Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч зьвярнуўся ў пракуратуру з просьбай даць прававую ацэнку сюжэту, які быў паказаны 11 кастрычніка ў праграме “Панарама тыдня” на першым канале Беларускага тэлебачаньня. Аўтары сюжэту абвінавацілі Артура ў махлярстве, а апазыцыю – ў сувязях з крымінальным сьветам.

Артур Фінькевіч паведаміў “Свабодзе”, што чакаў фільму пра актывістаў сваёй арганізацыі пасьля таго, як былі прадэманстраваныя прапагандысцкія фільмы пра Малады фронт, стваральнікаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і сустаршыню аргкамітэту Паўла Севярынца.

У сюжэце БТ жыхары Городні Руслан Шарупа і Зьміцер Дэкола сьцьвярджалі, нібы ім прапанавалі свае паслугі ў атрыманьні шэнгенскай візы прадстаўнікі “Маладой Беларусі”. Пры гэтым за паўгадавую візу прасілі 500 эўра, а за гадавую — 700.

Гледачам прадэманстравалі блянк зь лягатыпам арганізацыі, на якім былі прозьвішчы актывістаў. Стваральнікі фільму сьцьвярджалі, што, калі амбасада дае дазвол на атрыманьне бясплатных візаў, Артур Фінькевіч зьвязваецца з гарадзенцам Анатолем Янчурэвічам і той бярэ за візы грошы зь людзей, якія ніякага дачыненьня да дэмакратычнага руху ня маюць.

Паводле стваральнікаў сюжэту, за кожны такі сьпіс Артур Фінькевіч і Анатоль Янчурэвіч маюць да 10 000 даляраў.

Гаворыць Артур Фінькевіч:
БТ атрымала загад скампрамэтаваць мяне...

“Я зьвяртаюся ў пракуратуру, каб пракуратура дала прававую ацэнку дзеяньням БТ па дыскрэдытацыі мяне і ўсяго руху “Маладая Беларусь”. Мяне абвінавацілі ў махлярстве, мяне абразілі. Абвінавацілі ў тым, што я нібыта браў грошы ў людзей, якія ня маюць ніякага дачыненьня да “Маладой Беларусі” і абяцаў ім зрабіць візы, чаго не было і не магло быць.

Я лічу, што БТ атрымала загад скампрамэтаваць мяне ў вачох беларускай і міжнароднай грамадзкасьці. Паказаўшы, што я нібыта займаюся дзейнасьцю, якая не адпавядае прынцыпам маралі”.

Аўтары фільму абвінавацілі актывістаў “Маладой Беларусі” ў тым, што яны спрыялі ў атрыманьні візаў нават для бандытаў.

Напрыканцы сюжэту кіраўнік аддзела інфармацыі КДБ Валер Надтачаеў распавёў пра Зьмітра Сурбу, які знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы. Ён паведаміў, што гэты чалавек называе сябе ахвярай перасьледу з боку КДБ, але насамрэч ніколі ня быў ў полі зроку КДБ. Паводле Надтачаева, справай Зьмітра Сурбы займаюцца міліцыянты. Яго абвінавачваюць у кантрабандзе псыхатропных рэчываў.

Напрыканцы сюжэту робіцца выснова:

“Пераўтварэньне беглага злачынца ў палітычнага пакутніка — чарговы скандальны эпізод зь нелегальнага бізнэсу. І хто ведае, колькімі яшчэ такімі змагарамі за дэмакратыю зь ліпавымі ксівамі беларуская апазыцыя навадніла Эўропу і Амэрыку?

Але ўжо відавочна, што яна цесна зраслася з крыміналам і ўяўляе сабой пагрозу міжнароднага маштабу. Юры Пракопаў “Панарама тыдня”.

Намесьнік старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандр Мартыненка ў адказ на просьбу пракамэнтаваць фільм спаслаўся на тое, што знаходзіцца ў Кіеве і таму ня можа даць камэнтар “Свабодзе”.

Кіраўнік аддзела інфармацыі КДБ Валер Надтачаеў паведаміў, што ягоны камэнтар БТ ня тычыўся дзейнасьці Артура Фінькевіча і “Маладой Беларусі”.
ў адносінах Фінькевіча і дзяўчат нічога не казаў ...

“Людзі для вырашэньня сваіх асабістых задач ці для дасягненьня асабістых мэтаў практыкуюць такое, калі спрабуюць выдаваць, хаця й побач не стаялі. Гэта пра Сурбу. Ён выдаваў, што ім цікавіліся супрацоўнікі КДБ. Ім цікавілася міліцыя. Я ў адносінах Фінькевіча і дзяўчат нічога не казаў”.

Сустаршыня аргкамітэту дзеля Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец паведаміў “Свабодзе”, што сябры аргкамітэту БХД таксама зьвяртаюцца ў суд і пракуратуру на БТ. Падставай стаў сюжэт, паказаны 27 верасьня ў “Панараме”, у якім, як лічааць стваральнікі партыі, утрымліваліся паклёпніцкія зьвесткі з мэтай дыскрэдытаваць сяброў аргкамітэту. БТ не адказала на прапанову стваральнікаў БХД даць абвяржэньне інфармацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG