Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя-БНФ падала ў Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне 1 лістапада шэсьця і мітынгу, прысьвечаных Дню памяці продкаў “Дзяды”. Сёлета Партыя БНФ далучаецца да шэсьця і мітынгу, які ладзіць КХП-БНФ.

Заяўнікі акцыі, намесьнік старшыні КХП-БНФ Сяргей Папкоў і адказны сакратар управы Алесь Чахольскі, прапануюць а 10.30 сабрацца на пляцоўцы каля Менскага гадзіньнікавага заводу. Адтуль удзельнікі акцыі накіруюцца ў Курапацкі лес, дзе пройдзе мітынг. Сёлета, бадай, упершыню за апошнія гады Партыя БНФ далучылася да шэсьця і мітынгу, які ладзіць КХП-БНФ. Летась, адбыліся два асобныя шэсьці і мітынгі. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў:

“Мінулы раз былі дзьве калёны, былі два месцы збору, былі два паралельныя мітынгі ў саміх Курапатах. Ну, і відавочна, што гэта абсалютна ненармальная сытуацыя. Таму я насамрэч вельмі рады, што ў гэтым годзе нармальна дамовіліся, і што ня будзе такога цырку на “Дзяды”.

Выканальнік абавязкаў старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі адзначыў, што яго партыя стараецца аберагаць традыцыю, якая высьпела з самога жыцьця і імкненьня людзей:

“Традыцыйна мы кажам, і гэта так і ёсьць, ніколі мы на нейкія партыйныя ці іншыя парамэтры гэтае мерапрыемства не дзялілі. Тое, што мы традыцыйна падаем заяўку, менавіта наша партыя бярэ гэту місію, то, напэўна, гэта таксама гісторыя, традыцыя. Яна бярэ пачатак ад вядомага артыкула Зянона Пазьняка пра Курапаты і мерапрыемства 30 кастрычніка 1988 году. Тое, што мы трымаем гэта, юрыдычна афармляем, арганізоўваем, гэта традыцыя. А тое, што прыходзяць людзі розныя – самае галоўнае, беларусы, якія не забыліся, ня выракліся свайго роду – гэта заўжды было стрыжнем, галоўнай канцэпцыяй гэтай акцыі памяці, ушанаваньня нашых продкаў”.

Спадар Янукевіч адзначыў, што было б абсалютна недарэчным падаваць дзьве заяўкі:

“Мы вырашылі проста, і гэта ўзгоднена з КХП-БНФ, што мы далучаемся да таго мерапрыемства, якое яны арганізуюць. І таксама будзем у той жа самай калёне. Будзем заклікаць сваіх сяброў, усіх жыхароў Менску далучацца. І таксама ад управы ўчора я атрымаў даручэньне зьвязацца зь іншымі партнэрамі нацыянальна-дэмакратычнага накірунку і заклікаць іх таксама далучыцца да гэтага мерапрыемства. Таму ў гэтым годзе мы ня ладзім нічога асобна, мы далучаемся і ладзім супольную акцыю з КХП-БНФ”.

Паводле спадара Янукевіча, такое рашэньне “можа быць пэўнай падставай для далейшага збліжэньня пазыцый”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG