Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Гулак: “За адмову адказваць на пытаньні перапісу — ніякай адказнасьці”


Заўтра, 14 кастрычніка, пачынаецца перапіс насельніцтва. У Менску пачалі агітаваць за ўдзел у перапісе нават у гарадзкім транспарце.

“Паважаныя мінчане, з 14-га па 24-тае кастрычніка 2009 году ў Рэспубліцы Беларусь праводзіцца перапіс насельніцтва. Прымаючы удзел у перапісе, вы ствараеце гісторыю сваёй краіны”, — заклікае невядомы дыктар пасажыраў мэтро.

Між тым, у пошце “Свабоды” нямала скептычных меркаваньняў наконт перапісу. Некаторыя слухачы наўпрост папярэджваюць, што ня будуць адказваць на асобныя пытаньні і пытаюцца, якое за гэта іх чакае пакараньне? Пра гэта я запытаўся ў старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту, юрыста паводле адукацыі Алега Гулака.

“З аднаго боку, закон аб перапісе ўтрымлівае палажэньне, што грамадзяне абавязаны не замінаць правядзеньню перапісу і адказваць на пытаньні. Зь іншага боку — ніякай адказнасьці за адмову ўдзельнічаць у перапісе, за прадастаўленьне недакладнай інфармацыі ці памылковай інфармацыі няма. Ані адміністрацыйнай, ані, тым больш, крымінальнай. Таму мы можам казаць пра тое, што гэта толькі маральны абавязак грамадзянаў Беларусі —ўдзельнічаць у гэтым перапісе”.

Праваабаронца Алег Гулак пагадзіўся з тым, што перапіс насельніцтва — гэта важная справа, што дзяржава мае права і абавязана атрымліваць інфармацыю пра грамадзянаў, каб плянаваць сваю дзейнасьць.

“Гэта зразумела. Але зразумелая і сытуацыя, калі грамадзяне не давяраюць пэўным асобам ці дзяржаўным органам. На жаль, гэтак склалася нашае жыцьцё, што дзяржава не стала аўтарытэтам для шмат якіх грамадзянаў. Таму, калі грамадзянін лічыць, што нейкая інфармацыя будзе выкарыстана супроць яго, то гэта ягонае права выбіраць: удзельнічаць ці не ўдзельнічаць”.

Калі ісьці па тым шляху, які рэкамэндаваны, што гэта мова, якой чалавек авалодаў зь дзяцінства, то мы атрымаем адзін вынік. Калі проста запытаць, якую мову чалавек лічыць сваёй роднай мовай, лічбы, магчыма, будуць іншыя
Я папрасіў Алега Гулака ацаніць юрыдычную карэктнасьць пытаньняў, якія будуць задаваць падчас перапісу. На гэта праваабаронца заўважыў, што сьпіс пытаньняў — не юрыдычны дакумэнт, таму юрыдычны аналіз адносна пытаньняў немагчымы.

“А вось з пункту гледжаньня статыстыкі ці сацыялёгіі, на маю думку, магчымы прэтэнзіі. Прыкладам, адносна пытаньня пра родную мову. Калі ісьці па тым шляху, які рэкамэндаваны, што гэта мова, якой чалавек авалодаў зь дзяцінства, то мы атрымаем адзін вынік. Калі проста запытаць, якую мову чалавек лічыць сваёй роднай мовай, лічбы, магчыма, будуць іншыя. А з гэтага могуць быць прынятыя іншыя дзяржаўныя рашэньні, у тым ліку —памылковыя”.

А вось што адносна адказнасьці за адмову адказваць на пытаньні перапісчыка паведаміла прэсавы сакратар Дзяржаўнага статыстычнага камітэту Алена Кандраценка.

“Перапіс насельніцтва праходзіць у адпаведнасьці з законам аб перапісе. Там сказана, што грамадзяне не павінны замінаць правядзеньню перапісу. Між тым, адказнасьць за адмову не прадугледжана”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG