Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У залі віцебскай Музычнай гасьцёўні адчынілася выстава скульптурных эскізаў помніка сьвятой роўнаапостальнай княгіні Вользе, якая лічыцца заснавальніцай Віцебска. Аўтары эскізаў не пазначаны: журы мае разгледзець усе праекты і вызначыць лепшы на ўмовах ананімнасьці.

Конкурс на лепшы эскіз помніка княгіні Вользе быў абвешчаны ў траўні гэтага году Віцебскім гарвыканкамам і Віцебскай эпархіяй Беларускай праваслаўнай царквы. Гэтыя структуры вырашылі, што Віцебску неабходна мець такі помнік.

Меркаваньнямі гараджанаў тады не пацікавіліся. Затое цяпер, калі 16 праектаў выстаўленыя на ўсеагульны агляд, кожны ахвотны можа напісаць свой водгук у адмысловы сшытак або ўкінуць цыдулку з нумарам у адмысловую скрыню для галасаваньня.

Наведнікі на выставе

Конкурс праходзіць ананімна — гэта значыць, усе праекты пазначаны толькі нумарамі, падкрэсьлівае галоўны спэцыяліст гарадзкога аддзела культуры Пётр Падгурскі:

“Мы самі ня ведаем, хто дзе скульптар, хто дзе архітэктар. Мы даведаемся імёны толькі пасьля таго, як лепшую работу абярэ журы, калі ўскрые капэрту з нумарам. А ў нас —16 эскізных работ у мяккім матэрыяле, гэта плястылін, і на кожнай працы стаіць нумар, і на кожным пляншэце стаіць нумар. На пляншэтах разьмешчаны эскізы архітэктурных прывязак да мясцовасьці ды пісьмовыя тлумачэньні”.

Аўтары распрацоўвалі праекты ва ўсіх дэталях

Пётар Падгурскі выконвае абавязкі сакратара журы конкурсу. Самога журы яшчэ няма — яго склад толькі фармуецца, але спадар Падгурскі кажа, што там будуць высокакваліфікаваныя адмыслоўцы.

У конкурсе таксама бяруць удзел прафэсіянала — прафэсійныя скульптары зь Віцебску ды Менску. Віцебскі скульптар Валеры Магучы перакананы, што вобраз княгіні Вольгі, безумоўна, варты мастацкага ўвасабленьня:

“Княгіня Вольга — гэта такая асоба, помнік якой ў Віцебску даўно ўжо мусіў быць. І ў маёй майстэрні эскізы такога помніка захоўваюцца ўжо 10 год!”

Наведнікі выставы, якія завіталі на яе ў першы ж дзень, таксама згодныя з такім меркаваньнем. Студэнт Максім, да прыкладу, лічыць ідэю пра ўсталяваньне помніка княгіні Вользе вельмі слушнай:

“Думаю, слушныя ідэя. Усё-ткі заснавальніца Віцебска, яе даўно варта было ўшанаваць, я лічу. Ходзім, глядзім… Некаторыя праекты ўжо паглядзелі, некаторыя яшчэ не. Цікава!”

У дзень адкрыцьця экспазыцыю паглядзелі каля сотні наведнікаў Музычнай гасьцёўні

Паводле паданьня, у 974-м годзе княгіня Вольга перапраўлялася са сваёй сьвітай па Дзьвіне і вырашыла спыніцца на ноч у маляўнічых мясьцінах, каля вусьця невялікай рачулкі Віцьбы. Гэтае месца ёй настолькі спадабалася, што яна вырашыла заснаваць тут горад. Пытаньне пра заснаваньне Віцебску княгіняй Вольгай застаецца спрэчным, бо паводле некаторых крыніцаў, яна памерла яшчэ ў 969 годзе. Аднак археалягічныя раскопкі пацьвярджаюць, што ў 10-м стагодзьдзі на месцы сучаснага гораду ўжо было паселішча.

Што да мастацкага ўвасабленьня легендарных падзеяў, то некаторыя праекты маюць выразнае падабенства паміж сабой. Да прыкладу, колькі гераіняў будучага помніка плывуць на ладзьдзі, большасьць зь іх трымае ў руцэ крыж, а часам вобраз княгіні Вольгі дапаўняюць голуб, шчыт, меч, герб Віцебска.

Легендарная княгіня і легендарная ладзьдзя

Дарэчы, месца для помніка, паводле ўмоваў конкурсу, загадзя вызначанае не было. Аўтары павінны былі самі вырашыць, дзе ён будзе найбольш дарэчы. Таму нехта бачыць яго ў пэрспэктыве каля будынка аблвыканкаму, на месцы ўпадзеньня Віцьбы ў Дзьвіну або каля Усьпенскага сабору, які цяпер аднаўляецца.

Адзін з праектаў

Сакратар журы Пётр Падгурскі пэўны, што помнік легендарнай заснавальніцы Віцебску найлепш паставіць у старой частцы гораду. Тыя, хто будзе ацэньваць эскізы, пазнаёмяцца і з выказанымі меркаваньнямі гараджанаў. Аднак апошняе слова застанецца менавіта за журы конкурсу, і ўжо на прыканцы кастрычніка стане вядома, які праект перамог.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG