Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Коласаўскім ліцэі аднавіліся заняткі


Ля ліцэйскага раскладу.

Ля ліцэйскага раскладу.

Калектыў гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, які ад 2003 году дзейнічае ў нелегальных умовах, пасьля перапынку аднавіў навучаньне.

Вакацыі ліцэістаў не супадаюць з вакацыямі школьнікаў. Навучальны год у ліцэі пачаўся 1 ліпеня. Сёньня, пасьля двухмесячнага перапынку, заняткі аднавіліся.

Калектыў коласаўскага ліцэю аднавіў навучаньне ў Менску. Цягам навучальнага году ліцэісты некалькі тыдняў вучыліся ў Літве, а летам — у Польшчы.

Яна Архіпава вучыцца на трэцім курсе: “Трэці курс у нас гэта 10 кляса, а ў школе — адзін год за два гады. Усе сустрэліся. Вельмі весела ўсіх бачыць. Ад першага дня вучобы ўсе актыўнымі сталі. Працягваем навучальны год, бо ў Польшчы мы яго пачалі”.

Аднакурсьнік Арцём Пятрыкін: “Я вучуся ў гэтым ліцэі ўжо трэці год. Мне падабаецца. Трэба атрымліваць веды, трэба быць разумным. Тут сямейная атмасфэра.

Мы ўсе размаўляем па-беларуску. Выйдзеш, а там усе па-расейску. Імкнуся размаўляць па-беларуску, дзе толькі можна”.

Сёлета шмат дзяцей паступіла на першы курс. Большасьць іх самі папрасілі бацькоў пра гэта.

Арсень Бураўкін: “Я спытаў у бацькоў, ці можна мне паступіць, і бацькі не адмовілі мне. Сказалі: “Калі ты жадаеш моцна, то не пытаньне — можаш паступаць””.

Першакурсьнікі параўноўваюць ліцэй і звычайную школу:

Міхась Жыкін вучыўся ў 69-й менскай школе што ў Сьляпянцы. Хлопец распавёў, што яму прапанавалі пайсьці вучыцца ў ліцэй бацькі:

“На ініцыятыву бацькоў пайшоў сюды. Пагадзіўся зь імі. Ліцэй моцна адрозьніваецца ад звычайнай школы. Мне падаецца, што тут лепш, чым у школе. Тут лепшая атмасфэра. Тут дзеці лепш адзін да аднаго ставяцца, чым у школе. І настаўнікі лепш ставяцца да дзяцей.

Чытаць падручнікі па-беларуску мне пакуль цяжка. На расейскай лягчэй”.

Уладзімер Колас
Дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас: “Рэдка калі было спадзяваньне на школу. Ня толькі з-за мовы, але й увогуле з-за ўзроўню падрыхтоўкі. Дзеці прыходзяць вельмі слабыя, нават тыя, у каго выдатныя адзнакі. Яны не пацьвярджаюць свае адзнакі.

Цяпер, калі выхалашчаныя праграмы, калі скарочана колькасьць гадзінаў, калі з праграмы выкінутыя цэлыя разьдзелы, безумоўна, спадзявацца на школу не выпадае.

Мы засталіся з нашымі праграмамі, з нашымі навучальнымі плянамі, з нашай колькасьцю гадзінаў, з нашымі выкладчыкамі… Безумоўна, гэта дае свае вынікі”.

Намесьніца дырэктара Ірына Сідарэнка дадала:

“Радасьць для ўсіх — і дзеці адзін аднаго пабачылі. І па нас ужо засумавалі. Мы, настаўнікі, рады сустрэцца са сваімі калегамі. Аптымістычна пачынаем”.

Коласаўскі ліцэй быў пазбаўлены рэгістрацыі і ліквідаваны ў 2003 годзе. Спробы рэгістрацыі не далі плёну. Праект новага пэдагагічнага кодэксу наагул не прадугледжвае наяўнасьці ў краіне сярэдніх недзяржаўных навучальных установаў.


У бібліятэцы ліцэю.




Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG