Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Машэраў быў цудоўным чалавекам і бяздарным кіраўніком”


Агляд тэлефанаваньняў за панядзелак 12 кастрычніка.

У сёньняшніх “Званках на Свабоду” — развагі пра тое, ці здольныя на сацыяльны пратэст працоўныя; навошта рабіць ікону зь Пятра Машэрава; чаму шмат хто ў Беларусі супраць адмены сьмяротнага пакараньня.

Хіба ці ня самае эмацыйнае тэлефанаваньне ў сёньняшняй аўдыёпошце выклікаў рэпартаж Свабоды пра змаганьне праваабаронцаў супраць сьмяротнага пакараньня.

Спадарыня: “Іх ня толькі расстрэльваць — гэта ім лёгка, каб яны адразу памучыліся! Дзьвюх дзяўчат згвалціў, вупыр, кроў высмактаў! А потым забіў… Дык гэта што ім — дараваць? Гэта лёгка: расстрэл — і ўсё! Не! Як раней — ім трэба рукі адсякаць, каб яны баяліся… Негуманна... Гэта ты, мая дзеванька, што казала “негуманна”, не патрапілася ім, а каб табе ўсё тое, вось бы ты тады ўспомніла, якая ты гуманная! Так што ты радуйся! Дык урэшце быў жа рэфэрэндум!”

А вось слухачку з Магілёву ўразіла колькасьць працоўных, якія выйшлі на мітынг з патрабаваньнем права на годную працу

Спадарыня: “Для слова “мітынг” — тое ганебнае відовішча. Каго можа абараніць беларускі пралетарыят, калі ён пастаяць нават за сябе ня здольны! Вось вам вынік дыялёгу з уладай, кантрактная сыстэма. У выніку —практычна працоўная кляса нічога ня можа. Увесь матэрыял гэтага мітынгу я б адправіла на канал Эўранавінаў у разьдзел “Без камэнтараў”.

У зьвязку з чарговай гадавінай аварыі, у якой загінуў былы камуністычны лідэр Беларусі Пётар Машэраў, мы атрымалі некалькі тэлефанаваньняў

Валер Курневіч, Барысаў: “Трэба, каб новы прэзыдэнт быў сходных памераў, як некалі быў наш родны Машэраў. Той мог з пастухом па-беларуску казаць, яго нават абдымаць. А ў нас цяпер гэтыя манэры далёка-далёка”.

Спадар: “Я недалёка ад Машэрава ў свой час быў. Як чалавек, сем’янін, ён цудоўны, але як гаспадар, як кіраўнік — горш ня знойдзеш, напэўна. Цалкам бяздарны.Нуль. Напрыклад, падыхалі каровы, і беларусы езьдзілі, галінкі рвалі, каб пакарміць каровак! А як ён кадры фармаваў: спачатку з партызанаў. Няма пытаньняў — яны ваявалі, радзіму абаранялі, але ж яны не кампэтэнтныя былі ў сваіх справах! Пасьля ўхіл нейкі на камсамольцаў... ЦК ператварыўся ў штаб плётак, адзін на аднаго паклёпнічалі, пісалі. Аддзел прапаганды запыты рабіў на супрацоўнікаў, як міліцыя, як КДБ робіць...
Адным словам, быў дзіця свайго веку”.

Чарговы перапіс насельніцтва актуалізаваў праблему мовы

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Для мяне няма праблемы з вызначэньнем роднай мовы, бо родная мова — гэта мова твайго роду, тваіх продкаў. А мае продкі — Шэршні, Хурсікі, Касіловічы і латышка бабуля з Дранцанаў — усе размаўлялі па-беларуску. Вякамі жылі на гэтай зямлі. І я не хачу парваць духоўную сувязь зь імі, аказацца прыблудай для Беларусі”.

І напрыканцы — водгук на сёньняшні ранішні эфір Свабоды

Спадарыня: “Паслухала інтэрвію са спадаром Шаўчэнкам — новы цікавы чалавек і для Радыё, і для нас, слухачоў. Таму яму пытаньне пра пэрспэктывы спаборніцтваў “Формула”…

Адказвае грамадзкі рэдактар тыдня — галоўны рэдактар тыднёвіка “Аўтадайджэст” Анатоль Шаўчэнка

Анатоль Шаўчэнка
Анатоль Шаўчэнка:
“На жаль, момант прыводу легендарнай “Формулы-1” у Беларусь быў упушчаны. Хоць у мяне мелася згода на тое яе замежных арганізатараў і ўладальнікаў. Але… Рухаць ідэю няма каму! Хоць для Беларусі тое было вельмі важна. І ня толькі з палітычных мэтаў, аднак і з матэрыяльнага боку. Так — затраты на падрыхтоўку і правядзеньне велічэзныя, аднак і такая самая аддача — вялізныя дывідэнды! Тут жа і разьвіцьцё турызму, і стварэньне новых працоўных месцаў… Не кажу ўжо пра міжнароднае прызнаньне. Аднак мой праект так і затануў у гэтым балоце… А сёньня яго тым больш ніхто не ініцыюе: усе ведаюць — крызіс!”

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG