Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ажароўскі падаў скаргу ў абласны суд


Андрэй Ажароўскі

Андрэй Ажароўскі

Андрэй Ажароўскі абскарджвае рашэньне Астравецкага суда, згодна якога зараз адбывае 7-сутачнае пакараньне ў Астравецкім сьледчым ізалятары.

Пра гэта нашаму радыё паведаміла рэдактарка беларускага экалягічнага парталу Тацяна Новікава.

Каардынатара расейскай групы “Экозащита” Андрэя Ажароўскага затрымалі ў мінулую пятніцу падчас грамадзкіх слуханьняў адносна будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы.

Эколяга абвінавацілі ў дробным хуліганстве і асудзілі на сем сутак арышту. Учора, як ужо паведамляла наша радыё, амбасада Расейскай Фэдэрацыі зьвярнулася з запытнай нотай у Міністэрства замежных спраў Беларусі з нагоды яго затрыманьня.

Андрэй Ажароўскі хацеў выступіць падчас грамадзкіх слуханьняў з крытыкай праекту Астравецкай АЭС. Ён лічыць, што будаўніцтва АЭС у Беларусі прывядзе не да зьніжэньня, а, наадварот, да павелічэньня коштаў на электраэнэргію.

Скарга Ажароўскага ў абласным судзе павінна быць разгледжана, згодна з заканадаўствам, на працягу трох дзён.

Па інфармацыі Тацяны Новікавай, Андрэй Ажароўскі ніякіх скаргаў на ўмовы ўтрыманьня ў сьледчым ізалятары не выказваў.
XS
SM
MD
LG