Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Відаць, як шмат хто з наведнікаў нашага сайту, я прачытаў, амаль ня дыхаючы, матэрыял нашага рэдакцыйнага калегі Сяргея Шупы пра Драсюса Кядзіса, які падазраецца ў забойстве дзьвюх асобаў — па ўсіх відавочных пазнаках, учыненым як акт помсты за гвалтаваньне ягонай 4-цігадовай дачкі пэдафіламі.

А потым я паглядзеў Youtube, дзе дачка Кядзіса хвілін дзесяць распавядае і паказвае, што зь ёю рабілі „дзядзькі”, якіх прыводзіла яе маці. Мне зрабілася вусьцішна і моташна, як тады, калі я глядзеў відэа, як ісламісты адразаюць галаву амэрыканцу, схопленаму ў Іраку...

У мяне самога сямігадовая дачка.

А сёньня зранку мы ў рэдакцыі пачыталі камэнтары да матэрыялу пра Кядзіса і вырашылі, што трэба на іх неяк адгукнуцца. Выпала на мяне.

Я ня лекар і не юрыст, а таму зусім ня ведаю, што такое пэдафілія — хвароба ці злачынства, ці адно і другое. То бок, я ня ведаю, ці трэба пэдафілію лячыць у прымусовым парадку (як нейкія гвалтоўныя выпадкі псыхічнай хваробы, напрыклад), ці, наадварот, можна за яе караць як за злачынства, учыненае здаровым чалавекам. Таму я ня буду камэнтаваць прапановаў тыпу „пэдафілаў на кастрацыю”.

Але мне, як і маім калегам, робіцца няўтульна ад камэнтароў тыпу „собакам собачья смерть” або „шкада, што у нас ніяк ня знойдзецца свой Кядзіс”. І рэч тут ня толькі ў тым, што існуе нешта такое як юрыдычная „прэзумпцыя невінаватасьці” ці народнае „не судзіце без суду”. Рэч, як здаецца, перш за ўсё ў тым, да якой ступені мы ў нашай частцы сьвету траўмаваныя ў нашай грамадзка-палітычнай сьвядомасьці, што пераход да ўхваленьня стыхійнага, неаўтарызаванага інстытутамі цывілізаванай дзяржавы гвалту ўяўляецца нам ня толькі нечым эмацыйна ці маральна апраўданым, але і цывілізацыйна непазьбежным. Калі дзяржава аказваецца дысфункцыянальнай або скарумпаванай, як у гэтым літоўскім выпадку, мы адразу гатовыя аддаць перавагу інстынктам і ўзаконіць самасуд як цывілізаваную форму вяршэньня справядлівасьці.

Пакажы нам ворага, а мы пойдзем за табою і дапаможам яго забіць, калі не страляючы непасрэдна зь пісталета, дык хоць багаслаўляючы руку народнага мсьціўца і ката...

Ці ня так было ў Беларусі, у СССР у 1937-м? Забі, забі яго, крычаў народ... І сам народ валіўся ў яму.

Калі чалавек апынаецца ў бяспраўным становішчы і нічога ня можа зрабіць, ён пачынае помсьціць іншым. Калі ў такім бяспраўным становішчы апынаецца ўсё грамадзтва, яно нікому ня ў змозе адпомсьціць, як толькі самому сабе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG