Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка даў згоду на прызначэньне новых кіраўнікоў двух найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў — “Беларускага мэталюргічнага заводу” і “Беларуськалія”.

Генэральным дырэктарам БМЗ прызначаны Анатоль Савянок, гендырэктарам Беларуськалія — Валер Кірыенка.

Нагадаем, што Беларускі мэталюргічны завод кіраўнік Беларусі згадаў на прыканцы красавіка гэтага году ў зьвязку з так званай “паляўнічай справай”. На нарадзе, прысьвечанай працы праваахоўных органаў А.Лукашэнка распавёў, што на незаконна створанай паляўнічай базе на тэрыторыі Жлобінсканга раёна “рэгулярна вялося паляваньне, рыбалка з удзелам кіраўнікоў, у тым ліку Беларускага мэталюргічнага завода, і высокапастаўленых службовых асобаў органаў унутраных справаў, напрыклад, начальніка галоўнай управы па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі МУС Ермакова”.

Пасьля гэтай гісторыі былы дырэктар Мікалай Андрыянаў звольніўся. Выконваючым абавязкі дырэктара стаў Анатоль Савянок, які раней працаваў намесьнікам дырэктара па мэтызнай вытворчасьці БМЗ.

Як паведамляла Свабода ў жніўні гэтага году, Камітэт дзяржкантролю правярае базавае прадпрыемства Жлобіну — Беларускі мэталюргічны завод. Ужо заяўлена, што БМЗ вырабіў за паўгода больш прадукцыі, чым летась, аднак атрымаў менш прыбытку. Паводле некаторых зьвестак, завод адпускаў прадукцыю дылерам па цэнах, ніжэйшых за сабекошт.

***

Новы дырэктар “Беларуськалію” Валеры Кірыенка, паводле беларускага геалягічнага парталу, нарадзіўся ў 1954 годзе ў Пярну. Ён скончыў Маскоўскі горны інстытут, горны інжынэр. У 70-ыя гады пачынаў пікетажыстам на рудніку ў Салігорску. Аўтар больш чым 40 вынаходніцтваў. У 2008 годзе Валеры Кірыенка атрымаў дзяржаўную прэмію Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі. Перад прызначэньнем на пасаду дырэктара ён працаваў галоўным інжынэрам на прадпрыемстве.

У першым паўгодзьдзі 2009 году Беларусь, паводле афіцыйнай статыстыкі, экспартавала 542 тысячы тон калійных угнаеньняў. Гэта у 4 разы меней, чым за той жа пэрыяд у 2008 годзе. Паводле спадара Кірыенкі, у жніўні экспарт параўнальна з 2008 годам складаў усяго 27,5%. Аднак ёсьць перадумовы для павелічэньня гэтых паставак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG