Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Норма цывілізацыі — аўто на сям’ю”


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” — водгукі на ўручэньне Нобэлеўскай прэміі Бараку Абаму; развагі пра пачатак перапісу насельніцтва і праблемы дабрабыту беларусаў.

Найбольш званкоў у гэтыя дні ў зьвязку зь перапісам насельніцтва. І ў асноўным яны — пра нежаданьне адказваць на прапанаваныя анкеты. Вось тыповае меркаваньне:

Cпадар: “Лічу гэты перапіс непатрэбным, нягледзячы на тое, на якім аркушы будуць пытаньні. Я баюся, вы не паставіце маю думку на абмеркаваньне ў вашым эфіры. Давялося гутарыць у транспарце. Усе людзі лічаць тое непатрэбным і шкодным, а вы вось тут пачалі валтузьню вакол гэтых фармулёвак пра беларускую мову. Я на працягу некалькіх дзён патэлефаную вам наконт сваёй настойлівай просьбы паставіць на абмеркаваньне”.

Такім чынам — чакаем водгукаў. А пакуль слухачы працягваюць адгукацца на грамадзкія слуханьні ў Астраўцы адносна будаўніцтва атамнай станцыі.

Спадарыня: “Пра электрастанцыю. Вось у нас яе не было, Чарнобыльскай, а мы пацярпелі. Пры чым тут мы? Дык хай у нас будзе! Вакол электрастанцыі ставяць — Літва, Латвія, зараз Польшча, у Расеі шмат. А вы ўсё супраць: маўляў, а нам не патрэбна. А як гакнула ў Чарнобылі (яна ня ў нас была), пацярпеў хто?! Давайце, таварышы, будзем шчырыя. Мы павінны мець сваю электрастанцыю. Усё”.

Чарговы званок — погляд на ўручэньне Нобэлеўскай прэміі прэзыдэнту ЗША Бараку Абаму.

Cпадар: “Нічога яшчэ ні на кропельку не зрабіў, а яны яго ўжо на чале барацьбы за мір!.. Як жа так? На Блізкім Усходзе ні на крок нічога не прасунулася. Вось сем’янін ён добры — няма пытаньняў. Любіць сваю сям’ю, вітаць трэба. Дай Бог, каб усе такія былі — Бэрлюсконі й іншыя, і наш такі ж. А гэта, сапраўды, добрасумленны чалавек. Даць бы яму яшчэ папрацаваць”.

Адных з нас цікавяць праблемы глябальныя, а іншыя лічаць за лепшае засяродзіцца, так бы мовіць, на хлебе надзённым… І гэта — ніколькі ня менш складана й цікава…

Cпадар: “У дзяцінстве мой бацька казаў: будзеш зарабляць грошы — падлічы, колькі за свой заробак ты зможаш купіць хлеба, бо ён даражэйшы за ўсё. Дык вось. Напачатку 1960-х 270 боханаў хлеба, у 80-я — 550, у 2009 годзе на 350 тысяч пэнсіі магу купіць прыблізна толькі 240 боханаў хлеба. Дык дзе ж той цуд і мудрасьць кіраўніка, калі дзяржава знаходзіцца на ўзроўні 60-х гадоў?”

І на заключэньне — наступнае тэлефанаваньне.

Спадар: “Мяне зьдзіўляе беларускі парадокс: усе, каму не лянота, кажуць пра беднасьць беларусаў, а загляніце вы ў любы менскі двор пасьля сямнаццаці гадзінаў — ад аўтамашын прайсьці немагчыма! А пасьля чутак пра падвышэньне мыта мае знаёмцы наагул з глузду зьехалі!

Адказвае грамадзкі рэдактар тыдня — выдавец тыднёвіка “Аўтадайджэст” Анатоль Шаўчэнка:

Анатоль Шаўчэнка
“Тут подых часу — нельга ў новым стагодзьдзі быць марудным, моцна прывязаным да недакладна адрэгуляванага мэханізму таго ж грамадзкага транспарту. Калі-калі, а вось цяпер аўтамабіль сапраўды стаў ня сродкам раскошы, а — руху. Таму я зусім не наўпрост зьвязваю татальную аўтамабілізацыю з дабрабытам, рознымі яго ступенямі. Паўтаруся: гэта абсалютна нармальна, што хіба ці ня кожны імкнецца стаць гаспадаром аўто. На мой погляд, яго мусіць мець зараз кожная сям’я. Гэта — норма цывілізацыі”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


XS
SM
MD
LG