Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ільготных крэдытаў няма. Але абяцаюць, што будуць


Асноўныя банкі-крэдыторы часова спынілі выдачу пазыкаў на льготнае будаўніцтва жыльля. Яны тлумачаць гэта тым, што задоўга да заканчэньня году раздалі выдаткаваныя на гэта ўрадам сродкі.

Аднак у “Беларусбанку”, які на 90% забясьпечвае льготнае крэдытаваньне ў дзяржаве, абяцаюць, што да канца месяца пытаньне павінна вырашыцца на карысьць ільготнікаў.

Спадарыня Леакадзія спадзявалася да канца году памяняць цяперашнюю “халупу” на новую трохпакаёўку, аднак банк адмовіўся пераводзіць абяцаны раней крэдыт у суме каля 20 мільёнаў рублёў. Паводле суразмоўніцы, ніякіх іншых магчымасьцяў будавацца ўласным коштам ў яе не існуе. Жыць жа надалей у цеснай кватэры разам з малымі дзецьмі і бацькамі мужа моцы таксама няма:

Любая нармальная дзяржава мусіць у першую чаргу вырашыць жыльлёвую праблему, бо ў такіх умовах жыць у ХХІ стагодзьдзі немагчыма
“І без таго трацяцца апошнія грошы на самае неабходнае, якія яшчэ могуць быць варыянты? Колькі нам яшчэ жыць у мікраскапічных кватэрах, адзін на адным? Любая нармальная дзяржава мусіць у першую чаргу вырашыць жыльлёвую праблему, бо ў такіх умовах жыць у ХХІ стагодзьдзі немагчыма. Элемэнтарна ўрокі немагчыма зрабіць; адно дзіця захварэла — сьледам хварэюць усе астатнія. Аддасі на лекі — няма чаго есьці, няма чым плаціць за камуналку, ня кажучы пра будаўніцтва”.

Паводле афіцыйных зьвестак, летась на льготных умовах палепшылі жыльлёвыя ўмовы звыш 330 тысяч беларусаў. У іх шэрагу — 3,5 тысяч шматдзетных сем’яў. Аднак вырашыць праблему дэфіцыту жыльля не ўдаецца: на пачатак году ў чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоваў стаяла больш за 700 тысяч чалавек, у тым ліку амаль 17 тысяч шматдзетных. У Менску лічбы — 247 тысяч і блізу 3 тысяч адпаведна. “Чаргавікі” непакояцца, што сёлета сытуацыя можа пагоршыцца: шэраг установаў на чале зь “Беларусбанкам” прыпынілі перавод грошай кампаніям-забудоўшчыкам.

Паводле Нацыянальнага банку, сёлета прадугледжана льготных крэдытаў на суму больш за 2 трыльёны 300 мільярдаў рублёў. Але ў пачатку кастрычніка перабор склаў амаль 100 мільярдаў рублёў. Павелічэньне аб’ёмаў ільготнага крэдытаваньня магчыма пасьля адпаведных узгадненьняў зь Міністэрствам эканомікі, Міністэрствам фінансаў і Міністэрствам будаўніцтва і архітэктуры. Савет міністраў ужо даў “Беларусбанку” адпаведнае даручэньне, а да канца месяца, як паведаміла кіраўніца прэсавай службы “Беларусбанку” Ларыса Грынько, плянуецца завершыць тэхнічныя працэдуры:

“Справа ў тым, што пераплацілі трохі болей, чым трэба. Я ня ведаю, як там што выглядае ў абсалютных лічбах, але кіраўніцтва абяцае 26 кастрычніка ўжо пачаць выплаты. Вы ж зразумейце: усё сыходзіць ад уладаў, наша справа — выдаць крэдыт на падставе папераў, усіх неабходных дакумэнтаў”.

Карэспандэнт: “Па-вашаму, прагноз у гэтым пытаньні аптымістычны?”

“Аптымістычны прагноз. І ўвогуле, наш дэпартамэнт кажа, што мы асабліва і не прыпынялі, бо разглядаюцца раней пададзеныя паперы. Гэта ж ня тое, што дастаў з кішэні ды аддаў, праўда? Усё ж трэба, каб па закону, па справядлівасьці, вы ж разумееце, колькі каштуе кватэра? Таму проста ёсьць працоўныя моманты”.

У адпаведнасьці з зацьверджанымі плянамі, у 2009 годзе 2 870 шматдзетных сем’яў меліся палепшыць свае жыльлёвыя ўмовы. Між тым, з улікам чэрвеньскага ўказу Аляксандра Лукашэнкі, паводле якога прадугледжана зьніжэньне кошту крэдытаў для шматдзетных сем’яў, непрагназавана павялічылася колькасьць такіх сем’яў і, адпаведна, сума кампэнсацыі працэнтных ставак па крэдытах. З гэтага, як мяркуюць экспэрты, у банкаў і ўзьніклі праблемы з пошукам дадатковых рэзэрваў.

Разам з тым, старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч папярэдзіў урад пра небясьпечную сытуацыю ў банкаўскім сэктары. Адной з праблемаў ён называе высокую крэдытную нагрузку ў справе фінансаваньня дзяржаўных праграмаў: за студзень-ліпень банкі павялічылі аб’ём крэдытаваньня амаль у 1,5 разы ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2008-га. Гэтаксама становішча ўскладняецца ростам праблемных крэдытаў, якія за першыя 8 месяцаў 2009-га вырасьлі ў 3,3 разы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG