Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Расея ўніфікуюць правілы паступленьня ў ВНУ


Аб гэтым міністр адукацыі Беларусі Аляксандр Радзькоў паведаміў журналістам падчас канфэрэнцыі "Стан і праблемы разьвіцьця вышэйшай адукацыі ў рамках Саюзнай дзяржавы" ў Мінску.

Агенцтва БелаПАН цытуе міністра, які сказаў:

"Мы будзем працаваць над тым, каб сыстэмы паступленьня ў ВНУ Беларусі і Расеі былі ўзгоднены, каб вынікі цэнтралізаванага тэставаньня прызнаваліся ў Расеі, а адзінага дзяржаўнага экзамэну (АГЭ) — у Беларусі... Гэта ня простая задача, але мы пасьлядоўна ідзем да таго, каб у адзінай адукацыйнай прасторы Беларусі і Расеі прыём у ВНУ быў таксама уніфікаваны".

Як паведаміў намесьнік міністра адукацыі і навукі Расійскай Фэдэрацыі Уладзімер Фрыдлянаў, абітурыенты зь Беларусі маюць магчымасьць паступаць у расійскія ВНУ на роўных правах, таксама як і расейцы — у беларускія.

Паводле слоў Фрыдлянава, гэтыя пытаньні будуць закрануты ў ходзе канфэрэнцыі. Плянуецца таксама абмеркаваць пытаньні стварэньня сумесных беларуска-расійскіх ВНУ, арганізацыі адукацыйных і навуковых праектаў і іншыя тэмы.

Паводле зьвестак Мінадукацыі Беларусі, сёлета ў беларускіх ВНУ вучацца больш за 2 тыс. расейцаў (1.846 — у мінулым навучальным годзе).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG