Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны на сьмерць жыхар Драгічынскага раёну Васіль Юзяпчук, чалавек без грамадзянства, накіраваў скаргу на прысуд ў камітэт правоў чалавека ААН. Пра гэта Свабодзе паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.


“Паводле зьвестак, скарга Юзепчука прынятая і зарэгістраваная. Я маю на руках факс з нумарам рэгістрацыі скаргі. Гэта азначае, што выканаўчыя органы Беларусі ні ў якім разе ня мусяць выконваць прысуд Юзепчуку да таго часу, пакуль ня пройдзе праверка па ягонай скарзе”, — кажа Валянцін Стэфановіч. Паводле ягоных зьвестак, Васіль Юзяпчук скардзіцца на катаваньні падчас сьледзтва, на тое, што
Выканаўчыя органы Беларусі ні ў якім разе ня мусяць выконваць прысуд Юзепчуку да таго часу, пакуль ня пройдзе праверка па ягонай скарзе
рашэньне аб ягоным арышце не прымаў судзьдзя, як таго патрабуюць міжнародныя нормы, а таксама на дыскрымінацыю паводле нацыянальнай прыкметы.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч на просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваў цяперашнюю сытуацыю вакол Васіля Юзепчука.

“Сьмяротны прысуд лічыцца ўступіўшым у сілу пасьля таго, як касацыйная інстанцыя разгледзела касацыйную скаргу і яе не задаволіла. Такім чынам, з 2 кастрычніка, калі калегія Вярхоўнага суду разглядала скаргу Юзепчука на прысуд, які быў вынесены Берасьцейскім абласным судом, і не задаволіла гэтую скаргу, прысуд лічыцца ўступіўшым ў сілу. Але Юзяпчук мае права абскардзіць рашэньне ў парадку нагляду, зьвярнуўшыся да старшыні Вярхоўнага суду. Тэрмін для гэтага яшчэ ёсьць, паколькі копію прысуду на рукі ён яшчэ не атрымаў. Таксама асуджаны на сьмерць мае права падаць прашэньне аб памілаваньні Аляксандру Лукашэнку. Наколькі мне вядома, на гэтым тыдні адвакат паедзе да Юзепчука для падрыхтоўкі такога прашэньня — тэрмін яго падачы яшчэ таксама ня скончыўся”, — паведаміў Валянцін Стэфановіч.

31-­гадовы непісьменны чалавек без грамадзянства быў асуджаны на сьмерць за забойства шасьці жанчын старэйшага веку.



Падчас разгляду касацыйнай скаргі Васіль Юзяпчук прасіў суд адмяніць сьмяротны прысуд. Юзяпчук ліў сьлёзы, паўтараючы, што не вінаваты, а сьледчыя нібыта ўжывалі супроць яго фізычную сілу. Паводле сьледзтва, Васіль Юзяпчук забіў 6 жанчын сталага веку, каб авалодаць іх маёмасьцю. Сяргей Гучэнка, як вынікае з матэрыялаў сьледзтва, браў удзел ў забойстве чатырох з шасьці жанчын.

Пракурор Мікалай Жэчка пасьля вынясеньня рашэньня аб адхіленьні скаргі выказаўся пра праблему сьмяротнага пакараньня ў Беларусі:

У аднаго абвінавачанага 6 забойстваў, у другога — 4. Прычым асобаў сталага веку. Гэтым жанчынам было каля 70 гадоў, жылі яны адны ў вёсках..
“Ёсьць прыхільнікі мараторыю на сьмяротнага пакараньне, але ёсьць і тыя, хто яго падтрымлівае. Мяркую, жыцьцё ўсё расставіць на свае месцы, раней ці пазьней. Што да гэтай пэўнай справы… Я сказаў у сваёй прамове, што ў аднаго абвінавачанага 6 забойстваў, у другога — 4 забойствы. Прычым асобаў сталага веку. Гэтым жанчынам было каля 70 гадоў, жылі яны адны ў вёсках. Што да характарыстыкі асуджаных: яны фактычна бяз сталага месца жыхарства, не грамадзяне нашай краіны, нідзе не працавалі, фактычна жылі такім вольным жыцьцём, перабіваліся выпадковымі заробкамі, у тым ліку ў гэтых самотных жанчын. І вось вынік. Таму я лічу, суд прызначыў ім справядлівае пакараньне”.



Жыхару Драгічынскага раёна Васілю Юзепчуку 31 год. Ягоны саўдзельнік Сяргей Гучэнка на 3 гады маладзейшы.

Паводле незалежных крыніц з 1997 году ў Беларусі пакарана сьмерцю болей за 160 чалавек. Афіцыйныя крыніцы на гэты конт зьвестак не даюць. У Вярхоўным судзе Беларусі сказалі, што прысуд Юзепчуку сёлета быў адзіны, які зацьверджаны, але на чарзе разгляд яшчэ адной скаргі паводле сьмяротнага прысуду.

Праваабаронца Ірына Тоўсьцік уважліва сачыла за разглядам касацыйнай скаргі Васіля Юзепчука:

“Гэта ў нечым паказальная справа. Васіль Юзяпчук цыганскай нацыянальнасьці, ён зь вельмі беднай сям’і, заступіцца за яго няма каму. Ёсьць сьведчаньні таго, што яго зьбівалі падчас сьледзтва, каб атрымаць пэўныя паказаньні. Абаронцы гэта адзначалі. Трэба ўлічваць і тое, што працэс над Юзепчуком і Гучэнкам праходзіў з пэўнымі парушэньнямі”.

Ірына Тоўсьцік зазначае, што сьмяротнае пакараньне не дае магчымасьці выправіць судовую памылку і, паводле дасьледаваньняў, ня стрымлівае ад падобных злачынстваў іншых.


Вярхоўны суд

Пракурор Мікалай Жэчка

Асуджаны Васіль Юзяпчук у жалезнай клетцы адварочваўся ад фотакамэр

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе выносяць і выконваюць сьмяротныя прысуды. Тут пакаралі сьмерцю ў 2008 годзе як найменей 4 чалавекі. У 2007 – 1, і згодна са справаздачамі АБСЭ, у 2006 – 3, і 2005 – 4 чалавекі.

Паводле неафіцыйных дадзеных, ад 1991 году ў Беларусі пакаралі сьмерцю каля 400 чалавек. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, больш за 160 сьмяротных пакараньняў выканана ад 1997 па 2008 год. Як вядома, толькі аднаго асуджанага на сьмерць памілаваў Аляксандар Лукашэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG