Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пытае пра мову, як рэкамэндуюць


Пытаньні пра мову ў перапісным лісьце сёлетняга перапісу ў Беларусі пастаўленыя згодна з рэкамэндацыямі ААН, якія тычацца перапісаў насельніцтва у краінах-сябрах гэтай арганізацыі.

Значыць, нельга рабіць закіды у бок беларускага ўраду, што на ўзроўні перапісу ён кіруецца нейкай прадузятасьцю. Прадузятасьць, безумоўна, ёсьць, але яна ня ў перапісе, а ў тым, як урад рупіцца пра захаваньне беларускай мовы ў жыцьці.


Як яно стаіць на паперы?


Дзеля параўнаньня беларускіх пытаньняў пра мову зь перапіснымі рэкамэндацыямі ААН, зацытуйма гэтыя пытаньні яшчэ раз:

10) Ваша родная мова (мова, засвоеная ў раньнім дзяцінстве)
11) На якой мове вы звычайна размаўляеце дома?
12) Іншая(ыя) мова(ы), якой (імі) Вы свабодна валодаеце.

А рэкамэндацыі ААН наконт збору дадзеных аб мове гавораць літаральна наступнае:

“У перапісах можна зьбіраць тры тыпы дадзеных аб мове, а менавіта: а) родная мова (mother tongue), якая акрэсьліваецца як мова, на якой гаварылі дома ў раньнім дзяцінстве чалавека; б) мова хатняга ўжытку (usual language), якая акрэсьліваецца як мова, на якой цяпер або найчасьцей гавораць у цяперашнім доме чалавека; в) здольнасьць размаўляць на адной або некалькіх мовах” (у арыгінале: designated languages — трэба разумець, маюцца на ўвазе толькі афіцыйна прызнаныя мовы, а не, напрыклад, “эльфійская” або “хабітанская”).

Потым моўныя экспэрты ААН дадаюць яшчэ дзьве істотныя практычныя рэкамэндацыі адносна перапісу мовы: а) у публікацыі дадзеных аб мове хатняга ўжытку і роднай мове пажадана ўлічыць ня толькі мову, якая дамінуе, але і кожную іншую мову, якая “важная для дадзенай краіны па колькасьці носьбітаў”; б) інфармацыя пра мову зьбіраецца ў адносінах да ўсіх людзей, то бок, і тых, якія ня могуць гаварыць, звычайна — немаўлятаў (экспэрты зьвяртаюць увагу, што крытэры акрэсьленьня роднай мовы для немаўлятаў мусяць быць вельмі выразна і ясна ўказаныя).

Нельга не заўважыць, што пытаньні, сфармуляваныя ў беларускім перапісным лісьце, лягічна перагукаюцца з рэкамэндацыямі ААН.


А што атрымаецца ў табліцах?


Але ў выпадку такой “нелягічнай” краіны як Беларусь вось гэтая лягічнасьць перапісу і выклікае насьцярожанасьць. Ня буду арыгінальным, калі скажу, што удакладненьне пытаньня пра родную мову шмат кім (улучна са мною) успрымаецца як памкненьне ўраду апраўдаць сваю бязьдзейнасьць у падтрымцы беларускай мовы ў публічным жыцьці. Маўляў, чым болей людзей у Беларусі скажа, што ад мамы з татам навучылася расейскай мовы, тым лягчэй будзе кіраўнікам Беларусі апраўдваць сваю моўную палітыку.

Дзьве рэчы ў сувязі зь перапісным пытаньне пра мову мне хацелася б вылучыць на астатак.

Па-першае, як слушна заўважыў адзін з наведнікаў нашага сайту, Рашэд з Манрэалю, для Беларусі пытаньне пра родную мову ня так важнае, як пытаньне пра мову штодзённага ўжытку. Бо жывучасьць беларускай мовы вызначае не ірацыянальнае па сутнасьці перакананьне, што яна — якраз наша родная мова, а тое, колькі людзей яе ўжывае штодня, то бок, эфэктыўна падтрымлівае яе пры жыцьці.

Па-другое, якія лічбы ні выдасьць Міністэрства статыстыкі і аналізу наконт моўнага пытаньня пасьля перапісу 2009, мы і так будзем ставіцца да іх дакладна так, як да тых зь перапісу 1999 — зь недаверам, агаворкамі і горыччу. Бо мы адчуваем, што мова памірае і што яе не падтрымае ніякая табліца зь лікамі, а толькі мы з вамі, калі навучылі сына/дачку гаварыць па-нашаму. Калі мы гэтага не зрабілі, няма сэнсу кідацца з кулакамі на статыстыкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG