Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

1.

Львы паміраюць ня кожны дзень, львы паміраюць рэдка, іх у нас мала, можа толькі й быў усяго адзіны і таго не зьбераглі. Львы ёсьць на гербах Ліды і Слоніма, але саміх жывёлаў там няма. Леў наш жыў у гарадзенскім заапарку. Дрэнна жыў. Не, яго кармілі, само сабой, мясам сырым — як і належыць. Але жыў ён як у турме дакладна. І вось ён памёр, і падзея гэтая па-сапраўднаму ўзрушыла жыхароў, прынамсі тых, хто карыстаецца інтэрнэтам.

Навіну гэтую сумную на мясцовым блогу прачыталі амаль тысяча дзьвесьце чалавек. Камэнтароў, праўда, няшмат, але пад кожным падпісаўся б я сам, дальбог. “Памёр з гора Лёва… праз цясноцьце клеткі. Хадзіў небарака з кута ў кут… як на зоне. Ня вытрымала сэрца тэрміну”. У гэтых словах пэўная нават паэзія, што ўзьнікае са скрухі, зь немачы, і гучаць яны як эпітафія гарадзенскаму льву, якога звалі, дарэчы, прыгожа — Сімба…

Яшчэ больш разгорнуты наступны запіс: “Лёва нарэшце адмучыўся: глядзець на гэтыя прыкрыя людзкія пысы і поўзаць у клетцы два на
Хадзіў небарака з кута ў кут… як на зоне.
два мэтры. Напэўна ў гэтым заапарку цяпер некаторыя жывёлы зайздросьцяць яму. Яшчэ і слана зьбіраюцца купляць (ды іншых жывёлаў таксама), лепей бы грошы на ахову выдаткавалі”. А рэч у тым, што ў заапарку пастаянна скардзяцца, што наведнікі нядбайна кормяць жывёлаў, кідаючы ім ежу разам з цэляфанавымі пакункамі, што сьмяротна для многіх. Можна падумаць, не бываюць за мяжой, не цікавяцца — а як там у іншых зьвярынцах? Нехта скептычна заўважае на блогу: паўсюдна відэаназіраньне наладжана, а ў Праскім ля клетак латкі зь ежай — укінь пару манэтаў і пакармі — калі ласка!

Кранае, як гарадзенцы свайго льва-нябожчыка называюць пяшчотна:
“Бядак Лёва пражыў усё сваё жыцьцё, якое павінна адбывацца на прасторы са сьвежым паветрам, пражыў у клетцы два на два — “выдатныя ўмовы”! І такі немы лямант у пустыні: “Замест з жывёлаў зьдзекавацца, лепей на волю іх выпусьціце!!!”

Некалькі гадоў таму памёр гарадзенскі слон Сурак, якога калісьці даставілі з Усходняга Бэрліну ў Горадню, дзе ён сорак пяць гадоў прастаяў літаральна на адным месцы — на “пятачку”. Не пасьпеў памерці, у мясцовай прэсе пачаліся заклікі: давайце зьбіраць грошы на новага слана! Нават ня думаючы, што няма ў Горадні больш-менш прыдатных умоваў для такіх жывёлін.

Слон — ня помнік, і лёў сапраўдны — не вялікая цацка, што сёньня ляжыць у вітрыне на Савецкай вуліцы, не муляж, не выпханы экспанат з краязнаўчага музэю, ён — жывы. Але толькі цяпер у заапарку пачалі пярэчыць: рана думаць пра новага слана, пра новага льва, спачатку ўмовы стварыць трэба для іх, каб не адчувалі сябе як у турме, — дадам я ад сябе. А пагатоў засталася ж яшчэ львіца, ёсьць пра каго дбаць.

2.

Клеткі для жывёлаў, клеткі для людзей, апошняе зусім не архаізм. Заапарк гарадзенскі побач чыгуначным вакзалам, у яго гмаху ў сярэдзіне 1990-х зрабілі сапраўдную клетку для пасажыраў, якраз Беларусь прэзыдэнцкай зрабілася. Клетка з тоўстых прэнтаў прызначалася не для парушальнікаў, а для ўсіх абсалютна пасажыраў, якія выяжджалі за мяжу: праз яе праходзілі перш, чым трапіць у залю з мытнікамі і памежнікамі. Днямі ехалі мы цягніком з беластоцкім гісторыкам Алегам Латышонкам, ён гэтую клетку ўспамінаў з сумнай усьмешкай. У замежнікаў яна часам выклікала панічны настрой, у нас — пачуцьцё прыкрасьці, бо яны, у каго ў кішэні пашпарты з арламі і львамі, зьедуць, а мы застанемся з клеткай.

Былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў у клетцы ў залі суду.
Дзякуй Богу, вакзальная клетка з часам зьнікла. Затое ў судах на кожным кроку яны цяпер. Кантраснае ўражаньне: судзілі калісьці журналістаў Маркевіча і Мажэйку за паклёп на прэзыдэнта, клетка на цэлы судовы будынак была адна-адзіная — для рабаўнікоў і забойцаў. Наступным разам, калі за нешта падобнае сталі судзіць прадпрымальніцкіх лідэраў Леванеўскага і Васільева, клеткі стаялі ва ўсіх без выключэньня залях суду. Ня важна цяпер зь якой нагоды вы раптам трапіце туды — развод, алімэнты, штраф, вас будуць судзіць абавязкова побач з клеткай, як побач з тым дамоклавым мячом. І вы будзеце ў душы радавацца, што знаходзіцеся звонку яе. Бо яна ў беларускім судзе абавязкова павінна быць, безь яе — як бяз рук.

Ці можна спадзявацца, што клеткі гэтыя зьнікнуць некалі, як зьнікла аднойчы нечакана клетка для пасажыраў, што сабраліся “за бугор”? Ніхто ня ведае. Найгоршае, аднак, што пачуцьцё абмежаванасьці рухаў, магчымасьцяў, пачуцьцё клеткі, яно застаецца ў нас усе апошнія гады. Сказаў жа адзін вядомы палітык, што правы чалавека для беларусаў, гэта — магчымасьць хадзіць на працу, атрымліваць заробак і мець дах над галавой. Усё. Астатняе — свабода слова, так бы мовіць вольнае паветра і гэтак далей — бяз гэтага беларусы могуць цалкам абысьціся, вырашыў ён. Сапраўды: чым яны лепшыя ад тых заморскіх зьвяроў, для якіх у эўрапейскіх заапарках хай створаны кавалкі ландшафту, але ж у нас іх можна трымаць у цесных клетках і кідаць за краты бярцовую костку з кавалкам мяса.

Прызнаюся: я толькі аднойчы бачыў льва Сімбу ў гарадзенскім заапарку, зрабіў адзін кадар: годны, шляхетны выгляд, разумныя прыгожыя вочы. Здымак захаваўся. Больш я туды не хадзіў, дапамагчы нашаму льву я нічым ня мог. Сапраўды: ён цяпер адмучыўся. Каго чакае цяпер ягоная клетка “два на два мэтры”?
XS
SM
MD
LG