Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Улады абяцалі супрацоўніцтва, а ня вынік”


Віталь Цыганкоў.
Віталь Цыганкоў.

13 кастрычніка ў Варшаве Анатоль Лябедзька і Станіслаў Багданкевіч сустрэліся з дырэктарам Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ Янэзам Ленарчычам. Спачатку зь ім, а пасьля з групай супрацоўнікаў Бюро яны абмеркавалі прапановы дэмакратычных сілаў у справе зьмены выбарчага заканадаўства.

Паводле Анатоля Лябедзькі, спадар Ленарчыч прызнаўся, што на сёньня “нічога не адбывацца, працэс стаіць”. Апошнія кантакты з уладамі былі ў траўні. Ці азначае гэта, што беларускія ўлады на самой справе і не зьбіраліся ўносіць істотныя зьмены ў выбарчае заканадаўства? Ці могуць такія паводзіны Менску спрычыніцца да нейкіх рэзкіх крокаў з боку эўрапейкіх палітыкаў? На гэтыя пытаньні адказвае палітычны аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі.


Цыганкоў: “Улічваючы такія паводзіны Менску, ці можна выказаць вэрсію, што ўлада ад пачатку не зьбіралася ісьці на сур’ёзныя зьмены ў выбарчым заканадаўстве ці гэта тлумачыцца нейкімі апошнімі падзеямі?”


Быкоўскі:
“Гэтая тэма была навязаная Менску Эўразьвязам. Было пастаўленае пытаньне аб неабходнасьці паляпшэньня выбарчага заканадаўства ў супрацы з БДІПЧ АБСЭ, але не было пастаўлена нейкай канкрэтнай мэты. Умовай паляпшэньня адносінаў з Беларусьсю было менавіта супрацоўніцтва, а не вынік.

Таму беларускія ўлады выканалі сваё абяцаньне, як яны гэта разумеюць. Яны ўступілі ў супрацу, але не абяцалі зьмяніць Выбарчы кодэкс.

Аляксандар Лукашэнка, зь іншага боку, неаднаразова казаў, што ў яго ёсьць прэтэнзіі да таго, як АБСЭ інтэрпрэтуе сытуацыю з выбарчым заканадаўствам. Менск заяўляў, што гэта ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы і спрабавалі яго як мага паменшыць”.

Цыганкоў: “Такое цяпер ужо адкрытае нежаданьне ўносіць істотныя зьмены ў выбарчае заканадаўства можа раззлаваць эўрапейскіх партнэраў? Ці Менск лічыць, што Эўропа нічога ня зробіць?”

Быкоўскі: “Думаю, што беларускі МЗС прааналізаваў сытуацыю і, напэўна, даў пэўныя парады ўладзе. Але асобы, якія прымаюць рашэньні, неабавязкова прыслухаюцца да гэтых парадаў. Нагадаю, прэсавую канфэрэнцыю Аляксандра Лукашэнкі, на якой ён якраз казаў, што патрабуюць і гэта зрабіць, але мы гэта рабіць ня будзем. Таму гэта ня тая сытуацыя, дзе МЗС ці хто іншы можа перамяніць думку Лукашэнкі”.

Цыганкоў: “Будзе працягвацца дыялёг наконт зьменаў у выбарчае заканадаўства ці апошнія падзеі пераўтвараюць яго ў пустую фармальнасьць?”

Быкоўскі: “Праўдападобна, што дыялёг будзе працягвацца. Бо канцэпцыя ўцягваньня складанага партнэра ў дыялёг у Эўропе цяпер пераважае. Але найхутчэй гэта будзе проста адкладаньне пытаньня. Як мне здаецца, візавыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў ня будуць адноўленыя, пытаньне проста будзе перанесенае на пэўны час, напрыклад, да вясны”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG