лідэр афіцыйных прафсаюзаў Козік заяўляе, што няма такога прадпрыемства, як велазвод, я не выключаю, што заўтра могуць сказаць, што няма такога заводу, як “Гандальмаш”, “Белкард” і, дапусьцім, “Белтапаз” або “такарныя патроны”.

ВІЦЕБШЧЫНА


“Пасады разьмяркоўваюцца не па дзелавых якасьцях, а па ступені адданасьці”


На думку віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава, страціць пасаду можа кожны кіраўнік або чыноўнік вышэйшага зьвяна, калі ён не дагодзіць свайму кіраўніцтву альбо прадэманструе пэўнае вальнадумства:

Павал Левінаў
“Пасады разьмяркоўваюць у нас не па дзелавых якасьцях, а па ступені асабістай адданасьці начальству — такое маё меркаваньне. Вось кажуць, што начальніка аддзела культуры Віцебскага гарвыканкаму зьнялі за тое, што на сцэне падчас урачыстасьцяў да 8-га сакавіка не было дзяржаўных сымбаляў…

І ўвогуле, пасаду можа страціць кожны кіраўнік, які прыме нейкае

самастойнае рашэньне, якое не стасуецца з пазыцыяй вышэйшага кіраўніцтва. У прыватных гутарках чыноўнікі так і кажуць: маўляў, мы ўсё разумеем, але на ўсё ёсьць воля кіраўніцтва, і мы ня можам ёй не падпарадкоўвацца.

Старшыня мясцовай суполкі Партыі БНФ Алесь Шутаў не выключае, што кадравыя перастаноўкі цалкам магчымыя на Аршанскім льнокамбінаце — колішнім гіганце лёгкай прамысловасьці, які цяпер перажывае ня лепшыя часы:

“Параўнальна нядаўна зьмяніўся кіраўнік Аршанскага льнокамбіната — сёлета прызначаны новы. Але іх мяняюць у сярэднім раз на два гады. Я чуў, што прынялі і выдаткавалі грошы на новую праграму разьвіцьця прадпрыемства. На маёй памяці гэта ўжо 4-я ці 5-я праграма, відаць, усе ранейшыя скончыліся правалам. Так што, можна меркаваць, што гэты бясконцы ланцуг звальненьняў будзе працягвацца”.

Спадар Шутаў не выключае, што неўзабаве можа быць зьмешчаны і кіраўнік аршанскага прадпрыемства “Легмаш”. Да гэтай высновы яго падштурхнулі словы прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага:

У сёньняшняй Беларусі лёсы кіраўнікоў вызначаюцца не іхнымі працоўнымі дасягненьнямі ці праваламі
“Сяргей Сідорскі заявіў, што пабываў нядаўна на аршанскім заводзе “Легмаш” і пераканаўся ў бесталковасьці кіраўніцтва. Гэта прагучала па БТ у праграме “Панарама”. Верагодна, зоркі могуць скласьціся так, што можна будзе чакаць адстаўкі сёньняшняга кіраўніка “Легмашу”.

Пра зоркі кіраўнік аршанскай суполкі Партыі БНФ загаварыў невыпадкова. Ён лічыць, што ніякіх рацыянальных прычынаў таго, ці пакінуць кіраўніка на пасадзе, ці зьмесьцяць, сёньня няма:

“Больш дакладна пра тое, ці будзе адхілены ад пасады нейкі кіраўнік, можа сказаць хіба астроляг, а не эканаміст. Бо ў сёньняшняй Беларусі лёсы кіраўнікоў вызначаюцца не іхнымі працоўнымі дасягненьнямі ці праваламі, а тым, як стануць на небе зоркі. Ці, вобразна кажучы, з каторай нагі ўстане нехта з вышэйшага кіраўніцтва краіны ці ўраду”.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Звальненьне прамыслоўцаў — гэта пошук вінаватых


Эканаміст Андрэй Юркоў з Магілёўшчыны лічыць, што прэтэндэнтамі на звальненьне будуць кіраўнікі буйных беларускіх прадпрыемстваў, якія ня здолелі выканаць патрабаваньне Лукашэнкі распрадаць вырабленую й незапатрабаваную прадукцыю.

Андрэй Юркоў
“Гэта, безумоўна, й Менскі аўтазавод, гэта й завод колавых цягачоў. Ні зьдзіўлюся, калі пачнуць у Магілёве мяняць нашыя кадры. На тым жа “Лаўсане”, на заводзе штучнага валакна. Новыя да жалю дырэктары застануцца вырашаць старыя праблемы. Як ён іх будзе вырашаць? Ён іх будзе вырашаць, як імкнуліся вырашаць раней. За кошт унутраных сваіх адміністрацыйных рэсурсаў. Недзе ўзяць адтэрміноўку па падатках, зьніжку па электраэнэргіі, газу… Раз нельга праводзіць сапраўднае разьдзяржаўленьне, раз няма зьверху адмашкі на прыцягненьне замежных інвэстараў, застаецца шукаць вінаватых. Гэта проста безвыходнасьць”.
XS
SM
MD
LG